Славутыя шведскія металісты «Pain» знялі ў Менску кліп пра самаізаляцыю


Кліп на песню «Party in My Head» («Вечарына ў маёй галаве») шведскага індастрыял-метал гурту «Pain» выйшаў два месяцы таму. Аказалася, яго здымалі ў павільёне ў Ждановічах.

Пра гэта «Белсату» расказаў чалавек, знаёмы са здымкамі гэтага відэа – вядомы мастак-пастаноўшчык. Сюжэт кліпу не звязаны з Беларуссю, вакаліст расказвае пра адзіноту падчас пандэміі і ўяўляе сабе вечарыну. Але ў кліпе перыядычна з’яўляецца бел-чырвона-белая пачка малака.

Гурт на самой справе і не ўтойваў здымак у Беларусі, слова «Менск» каротка прагучала на пачатку відэа пра здымкі кліпа. Аднак падчас падрыхтоўкі і саміх здымак удзельнікі нічога не расказвалі праз пагадненне аб неразгалошванні.

Паводле крыніцы «Белсату», самі здымкі доўжыліся два дні, але адны толькі дэкарацыі выстаўлялі яшчэ два дні, а агулам да здымак рыхтаваліся два-тры тыдні.

Здымкі праходзілі без удзелу «Беларусьфільму» ці іншых буйных студыяў – фрылансеры працавалі ў павільёне адной з IT-кампаніяў у Ждановічах, што пад Менскам.

Здымкі кліпа «Party in My Head» гурту «Pain» у Менску. Ліпень 2021 года.
Фота: чытач Белсата
Вакаліст «Pain» Петэр Тэктгрэн. Здымкі кліпа «Party in My Head» гурту «Pain» у Менску. Ліпень 2021 года.
Фота: чытач Белсата

Чаму вырашылі здымаць менавіта ў Беларусі, невядома. Крыніца «Белсату» лічыць, што гэта можа быць звязана з тым, што ў кліпе ўдзельнічаў былы вакаліст «Deep Purple» Джо Лін Тэрнэр, а яго жонка – беларуска.

Агулам жа ў Беларусі нячаста здымаюць музычныя кліпы заходніх гуртоў. Калі здымаюць, то таму, што шукаюць, дзе танней, або шукаюць незвычайныя ідэі. Так, шведскія паўэр-металісты «Sabaton» у 2017 годзе здымалі ў Беларусі кліп на танкавую тэматыку ў партнёрстве з распрацоўнікам відэагульні «World of Tanks» – беларускай кампаніяй «Wargaming».

«Pain» – папулярны шведскі метал-гурт, заснаваны ў 1996 годзе, сусветную славу якому прынесла песня 2001 года «Shut Your Mouth». Выдаў восем студыйных альбомаў, два дзясяткі кліпаў. Гурт выступаў у Менску ў 2008 і 2017 гадах, збіраецца зноў даць канцэрт 21 лютага 2022 года ў менскім «Re:Public».

АА belsat.eu

Стужка навінаў