У Варшаве ў пятніцу стартуе фестываль беларускіх фільмаў «Bulbamovie»


У Варшаве з 24 па 26 лістапада пройдзе Дзявяты фестываль беларускіх фільмаў «Bulbamovie». Галоўным спонсарам фестывалю з’яўляецца тэлеканал «Белсат».

Афіша фестывалю «Bulbamovie».
Фота: bulbamovie.wordpress.com

Фестываль пройдзе ў «Kino Iluzjon», што па адрасе ul. Narbutta 50a. Сёлета ў праграме фестывалю амаль паўсотні фільмаў: як каротка, – гэтак і поўнаметражных.

У прыватнасці, сёлета на фестывалі пакажуць першы серыял «Белсату» «Працэсы» аўтарства Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя. Такі буйны праект – вялікі крок для беларускага ігравога кіно. Набыць квіткі на «Працэсы» ды іншыя фільмы «Bulbamovie» можна онлайн – хоць цяпер.

Таксама 25 лістапада на Youtube-каналах «Белсат Life» і «Вот так» адбудзецца прэм’ера першай серыі «Працэсаў» – «Ператрымка».

Агулам фестываль пачнецца ўвечары 24 лістапада з «Развітання», яшчэ адной стужкі «Белсату». Менавіта гэтак называецца фільм Якуба Станкевіча, «магчыма, апошні фільм, зроблены ў Беларусі», які «закранае ледзь не кожнага». Таксама ў планах канцэрт гурта Volski.

У суботу 25 лістапада адбудзецца паказ першай часткі Маладога беларускага кіно і будзе прадстаўленая Незалежная Беларуская кінаакадэмія. Удзень адбудзецца польская прэм’ера дакументальнага фільму Паўла Січака «Такая надзея» пра Андрэя Саннікава, а ўвечары доўгачаканая прэмʼера «Працэсаў».

Нядзеля 26 лістапада пачнецца з другой часткі Маладога беларускага кіно, а затым з дапамогай дакументальнага апавядання працягнецца гісторыяй рэпрэсаванай беларускай сямʼі і наведваннем польска-нямецкай мяжы, дзе жывуць палешукі, якія імкнуцца захаваць свае звычаі і традыцыі.

Апошнім фільмам фестывалю – і своеасабліваю спражкаю з першым, з «Развітаннем» – будзе стужка Аляксандра Матафонава «Так многа і так мала», якую ён пачаў здымаць у 2020 годзе, а потым працягнуў у Польшчы.

Поўная праграма размешчаная на сайце фестывалю, таксама за навінамі можна сачыць у Facebook і Instagram.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў