У Польшчы затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расеі


За 14 месяцаў у Польшчы былі арыштаваныя 22 грамадзяніны Беларусі і Расеі, якіх падазраюць у шпіянажы, паведаміў прадстаўнік міністра – каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын у інтэрв’ю часопісу «Polska – Metropolia Warszawska».

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: abw.gov.pl

У колькасці затрыманых Польшча бачыць актывізацыю беларускіх і расейскіх спецслужбаў. Жарын перакананы: Расея імкнецца нарасціць маштаб укаранення ў Польшчы. Менавіта пра гэта сведчыць інтэнсіфікацыя шпіянажу. Таксама праз небяспеку шпіянажу з Польшчы ў сакавіку 2022 года былі выправаджаныя 45 расейскіх дыпламатаў.

«Гэта былі людзі, якія праводзілі рознага роду выведныя захады ў нашай краіне. Калі іх не стала, Крамлю давялося шукаць новыя спосабы працы. Тыя людзі, якіх мы затрымалі за апошнія месяцы, былі толькі праяваю гэтага», – заявіў Станіслаў Жарын і дадаў, што ў 2023 годзе ў Польшчы выкрылі паўнавартасную расейскую шпіёнскую сетку.

Hавiны
Польшча заявіла аб павышэнні разведвальнай дзейнасці Беларусі і Расеі
2023.07.02 23:55

У справе аб шпіянажы затрымалі 15 грамадзянаў Беларусі, Расеі і Украіны. Паводле польскага боку, яны назіралі за вайсковымі аб’ектамі, інфраструктурай і нават рыхтавалі дыверсіі на чыгунцы, скіраваныя супраць паставак ва Украіны вайсковых і гуманітарных грузаў.

Жарын думае, што Расея будзе спрабаваць уплываць на будучыя парламенцкія выбары ў Польшчы, а таксама з дапамогаю прапаганды можа паспрабаваць ізноў стымуляваць міграцыйныя плыні на мяжы з Беларуссю.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў