Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 21 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 391-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковая тэхніка ў Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

За апошнія содні вайны Збройныя сілы Украіны адбілі больш за 120 атак праціўніка на ўсходзе краіны. Акрамя гэтага, расейцы нанеслі 21 авіяцыйны і 9 ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, а таксама здзейснілі 57 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.

На тэрыторыі паўночна-ўсходняй часткі Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца лакальныя баі.

Deepstate фіксуе іх на ўчастку фронту ад Плашчанкі да поўдня Дзібровы. Пры гэтым крыніца адзначае аднаўленне расейскіх атак на Навасёлаўскае.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра атакі Узброеных сілаў РФ на Белагораўку, Ямпалаўку, Церны, Неўскае і Макееўку.

Паводле Генштабу ЗСУ, на бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці войскі РФ няўдала наступалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Прэдтэчына і Паўночнае, а таксама ў самім Бахмуце.

Deepstate паведамляе пра атакі ў бок Хромава, Грыгораўкі, Арэхава-Васільеўкі і Мінькоўкі. Акрамя гэтага адзначаецца, што расейцы прасоўваюцца ад Марыўпальскіх магілак у бок цэнтру Бахмуту. Таксама яны замацоўваюцца па вуліцы Корсунскага на паўднёвым захадзе гораду. Агулам сітуацыя на поўдні райцэнтру з’яўляецца крытычнай для ЗСУ.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што на поўначы Бахмуту войскі РФ таксама прасунуліся ў бок цэнтру – цяпер яны замацоўваюцца на праспекце Аляксандры Калпаковай.

Разам з тым крыніца сцвярджае, што ўкраінскі бок рыхтуе маштабны контрнаступ на бахмуцкім кірунку да 24 сакавіка – з гарадоў Кіеў, Сумы, Харкаў і Чарнігаў у ваколіцы Часавага Яру і Канстанцінаўкі перакінутыя значныя рэзервы.

На аўдзееўскім кірунку – на поўначы ад Данецку – Узброеныя сілы РФ працягваюць атакаваць у ваколіцах аднайменнага райцэнтру.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» сцвярджае, што расейцы занялі Камянку і цяпер праводзяць зачыстку населенага пункту. У гэты ж час на поўначы ад Аўдзееўкі яны занялі сяло Стэпавае. Такім чынам войскі РФ, на думку крыніцы, паступова адыходзяць Аўдзееўку з поўначы і поўдня, намагаючыся ў выніку атачыць на захадзе.

У гэты ж час Deepstate піша, што інфармацыя пра захоп расейцамі Стэпавага не адпавядае рэчаіснасці. Таксама аналітыкі адзначаюць, што атакі праціўніка каля Вадзянога і Вопытнага не мелі выніку.

Таксама ў Данецкай вобласці працягваюцца гарадскія баі ў Мар’інцы – на захадзе ад абласнога цэнтру. Але і тут войскі РФ не маюць поспеху.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца адносна стабільнай.

Між тым неспакойна 21 сакавіка было ў анексаваным Крыме. Уночы на аўторак украінскі бок пры дапамозе беспілотнікаў атакаваў горад Джанкой.

«Рыбарь» піша, што ЗСУ запусцілі не менш за шэсць БЛА тыпу «Мугин-5», некалькі з якіх змаглі даляцець да мясцовага чыгуначнага вакзала. Аднак пра істотныя вынікі атакі не паведамляецца.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў вайны было знішчана каля 960 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 166 570 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў