Дэпутат Ігар Марзалюк: Беларусы – еўрапейцы, а еўразійства – гэта трызненне


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у інтэрв’ю праекту «У тэме. Гісторыя», якая выходзіць на ютуб-канале дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА», выказаўся наконт так званага «еўразійства». Прапагандысты распляваліся: аргументацыя хутка звялася да «еўрагеяў» і галубцоў.

Ігар Марзалюк.
Фота: БелТА

«Мы еўрапейцы, ніякія не еўразійцы. Ні расейцы, ні ўкраінцы, ні беларусы не зʼяўляюцца еўразійцамі. Гэта ўсё трызненне. Еўразійства ўзнікла пасля катастрофы 1917 года і было рэфлексіяй рускіх інтэлектуалаў, якія расчараваліся ў Пятры і імперыі Раманавых, якая ўпала ў 1917 годзе. Усе гэтыя казкі пра саюзы з манголамі – гэта трызненне», – сказаў Ігар Марзалюк.

Ён назваў еўразійства казачнай спекулятыўнай тэорыяй і філасофскай спекуляцыяй.

«Усе казачныя спекулятыўныя тэорыі новых псеўдафілосафаў – гэта новая рэфлексія на глебе славянафільства, пераасэнсаваная пасля 1917 – 1918 гадоў. Камусьці гэта падабаецца, камусьці – не, але для мяне гэта зʼяўляецца не больш чым філасофскай спекуляцыяй. Я прафесійны гісторык і прывык думаць канкрэтнымі катэгорыямі», – падкрэсліў Марзалюк.

Адным з самых ашалелых неафітаў «еўразійства» у Беларусі зʼяўляецца псеўдафілосаф і прапагандыст Аляксей Дзермант. Таму ён выказванні Марзалюка ўспрыняў як асабістую абразу і тут жа адказаў у сваім тэлеграм-канале, піша reform.by.

«Ніякіх дзвюх Еўроп быць не можа. Адзіная Еўропа сёння – гэта Заходняя, ЕЗ і яго сатэліты. Калі ты «еўрапеец», гэта значыць, што рана ці позна прызнаеш над сабой уладу гэтай Еўропы. Гэта значыць, еўрагеяў. А нам, як завяшчаў вялікі рускі філосаф Мікалай Данілеўскі, трэба пазбаўляць ад еўрапейнічання і станавіцца суверэннай цывілізацыяй», – напісаў Дзермант.

Каб умацаваць сваю пазіцыю, ён прывёў цытаты Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі наконт еўразійства. Апошнім аргументам, які павінен пераканаць публіку, што Беларусь – гэта Еўразія, стаў пост аб галубцах. Аказваецца, калі беларусы ядуць галубцы, то, безумоўна, яны азіяты.

Нагадаем, на пачатку 1990-х Ігар Марзалюк быў сябрам апазіцыйнай «Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады» і нават на нейкі час стаў намеснікам кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі. Цяпер ён – старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук.

Не менш мудрагеліста склаўся лёс Аляксея Дзерманта. Да пачатку 2010-х гадоў ён быў актывістам балцкага неапаганскага руху, які лічыць беларусаў трэцім балцкім народам. Такія рухі ў Беларусі знаходзіліся пад кантролем ГУБАЗіКу. Затым раптоўна Аляксей Дзермант стаў прыхільнікам еўразійства і «рускага свету».

Разбор
Гісторыя ад лукавага. Што не так у гістарычным жангляванні Лукашэнкі
2023.04.16 17:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў