Больш за 760 чалавек пацярпелі пры новых землятрусах на мяжы Турцыі і Сірыі


У Турцыі ў выніку новага землятрусу параненыя мінімум 294 чалавекі, 18 з іх застаюцца ў цяжкім стане, перадае турэцкае выданне «TRT Haber». У суседняй Сірыі пацярпелі не менш за 470 чалавек, паведамляюць актывісты SOHR.

Наступствы землятрусу. Крыніца: u_now / Telegram

У выніку панікі і цісканіны, выкліканай новымі землятрусамі, у Сірыі ў гарадах Алепа, Тартус і Хама загінулі чатыры чалавекі, шэсць асобаў загінулі ў Турцыі. Усяго ў дзвюх краінах пацярпелі не менш як 764 чалавекі.

Сірыйскія ўлады не раскрываюць колькасці загінулых і пацярпелых. Паводле звестак Сірыйскай пляцоўкі назірання за правамі чалавека (SOHR), пацярпелі не менш як 320 чалавек у рэгіёнах, якія кантралююцца ўрадам, і 150 – у паўночна-заходніх мясцовасцях Сірыі, кантраляваных паўстанцамі.

Працягваюцца пошукава-ратавальныя працы на месцы разбурэнняў.

Землятрусы адбыліся ўвечары 20 лютага ў турэцкай правінцыі Хатай на мяжы з Сірыяй. Іх магнітуда давягала 6,4. Усяго на пару тыдняў раней на мяжы Турцыі і Сірыі адбыліся разбуральныя землятрусы магнітудаю да 7,8, у выніку якіх загінулі больш за 46 000 чалавек, пацярпелі да 23 млн чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў