Раман Халілаў пра справу «Рэвалюцыйнага дзеяння»: Гэта адплата з боку органаў унутраных спраў


Генеральная пракуратура перадала ў суд справу «Рэвалюцыйнага дзеяння». 10 чалавек абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу, палітвязням пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Анархіст Раман Халілаў у эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў пра прычыны ціску рэжыму на анархістаў, а таксама падзяліўся сваім бачаннем развіцця сітуацыі ў краіне.

Матэрыялы справы «Рэвалюцыйнага дзеяння» складаюцца з 160 тамоў, але, па словах Рамана Халілава, фактычных доказаў там няшмат, а сама справа з’яўляецца помстай анархістам за іх дзейнасць на працягу многіх гадоў.

«Уся гэтая справа «Рэвалюцыйнага дзеяння» – гэта адплата з боку органаў унутраных спраў у дачыненні да актывістаў анархічнага руху, якіх яны доўгі час не маглі пасадзіць. Таму што не хацелі, мабыць, канфрантацыі з Еўропай па частцы палітвязняў. А цяпер гэта, мабыць, не праблема для іх. Справа ў тым, што ёсць пэўная дзейнасць, якая вельмі доўга, скажам так, дастаўляла галаўны боль ГУБАЗу ў прыватнасці і органам унутраных спраў у цэлым. І цяпер гэта фактычна адплата».

Анархіст Раман Халілаў падкрэслівае, што справа «Рэвалюцыйнага дзеяння» выдатна характарызуе тую сітуацыю, якая цяпер склалася ў краіне. Паводле яго словаў, рэжым імкнецца насадзіць страх і аказаць псіхалагічны ціск на сваіх праціўнікаў. У такой сітуацыі беларусам неабходна падтрымліваць палітвязняў і рыхтавацца да актыўных дзеянняў.

Артыкулы
Справу «Рэвалюцыйнага дзеяння» супраць 10 палітвязняў перадалі ў суд
2022.01.20 10:53

«З цягам часу, я думаю, у людзей паўстане разуменне таго, што ад таго, што яны нічога не робяць, гэта ім бяспеку ніякую не забяспечвае.

Адпаведна рана ці позна будзе новая нейкая хваля, і людзі павінны быць гатовыя значна мацней і значна больш рашуча павінны быць ужо ў новай магчымасці, якая прадставіцца, чым гэта было ў 2020 годзе. Ужо вынесці ўрокі з таго, што слухаць нас ніхто не стане, пакуль за намі не будзе сілы».

Анархіст заўважае, што актыўныя дзеянні беларусаў у 2020 годзе, калі яны адбівалі затрыманых у міліцыі і заступаліся адзін за аднаго, моцна абмяжоўвалі манеўр уладаў для рэпрэсій, паколькі рэжым баяўся выклікаць рэакцыю ў адказ. У той жа час мірны пратэст не даў выніку, таму і неабходна рыхтавацца да сілавога сцэнару рэвалюцыі.

«На жаль, мы можам канстатаваць, што адносна 2020 года нашы патрабаванні не выкананыя наогул ніякія. Усё пытанне рызыкі. Не існуе гарантаваных спосабаў, якія прынясуць гарантаваную перамогу, але, як мінімум, адзін спосаб мы ўжо дакладна праверылі і можам сказаць, што ён нам, хутчэй за ўсё, не дапаможа больш».

Поўную размову з анархістам Раманам Халілавым можна паглядзець тут

Артыкулы
Выйшаў на пікет у Варшаве і атрымаў крымінальную справу ў Беларусі
2022.01.16 19:28

ВК/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў