2023 год у Менску стаў рэкордным у продажы кватэраў на другасным рынку


Увесь год у Менску рэкордна павялічвалася колькасць угодаў, раслі цэны на новабудоўлі і на другаснае жытло. Пра гэта ў інтэрв’ю Realt заявіў заснавальнік групы кампаніяў «Твая сталіца» Уладзімір Давідовіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Бізнесовец адзначыў, што сёлета ў Менску штомесяц расла колькасць угодаў і цана квадратнага метра. Агулам жа, паводле яго, попыт на другасным рынку жытла расце трэці год запар. Калі ў 2019 годзе ў Менску было падпісана 13,095 угодаў, то ў 2021-м іх было больш як 14,5 тысяч, а ў 2022-м – больш як 15,8 тысяч. У 2023 годзе чакаецца больш за 17,5 тысяч угодаў.

«Гэты год будзе рэкордны паводле актыўнасці для другаснага рынку», – заявіў Уладзімір Давідовіч.

У чым прычыны

Сярод прычынаў росту продажу кватэраў у 2023 годзе заснавальнік «Тваёй сталіцы» бачыць доўгачаканую за тры гады стабільнасць на рынку, без «чорных лебедзяў», а таксама нізкія стаўкі крэдытаў. Паводле яго, сёлета з прыцягненнем крэдытных сродкаў купляецца больш як 30 % кватэраў, што «істотна пашырае магчымасці пакупнікоў і падымае актыўнасць рынку». Таксама на рост попыту паўплывала таннасць квадратнага метру і рост сярэдніх заробкаў.

«Апроч гэтага, нерухомасць у нашых рэаліях застаецца самым зразумелым спосабам для захавання сваіх ашчаджэнняў», – сказаў Давідовіч.

Пра гэта, сказаў ён, сведчыць вялікі попыт на маленькія кватэры – «зразумелы, максімальна лёгкадасяжны і ліквідны спосаб захавання і памнажэння ашчаджэнняў для хатніх гаспадарак, якія адносяцца да сярэдняга класу». Тым больш, што на рынку цяпер «поўна варыянтаў 30-метровых кватэраў».

У параўнанні з 2022 годам цэны на кватэры выраслі, у сярэднім на 6 %: да 1374 долара за квадратны метр (рэкорд быў у кастрычніку 2013 года – 1734 долары) на другасным рынку і да 1353 долара (гістарычны максімум быў адзначаны ў лістападзе 2014 года – 1719 долараў) на першасным. Пры гэтым продаж кватэраў на першасным рынку істотна зніжаўся. Давідовіч тлумачыць гэта «звужэннем прапановы ад забудоўнікаў і перасцярогамі пакупнікоў укладваць сродкі ў будаўніцтва на працяглы тэрмін».

Што датычыць прагнозу на 2024 год, то Давідовіч не чакае кардынальных зменаў на рынку жылой нерухомасці. На ягоную думку, пры захаванні бягучай крэдытнай палітыкі з боку Нацбанку і захаванні трэнду росту рэальных даходаў насельніцтва рынак будзе актыўны.

У лістападзе колькасць угодаў куплі-продажу кватэраў у Менску чарговы раз пабіла рэкорд. Апошні месяц восені дзявяты раз за бягучы год абнавіў гістарычны максімум.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў