Новы вырак у «карагоднай справе», ціск на Статкевіча і новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Рэпрэсіі 21 лістапада


У Берасці нарадзінцы Украіны прызначылі 3 гады «хатняй хіміі» паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў пратэстах. Алена Дзмітрыева – фігурантка гэтак званай карагоднай справы.

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Гомельская жаночая папраўчая калонія №4. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Суддзя суда Берасцейскага раёну Вольга Сухадольская прызначыла 3 гады «хатняй хіміі» Алене Дзмітрыевай паводле абвінавачвання ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Следства сцвярджае, што жанчына брала ўдзел у пратэстах у Берасці. Дзмітрыева – грамадзянка Беларусі і нарадзінка Украіны. Яе затрымалі летам, калі яна вярталася з Польшчы.

Агулам паводле «карагоднай справы» у Берасці асудзілі больш за 130 асобаў.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

У Менску чатыры гады «хіміі» і 100 базавых велічынь штрафу прызначылі прамоўтару Уладзіславу Мураўскаму. Яго абвінавацілі ў публічных абразах прадстаўнікоў улады, а таксама ў распаўсюдзе іхных асабістых звестак. Допісы ён нібыта пакідаў у розных чатах і каналах у Telegram. Вырак агучыла суддзя суда Ленінскага раёну Менску Юлія Шчоткіна.

У Глыбокім за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі кіраўніка гаспадарчага аддзелу Глыбоцкага філіялу РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры». Суддзя Аляксандр Аляксеенка прызначыў Сяргею Троцкаму 10 содняў арышту. Мужчына нібыта апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы «Одноклассники» «экстрэмісцкі матэрыял» і спасылку на «экстрэмісцкі» YouTube-канал. З дзяржаўнага прадпрыемства Троцкага звольнілі.

Пра некалькі затрыманняў паведамілі набліжаныя да ГУБАЗіКу каналы. Сілавікі схапілі 24-гадовага маладзёна, які нібыта ўдзельнічаў у пратэстах пасля выбараў 2020 года. Таксама была затрыманая дзяўчына, якая вярнулася ў Магілёў з Польшчы. Яе абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Палітык Мікалай Статкевіч.
Фота: Белсат

Палітвязень Мікола Статкевіч жыве ў калоніі паміж ПКТ і ШІЗА – пра гэта ягоныя сваякі даведаліся праз «другія рукі». Паводле непацверджаных звестак, палітык застаецца ў глыбоцкай калоніі №13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.

«Яго пазбавілі права на званкі, пазбавілі адзінай на год перадачы і спаткання. Сядзіць у адзіночнай камеры ПКТ, якую рэгулярна чаргуюць з ШІЗА», – паведаміла крыніца.

КДБ пашырыў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў». У спіс улучылі чат «Окрестина задержанные» і канал «Кааліцыя пратэсных двароў». Асобна пазначаныя асобы, якія нібыта маюць дачыненне да гэтых рэсурсаў: да чату «Окрестина задержанные» – Яўгенія Рубцова, Алена Памаха, Рыта Мельнікава, Юрый Шаўлюкевіч, Ірына Нікалаева і Таццяна Севярына; да «Кааліцыі пратэстных двароў» – Дзяніс Баранаў і Віталь Іваноў.

Пасля надання «экстрэмісцкага» статусу адміністратары выдалілі чат «Окрестина задержанные», спаслаўшыся на захады бяспекі ўсіх удзельнікаў. Гэтую валанцёрскую суполку ў свой час стварылі дзеля дапамогі сваякам затрыманых на Акрэсціна.

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

Старонку спявачкі Маргарыты Ляўчук у Instagram другі раз прызналі «экстрэмісцкай». 10 кастрычніка гэта зрабіў суд Маладзечанскага раёну, а 16 лістапада гэта рашэнне прадубляваў суд Мазырскага раёну, асобна пазначыўшы, што «месцазнаходжанне акаўнту – Рэспубліка Літва».

Таксама ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» улучылі:

  • Telegram-канал «Мужыцкая Праўда»;
  • Instagram-акаўнт «politzek.mе»;
  • Старонкі ў «Одноклассниках» і Facebook «Это Минск, детка», а таксама аднайменны Telegram-бот;
  • Электронную скрыню thisminsk@protonmail.cоm.
Hавiны
Дзеці за кратамі і пераслед сямей ваяроў. Рэпрэсіі 20 лістапада
2023.11.20 23:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў