Цела мігранта знайшлі на польска-беларускай мяжы


Ратавальнікі дасталі з ракі Буг цела 19-гадовага мігранта з Сірыі, паведамляе Польскае прэсавае агенцтва са спасылкаю на польскую паліцыю.

«Асобу пацвердзіў іншы малады мужчына, з якім яны дзень раней спрабавалі нелегальна пераправіцца праз Буг. Разам з целам знойдзеныя дакументы», – сказаў прэс-сакратар галоўнага каменданта паліцыі ў Любліне Анджэй Фіёлэк. Паводле яго, абставіны смерці маладзёна расследуюцца.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Maciej Moskwa / Getty Images

Гэта не першы выпадак. Гэтак, Памежны камітэт Беларусі сцвярджаў, што 16 кастрычніка на мяжы з Польшчаю памежны атрад знайшоў групу ўцекачоў. Адзін з мігрантаў быў практычна без вопраткі, змерзлы, змоклы і без прытомнасці.

А 14 кастрычніка польскія памежнікі паведамілі, што ў памежнай зоне на тэрыторыі надзвычайнага становішча знайшлі цела 24-гадовага сірыйца. Пазней устанавілі, што з сярэдзіны верасня мужчына быў у Беларусі, пра што сведчаць знойдзеныя пры ім дакументы. Пракуратура расследуе прычыны смерці сірыйца.

Паводле звестак польскай памежнай службы, учора зафіксавалі 600 спробаў незаконна перайсці мяжу. Арыштаваныя 19 нелегалаў: 16 з Іраку, 2 з Індыі і 2 з Сірыі.

У гэтым месяцы такіх спробаў было 11,3 тысячы, сёлета – 22,9 тысячы.

Hавiны
«Можна бесперашкодна ўваходзіць у рэжымную зону». Вядомыя турфірмы, якім дазволілі працаваць з мігрантамі
2021.10.20 20:15

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў