У Менску продажы кватэр б'юць рэкорд дзявяты раз за год


Рынак кватэраў у Менску працягвае перажываць бум. У лістападзе колькасць угодаў куплі-продажы чарговы раз пабіла рэкорд, паведамляе ў сваёй справаздачы Realt.

Жылы комплекс «D3». Менск, Беларусь. 12 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Агулам было падпісана 1690 угодаў. І няхай у кастрычніку іх было на 4,6 % больш, звесткі яшчэ будуць абнаўляцца. Апошні месяц восені дзявяты раз за бягучы год абнавіў гістарычны максімум.

З-за такога высокага попыту паступова скарачаецца і прапанова. У лістападзе колькасць выстаўленых абʼектаў зменшылася на 9 %. Тэндэнцыя можа працягнуцца, бо набліжаюцца святы.

Ці змяніліся кошты

Нягледзячы на невялікі перакос у бок попыту, цэны на кватэры ўпалі на 1,2 %, і квадратны метр у сярэднім каштуе $ 1385 (Br 4395).

Кошты змяніліся з-за танных новабудоўляў у Кастрычніцкім раёне. Цана аднапакаёўкі там ніжэйшая за рынкавую, з-за чаго і ўпала сярэдняе значэнне. У той жа час іншыя тыпы кватэраў падаражэлі.

У залежнасці ад метражу кошт кожнай асобнай кватэры бывае розны:

1-пакаёвыя: $ 1518 за 1 м² (0,3 % за месяц) – $ 52 500 (медыяна абсалютных коштаў)

2-пакаёвыя: $ 1319 за 1 м² (- 1,9 %) – $ 59 000

3-пакаёвыя: $ 1236 за 1 м² (- 1,7 %) – $ 75 250

4-пакаёвыя: $ 1187 за 1 м² (7,8 %) – $ 98 975.

Таксама ў справаздачы вылічылі кошты без прапановаў ад новабудоўляў. Сярэдні кошт «квадрата» стаў вышэйшы – $ 1536. Атрымаліся наступныя лічбы:

1-пакаёвыя – $ 1595 за 1 м² (1,3 % за месяц)

2-пакаёвыя – $ 1556 за 1 м² (- 0,1 %)

3-пакаёвыя – $ 1520 за 1 м² (- 1,2 %)

4-пакаёвыя – $ 1409 за 1 м² (2,6 %).

Каментар
«Падаецца, што ўсё стабільна». Эканамістка растлумачыла бум на рынку нерухомасці ў Беларусі
2023.11.14 19:15

Што часцей за ўсё куплялі

Аднапакаёўкі і двушкі практычна зраўняліся ў папулярнасці. Доля першых скарацілася да 39 %, а другіх – паднялася да 36 %. Стабільна купляюць трохпакаёўкі – 20 %.

Набываць жытло ў новых дамах праблематычна – падводзяць тэмпы будаўніцтва. Такіх угодаў падпісалі ўсяго 6 %, таму менчукі працягваюць сяліцца ў панэльках – іх доля вырасла на 6 %.

Часцей за ўсё жыхары сталіцы выбіралі для пражывання Цэнтральны, Кастрычніцкі і Маскоўскі раёны. Партызанскі і Савецкі не такія папулярныя.

Цэнавы рэкорд

Самая дарагая кватэра агульнай плошчай 161,2 м², набытая ў лістападзе 2023 года, каштавала пакупніку $ 626 тыс. Яна месціцца ў доме «Ветразь» на вуліцы Кальварыйскай, 16.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў