У «Вагнэра» праблемы. Як баевікі Прыгожына паразітуюць на войску і пагражаюць расейскай сістэме


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай справаздачы надаў асаблівую ўвагу «ПВК Вагнэра» – самаму вядомаму расейскаму незаконнаму ўзброенаму фармаванню, якое хоча паказаць сябе эфектыўнай структурай у вайне ва Украіне, але напраўду пастаўляе ў Расею труны і дэстабілізацыю.

Камандзір штурмавой групы баевікоў «Вагнэра» Айк Гаспаран (злева) і кіраўнік «ПВК Вагнэра» Яўгеній Прыгожын (справа). 15 студзеня 2022 года.
Фота: Оркестр Вагнера / Telegram

Фармаванне, неафіцыйна вядомае як «Група Вагнэра» або «Прыватная вайсковая кампанія Вагнэр», было ўтворанае незадоўга да пачатку вайны на Данбасе і з 2014 года ваявала на баку самаабвешчаных прарасейскіх «рэспублік».

У «Вагнэра» ўваходзяць у тым ліку беларусы, але наўрад ці шмат: пакуль вядома пра адзінкавыя выпадкі ўдзелу беларусаў у расейскіх «ПВК», тады як Міністэрства абароны Злучанага Каралеўства ацэньвае колькасць адных толькі «вагнэраўцаў» ва Украіне ў паўсотні тысяч (з якіх каля 10 тысяч – сапраўдныя кантрактнікі, а каля 40 тысяч – завербаваныя зняволеныя). Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў лічыць, што «Вагнэр» імкнецца набіраць вайскоўцаў у Сербіі і іншых краінах.

Гэтае фармаванне і іншыя падобныя (а ў Расеі стварылі не адну «ПВК») незаконнае нават паводле расейскіх законаў: арт. 359 КК РФ «Найміцтва» прадугледжвае пакаранне як за ўдзел найміта ва ўзброеных канфліктах, так і за вербаванне, навучанне або фінансаванне найміта. У Беларусі існуе падобнае фармаванне, «ГардСэрвіс», але пад яго беларускія законы паправілі. «Вагнэра» ж збіраюцца прызнаць міжнароднай злачыннай групоўкай Злучаныя Штаты.

Групу звязвалі з расейскім прадпрымальнікам Яўгеніем Прыгожыным, якога называлі алігархам і «кухарам Пуціна». Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне той адмаўляў сваю датычнасць да баевікоў, але цяпер яе прызнае і не ўтойвае, наўпрост ухваляе відавочныя злачынствы. Калі раней журналісты толькі падазравалі сувязь «Вагнэра» з Крамлём, то цяпер Міністэрства абароны Расеі прызнае, што «вагнэраўцы» вырашаюць ягоныя баявыя задачы, нягледзячы на публічныя «наезды» баевікоў на афіцыйнае войска.

Інтэрв’ю
«Не гатовы яшчэ страляць у сваіх». Прызнанні былога камандзіра роты выведкі ПВК Вагнэра
2023.01.13 09:54

Інстытут вывучэння вайны ў справаздачы 20 студзеня адзначыў некаторыя праблемы баевікоў «Вагнэра». Па-першае, «вагнэраўцы», як піша ISW, маюць праблемы з тым, каб «прадставіць сябе эфектыўнай паралельнай вайсковай структурай, а толькі ўсё больш даказваюць, што з’яўляюцца паразітычнай парамілітарнай адзінкай».

ISW згадвае рэпартаж расейскага тэлеканалу «Дождь» пра пустыя труны. Сваякам зняволеных, якіх «Вагнэр» забраў на вайну, паведамлялі пра смерць тых на вайне і прысылалі закрытыя труны, пагражалі, каб труны не адкрывалі. Потым аказвалася, што «загінулыя» трапілі ва ўкраінскі палон, а труны пустыя. Дэпутат Маскоўскай гарадской думы расказаў, што атрымліваў звароты сваякоў завербаваных аб тым, што са сваякамі няма сувязі, пытаў пра гэта Міністэрства абароны, але тое адмовілася ад адказнасці за дзеянні баевікоў. Гэта, лічыць ISW, сведчыць, што «ў Вагнэра адсутнічаюць асноўныя адміністрацыйныя органы для вядзення ўліку асобных вайскоўцаў і належнай сувязі з уладамі».

Баевікі «Вагнэра», адзначае ISW, абапіраюцца на Міністэрства абароны ў выкарыстанні ваенных сродкаў на фронце. Адзін з расейскіх «ваенных блогераў» расказаў, што баевікі карыстаюцца не толькі гарматамі ці мінамётамі, а нават самалётам Су-25.

Гэта значыць, пішуць аналітыкі, што «вагнэраўцы» працягваюць разлічваць на Міністэрства абароны для забеспячэння матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі і тэхнічнага абслугоўвання. А з Мінабароны баевікі канкуруюць, утвараецца раскол, які бачаць аж з Белага дому ў ЗША.

«Імкненне Прыгожына да юрыдычнага прызнання «Групы Вагнера» можа таксама выклікаць пэўную фракцыяналізацыю ўнутры расейскага ўраду — незалежна ад таго, наўмысна ён збіраецца гэта зрабіць ці не», – піша ISW.

Аналітыкі звяртаюць увагу на пост кіраўніка партыі «Справедливая Россия» Сяргея Міронава: той сфатаграфаваўся з кувалдай ад «вагнэраўцаў» і падзякаваў Прыгожыну за падарунак. Менавіта кувалдай баевікі паказальна забілі свайго байца, які быў вызвалены з украінскага палону, і цяпер кувалда становіцца фетышам баевікоў. На кувалдзе сярод іншага ёсць надпіс «Бахмут-Салядар». Салядар баевікі сапраўды захапілі, а за Бахмут пяць месяцаў трываюць самыя жорсткія баі.

Дзеянні Міронава могуць сведчыць аб тым, што ён з’яўляецца чальцом праваеннай фракцыі, якую раней згадваў Прыгожын у сваіх выказваннях, і, магчыма, выступае за легалізацыю «Вагнэра» ў Расеі, лічыць ISW. Пры тым Міронаву ў каментарах да паста нагадваюць, што фармаванне, якое ён адкрыта падтрымлівае, незаконнае.

Салядар, як адзначае брытанская выведка, сапраўды захапілі на бягучым тыдні з удзелам баевікоў «Вагнера». Але баі на гэтым напрамку прывялі да надзвычай высокай колькасці ахвяраў, хоць значэнне мястэчка ў ваенным сэнсе невысокае. Ва Украіне лічаць, што баевікі маглі страціць у баях за Бахмут і Салядар да 40 тысяч чалавек.

Нават калі гэта перабольшванне, то страты Расеі ў вайне імкліва растуць. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны заяўляе, што «ліквідаваў» ужо 120 тысяч чалавек з асабовага складу нападнікаў. І калі яшчэ 20 снежня брытанскае Міністэрства абароны пацвярджала, што 100 тысяч расейцаў загінулі, цяжка параненыя або дэзертавалі ў вайне ва Украіне, то цяпер – праз усяго толькі месяц – у брытанскіх медыях ходзіць лічба ў 180 тысяч ахвяраў з боку Расеі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў