Мастак Аляксей Кузьміч зноў вярнуўся ў Беларусь


Мастак Аляксей Кузьміч напісаў у сваім Facebook, што зноў вярнуўся ў Беларусь. На Аляксея «палявалі» сілавікі, але яму ўсё ж удалося ўцячы з краіны.

Мастак Аляксей Кузьміч.
Фота: Алексей Кузьмич / Facebook

«Я зноў вярнуўся ў Беларусь», – напісаў у сваім акаўнце мастак.

Нагодаю для наведвання радзімы гэтым разам стала не мастацтва, а «сумныя падзеі»: у Аляксея памерла бабуля, якая «была мне другой мамай».

«Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт“. Абвесцілі ў вышук», – піша мастак.

За пару дзён да таго, як супрацоўнікі Следчага камітэту прыйшлі да Аляксея дадому, яму ўдалося выехаць на вёску.

«Перад выбарамі сітуацыя накалілася, – адзначае Аляксей. – Пайшоў па хатах участковы. Я зразумеў, што пара».

З першай спробы мастаку не ўдалося пакінуць краіну, аказалася, што з Расеі яму таксама забаронены выезд. Ды Аляксею ўдалося знайсці спосаб, таму ён «цалкам легальна зваліў. Ужо ў трэці раз».

Абноўлена. Як стала вядома, эвакуацыяй Аляксея займаўся «BYSOL», аб чым напісаў у сваім акаўнце ягоны кіраўнік Андрэй Стрыжак.

«Гэтая эвакуацыя экстраардынарная тым, што чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небяспецы, вяртаючыся ў Беларусь, што пацягнула за сабой значныя наступствы (крымінальны пераслед) і стварыла дадатковую нагрузку на службу эвакуацыі «BYSOL». Заклікаем усіх беларусаў ставіцца адказна да рашэнняў ехаць ці не ехаць у Беларусь. Мы робім усё магчымае, але не заўсёды зможам прыйсці на дапамогу», – адзначыў кіраўнік арганізацыі ў сваім допісе.
Перформанс Аляксея Кузьміча на выбарчым участку падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: TUT.BY

Нагадаем, што Аляксей Кузьміч ладзіць яркія пратэсныя перформансы. Падчас пратэстаў 9 жніўня ён зладзіў перформанс перад сілавікамі Лукашэнкі, але пазней быў затрыманы і збіты, пасля чаго быў вымушаны пакінуць краіну. У кастрычніку 2023 года ён вярнуўся ў Беларусь, каб скончыць свой арт-праект, а таксама замяніць дакументы, нягледзячы на тое, што на ім заставаліся непагашанымі 15 «содняў» адміністратыўнага арышту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў