Афіцэра КДБ судзяць у закрытым рэжыме за зліў размоў Наталлі Эйсмант


У закрытым рэжыме мае пачацца суд над афіцэрам КДБ. Аляксея Храловіча, падпалкоўніка КДБ, абвінавачваюць у перадачы запісаў размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі тэлеграм-каналу «Нехта». Мужчыне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Суд над Аляксеем Храловічам пачынаецца ў панядзелак, 21 сакавіка, у Менскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць у закрытым рэжыме суддзя Дзіяна Кучук.

У сакавіку 2021 года на тэлебачанні паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты», у якім распавялі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Яму выставілі абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца»), піша радыё «Свабода».

Магчыма, падпалкоўнік здабыў перамовы Дзмітрыя Баскава, Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Шакуты з выкарыстаннем службовых магчымасьцяў. Затым Храловічу нібыта прапанавалі паўдзельнічаць у аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі з Беларусі асобаў, звязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небяспека, і затрымалі.

Баскаў, Эйсмант і Шакута ў сваіх перамовах абмяркоўвалі падзеі забойства Рамана Бандарэнкі ў Менску. Прапагандысты ў фільме назвалі тыя размовы «інсцэніроўкай».

Храловічу пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

 

ХЗ belsat.eu

Стужка навінаў