Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?


З лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Belsat.eu параўноўвае маштабы тэрору 2020–2021 гадоў з рэпрэсіўнымі кампаніямі некаторых дыктатарскіх рэжымаў Еўропы ў XX стагоддзі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Даведка

Дзяржаўны тэрор у Беларусі 2020–2021:

  • больш за 35 тысячаў чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку, тысячы прайшлі праз катаванні;
  • завялі больш за 5 тысячаў крымінальных справаў;
  • загінулі ад 4 да 20 чалавек.

Польшча часу ваеннага становішча

Ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу 13 снежня 1981 года кіраўнік камуністычнай Польскай Народнай Рэспублікі генерал Войцех Ярузэльскі абвесціў ваеннае становішча. На вуліцах польскіх гарадоў з’явіліся танкі і бронетэхніка. Пачаліся масавыя арышты людзей, звязаных з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць». Агулам за час дзеяння ваеннага становішча ў 1981–1983 гадах былі інтэрнаваныя (то бок часова пазбаўленыя волі без рашэння суда) каля 10 тысячаў чалавек. З палітычных матываў судзілі звыш за 13 тысяч грамадзянаў.

Інтэрв’ю
Радослаў Сікорскі: У Беларусі рэпрэсіі больш жорсткія, чымся ў Польшчы ў часе ваеннага становішча
2021.05.16 22:15

Маштабы рэпрэсіяў у Беларусі 2020–2021 гадоў ужо пераўзышлі маштабы рэпрэсіяў у ПНР часу ваеннага становішча. З жніўня мінулага года за 14 месяцаў праз затрыманні ў адміністратыўным парадку прайшлі больш яе 35 тысячаў чалавек – нават у абсалютных лічбах гэта нашмат больш, чым было ў Польшчы 1981–1983 гадоў. Калі ж казаць пра крымінальныя справы, то адносна колькасці насельніцтва (у Польшчы ў 1981 годзе жылі каля 36 млн чалавек) інтэнсіўнасць крымінальнага пераследу іншадумцаў у Беларусі амаль удвая перавышае інтэнсіўнасць крымінальнага пераследу падчас ваеннага становішча ў ПНР.

Intermarium
Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?
2020.09.27 22:45

Адрознівалася і жорсткасць пакаранняў для лідараў апазіцыі. Напрыклад, лідар «Салідарнасці» і будучы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса правеў у зняволенні 11 месяцаў, прычым не ў звычайнай турме, а ва ўмовах, блізкіх да хатняга арышту. Цяперашнія лідары беларускай апазіцыі сядзяць за кратамі больш за год. Павел Севярынец пакараны 7 гадамі зняволення, Максім Знак – 10, Марыя Калеснікава – 11, Віктар Бабарыка – 14 гадамі. Вялікія тэрміны зняволення пагражаюць Мікалаю Статкевічу і Сяргею Ціханоўскаму.

Меркаванні
Ваеннае становішча ў Польшчы: як гэта было. Ці пойдзе Лукашэнка дарогаю Ярузэльскага?
2020.12.13 14:41

Але варта адзначыць, што ў Польшчы 1981–1983 гадоў было больш чалавечых ахвяраў. Паводле розных ацэнак, тады загінулі ад 40 да больш як 100 чалавек. У Беларусі 2020–2021 ахвярамі палітыкі дзяржаўнага тэрору сталі ад 5 да 20 асобаў.

Чэхаславаччына пасля Пражскай вясны

У 1968 годзе ў Чэхаславаччыне адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Пражская вясна – гэта быў перыяд дэмакратычных рэформаў, пашырэння правоў і свабодаў грамадзянаў. Пражская вясна была здушаная Савецкім Саюзам, які ўвёў войскі ў Чэхаславаччыну і гвалтоўна змяніў урад краіны на больш зручны для сябе.

Пасля разгрому Пражскай вясны кіраўніцтва ЧССР на чале з Густавам Гусакам узяло курс на палітычныя рэпрэсіі і ўзмацненне кантролю за ўсімі сферамі жыцця. Гэты курс атрымаў назву «нармалізацыя». Тысячы людзей былі арыштаваныя або страцілі працу.

Амерыканскі гісторык Кевін МакДэрмат прыводзіць наступную лічбу: з 1969 да 1974 года з палітычных матываў былі асуджаныя 3078 чалавек. То бок у сярэднім выносілася каля 615 палітычных прысудаў штогод. У Беларусі з кастрычніка 2020 года былі асуджаныя ў палітычных справах больш за 1000 чалавек.

Антысавецкія тэксты на сценах будынкаў у Празе ў 1968 годзе.
Фота: Mondadori Collection / Universal Images Group / Forum

Такім чынам, калі браць толькі выракі ў крымінальных справах, то пакуль што ў абсалютных лічбах маштабы рэпрэсіяў у Беларусі перавышаюць маштабы рэпрэсіяў у Чэхаславаччыне першых пяці гадоў «нармалізацыі» на 40 %. Але калі ўлічыць колькасць насельніцтва (у Чэхаславаччыне ў 1970-м жылі 14,3 млн чалавек), то розніца ўражвае яшчэ больш. У Чэхаславаччыне сярэднегадавы ўзровень рэпрэсіяў складаў 4,3 палітычна матываванага выраку на 100 тыс. насельніцтва, а ў Беларусі – 10,6 (амаль у 2,5 разу больш). І гэтыя паказнікі будуць толькі пагаршацца, бо агулам з жніўня 2020 года ў Беларусі было распачата больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з палітыкай. Калі ўсе яны дойдуць да суда, то паказнікі чэхаславацкіх рэпрэсіяў будуць перавышаныя шматкроць.

Рэжым «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі

У красавіку 1967 года ў выніку перавароту да ўлады ў Грэцыі прыйшлі вайскоўцы на чале з Георгіёсам Пападопулёсам. Грэцкая вайсковая дыктатура ўвайшла ў гісторыю пад назвай рэжым «чорных палкоўнікаў», бо галоўную ролю ў перавароце адыгралі вайскоўцы ў званні палкоўнікаў, якія насілі чорную форму.

У дзень перавароту «чорныя палкоўнікі» вывелі на вуліцы бранятэхніку, па ўсёй краіне пачаліся масавыя арышты прадстаўнікоў апазіцыі, грамадскіх дзеячаў і проста іншадумцаў. Агулам за некалькі дзён было арыштавана больш за 10 тысячаў чалавек. Арыштаваных спачатку трымалі на гарадскім іпадроме ў Афінах, некаторых з іх там жа і забілі. Потым зняволеных накіроўвалі ў лагеры, тысячы палітвязняў прайшлі праз катаванні.

Дэманстрацыя супраць рэжыму «чорных палкоўнікаў». Грэцыя, 19 лістапада 1973 года.
Фота: AGIP / Rue des Archives / Forum

Насельніцтва Грэцыі ў 1967 годзе складала 8,68 млн чалавек – на 700 тысяч менш, чым сёння ў Беларусі. Таму ў плане інтэнсіўнасці тэрору «чорныя палкоўнікі» ў першы месяц пасля перавароту пераўзышлі рэжым Лукашэнкі. Але потым тэмпы рэпрэсіяў у Грэцыі значна знізіліся. У Беларусі ж запаволілася толькі інтэнсіўнасць адміністратыўнага пераследу (за кошт здушэння масавых пратэстаў), а вось маштабы крымінальнага пераследу, наадварот, выраслі: напрыклад, калі летась распачалі 1,7 тысяч палітычна матываваных справаў, то сёлета іх ужо каля 3,3 тысячаў.

Вугоршчына перад і пасля паўстання 1956 года

У 1956 годзе ў Вугоршчыне распачаліся масавыя пратэсты, якія перараслі ва ўзброенае антыкамуністычнае паўстанне. Яно было задушанае савецкім войскам. Каля 3 тысяч вугорцаў былі забітыя, 13 тысячаў параненыя. А па завяршэнні вулічнага супрацьстаяння камуністычны рэжым на чале з Янашам Кадарам пачаў масавыя палітычныя рэпрэсіі. Цягам некалькіх гадоў каля 26 тысячаў грамадзянаў былі рэпрэсаваныя, з іх 13 тысячаў асудзілі на розныя турэмныя тэрміны і каля 350 пакаралі смерцю. Пры гэтым насельніцтва Вугоршчыны складала ўсяго 9,88 млн чалавек – не нашмат больш, чым у сённяшняй Беларусі.

Але рэпрэсіі пасля паўстання 1956 года ўсё роўна не ідуць ні ў якое параўнанне з дзяржаўным тэрорам, які вугорцы перажылі ў першай палове 1950-х. Падчас кіравання камуністычнага лідара Мацяша Ракашы (яго называлі «найлепшы вучань Сталіна») у спісы нядобранадзейных залучылі мільён чалавек, 650 тысяч трапілі пад следства, амаль 400 тысячаў былі прысуджаныя да зняволення ў турмах і лагерах (кожны 23-ці жыхар краіны трапіў за краты). Тэрор часу Ракашы быў самы масавы ва ўсёй пасляваеннай Еўропе. Маштабы вугорскіх рэпрэсіяў нават у абсалютных лічбах у 16 разоў перавышаюць маштабы рэпрэсіяў у Беларусі 2020–2021 гадоў.

Даваенная гітлераўская Нямеччына

Пасля прыходу Адольфа Гітлера да ўлады 30 студзеня 1933 года цягам 11 месяцаў у Нямеччыне было затрымана з палітычных матываў 200 тысяч чалавек (Нікаляўс Вахсман, «Гісторыя нацысцкіх канцлагераў»). То бок у сярэднім – 18 181 затрыманне штомесяц.

Група выпадкова арыштаваных людзей прыбывае ў нядаўна пабудаваны канцэнтрацыйны лагер Дахаў увесну 1933 года.
Фота: SZ Photo / SZ-Photo / Forum

Людзей затрымлівалі ў прэвентыўным парадку, то бок без завядзення крымінальных справаў і судовых рашэнняў, але заставаліся яны ў зняволенні не гады, а толькі месяцы. Досвед вязняў мог быць пры гэтым вельмі розны. У месцах зняволення, дзе працавалі старыя нямецкія наглядчыкі, умовы былі прымальныя, фізічнага гвалту амаль не ўжывалі. У лагерах, якімі кіравалі нацысцкія штурмавікі СС і СА, з арыштаваных здзекаваліся, іх катавалі. Некаторыя палітвязні ў выніку загінулі, але пра масавае знішчэнне людзей у Нямеччыне 1933 года гаворкі не было – «лагеры смерці» з’явяцца толькі падчас вайны.

У Беларусі са жніўня да снежня 2020 года праз затрыманні прайшлі 33 тысячы чалавек. То бок у сярэднім 6,6 тысяч штомесяц. Насельніцтва Беларусі – 9,4 млн, насельніцтва Нямеччыны ў 1933-м – 66 млн. Такім чынам, у гітлераўскай Нямеччыне сярэднямесячны ўзровень рэпрэсіяў складаў 27,5 затрыманняў на 100 тысяч насельніцтва, а ў лукашэнкаўскай Беларусі – 70 затрыманняў на 100 тысячаў. То бок, тэмпы тэрору ў Беларусі 2020 года ў 2,5 разу перавышалі тэмпы тэрору ў Нямеччыне 1933 года.

Важна адзначыць, што 1933 год – гэта пік рэпрэсіяў у даваеннай Нямеччыне, у наступныя некалькі гадоў маштабы тэрору значна знізіліся. Напрыклад, улетку 1934 года ў канцлагерах заставаліся каля 2400 арыштаваных. Генацыд і мільёны вязняў – гэта ўжо рэальнасць Другой сусветнай вайны, калі гітлераўскі рэжым разгарнуў тэрор на акупаваных тэрыторыях.

Сталінскія рэпрэсіі

Пікам сталінскіх рэпрэсіяў лічыцца «вялікі тэрор» 1937–1938 гадоў. Паводле афіцыйных звестак, агулам у СССР за 15 месяцаў (жнівень 1937 – лістапад 1938) былі арыштаваныя 1,55 млн чалавек. З іх 1,34 млн асуджаныя, у тым ліку 681 692 чалавекі – расстраляныя. Калі браць выключна крымінальны пераслед, то яго інтэнсіўнасць у пераліку на колькасць насельніцтва ў 1937–1938 гадоў перавышае цяперашнія паказнікі ў Беларусі ў 16,5 разу. Але, натуральна, нават гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальнай карціны, бо падчас «вялікага тэрору» больш за палову асуджаных расстрэльвалі, а ў лагеры масава адпраўлялі на 10-гадовыя тэрміны.

Мікалай Яжоў з Іосіфам Сталіным і Вячаславам Молатавым на набярэжнай каналу Масква – Волга.
Фота: State Museum of the Political History of Russia / Fine Art. Images / Forum

Нават калі браць менш крывавыя акцыі сталінскага рэжыму, то маштабамі яны пераўзыходзяць рэпрэсіі цяперашняга часу. Напрыклад, выключна ў межах барацьбы з кулацтвам толькі ў БССР з лютага да траўня 1930 года арыштавалі 5437 чалавек, з іх «тройка» ОГПУ пад кіраўніцтвам Ф. Рапапорта пакарала смерцю 912 чалавек, адправіла ў лагеры 1723 чалавекі (з іх 256 прысудзілі да 10 гадоў), выслалі – 2237 (Т. Процька, «Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі»).

5437 арыштаваных за 4 месяцы – гэта нават у абсалютных лічбах больш, чым трапіла пад крымінальны пераслед за 14 месяцаў 2020–2021 гадоў. Калі ўлічыць, што насельніцтва БССР тады складала ўсяго 5 млн чалавек, то атрымаецца, што сярэднемесячны ўзровень тэрору ў пачатку 1930 года ў 7 разоў перавышаў інтэнсіўнасць тэрору цяпер. Пры тым, што зноў значную долю выракаў (14,6 %) складалі расстрэлы.

У 1936 годзе (тады рэпрэсіі ўжо істотна ўзмацніліся, але яшчэ былі далёкія ад маштабаў «вялікага тэрору») у БССР «тройка» ОГПУ і Вярхоўны Суд агулам асудзілі 8423 чалавекі – зноў жа, больш, чым трапілі пад крымінальны пераслед у Беларусі і ў абсалютных лічбах, і ў разліку на колькасць насельніцтва.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў