«Знаны берасцейскі бізнесовец» разлічыўся з Яўгенам Хачэрыдзі


Берасцейскае «Дынама» цалкам пагасіла доўг перад былым абаронцам Яўгенам Хачэрыдзі, які дамогся ў спартовым судзе кампенсацыі за датэрміновае скасаванне кантракту ў аднабаковым парадку. Пра гэта паведаміла газета «Вечерний Брест», спасылаючыся на старшыню Берасцейскага аблвыканкаму Юрыя Шулейку. Чыноўнік удакладніў, што выплаціў няўстойку знаны берасцейскі бізнесовец, «які меў дачыненне да абодвух клубаў найвышэйшай лігі – «Дынама» (Берасце) і «Руху».

Яўген Хачэрыдзі (у цэнтры) падчас трэнавання ФК «Дынама».
Фота: FC Dynamo Brest / Facebook

Яўген Хачэрыдзі – зорка ўкраінскага футболу, прыйшоў у берасцейскае «Дынама» ў 2019 годзе. Яму абяцалі касмічны паводле беларускіх мерак заробак – $ 100 тысячаў за месяц, але ўжо ў пачатку 2020-га Хачэрыдзі ды іншыя гульцы «Дынама» паведамілі, што не атрымліваюць прапісаных у кантракце грошай.

Ужо ў пачатку 2021-га Хачэрыдзі пакінуў берасцейскі клуб і падаў на «Дынама» ў суд. Спачатку ён патрабаваў $ 1 мільён, але ў выніку сума зменшылася. У траўні 2021-га Спартовы арбітражны суд (CAS) забавязаў «Дынама» (Берасце) выплаціць Яўгену Хачэрыдзі $ 600 тысячаў. Улады Берасцейскай вобласці забавязалі разлічыцца таго, хто запрасіў футбаліста і абяцаў яму такія грошы. У гэтым бізнесоўцу нескладана пазнаць нарадзінца Берасцейшчыны Аляксандра Зайцава.

Хто такі Аляксандр Зайцаў?

Аляксандр Зайцаў – бізнесовец, які актыўна ўкладваў грошы ў футбол, а пасля трапляння пад санкцыі згарнуў усе спартовыя праекты.

Залатыя гады Зайцава пачаліся пасля сяброўства з Віктарам Лукашэнкам. Дзякуючы гэтаму ён актыўна развіваў бізнес у ААЭ і стварыў кампанію «Sohra Group»: фірма актыўна прадавала беларускія тавары ў гэтым рэгіёне, у прыватнасці трактары і «МАЗы».

З часам бізнес Зайцава стаўся шматгранным. Ён суўладальнік кампаніі «Bremino Group», ініцыятар і сукіраўнік праекту асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна – Ворша», створанай на ўказ Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Зайцаў.
Фота: tut.by

Кампанія атрымала дзяржаўную дапамогу на развіццё Брэміна-Аршанскай зоны, а таксама шэраг фінансавых, падатковых ды іншых ільготаў.

У 2016 годзе Зайцаў надумаў развіваць футбол, таму вялікія грошы былі ўкладзеныя ў берасцейскае «Дынама». Клуб прагучаў на ўвесь свет, калі падпісаў кантракт з Д’егам Армандам Марадонам і прывёз яго ў Берасце: такога беларускі футбол яшчэ не ведаў.

Hавiны
Стала вядома, чаму Д’ега Марадона не вярнуўся ў Беларусь
2019.11.28 11:12

Крыху пазней Зайцаў стварыў яшчэ адзін футбольны клуб – «Рух», і нават дзіцячую футбольную акадэмію. «Дынама» стала выгульваць трафей за трафеем і ў 2019 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі сталася чэмпіёнам Беларусі.

Мядовыя гады мінулі хутка. У 2021-м Зайцаў трапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША, пачаліся фінансавыя праблемы, паступова ён закрывае футбольныя праекты. У канцы года Зайцаў заявіў, што больш не будзе фінансаваць клубу, і «Дынама» перайшло на баланс гораду.

Калі ўлады Берасцейскай вобласці выставілі Зайцаву разлік, той пагадзіўся, але доўгі час праз накладзеныя санкцыі не мог перавесці грошай. Толькі цяпер, у канцы 2022 года, Хачэрыдзі атрымаў сваё.

«Дынама» будзе трэнаваць былы коўч зборнай Беларусі

Апошнія два гады былі вельмі цяжкія для «Дынама», у гэтым сезоне берасцейцы ледзь захавалі месца ў найвышэйшай лізе. Тыя $ 600 тысячаў, выплачаныя Яўгену Хачэрыдзі, – больш як палова гадавога бюджэту клубу, але цяпер у яго іншы гаспадар.

Гэтаю зімою шэфства над клубам бярэ кіраўнік берасцейскага аблвыканкаму Юрый Шулейка. Ён паабяцаў міністру спорту Сяргею Кавальчуку любымі сродкамі знайсці грошы на фінансаванне. Паводле нашай інфармацыі, шэраг прадпрыемстваў вобласці ветліва папрасілі скінуцца на галоўную каманду вобласці. Асноўны цяжар ляжыць на «Граніце», адным з прадпрыемстваў, якое не трапіла пад санкцыі.

Фота: FC Dynamo Brest / Facebook

Новым галоўным трэнерам берасцейскага «Дынама» стаўся 58-гадовы Ігар Крыўшэнка, які з 2017-га да 2019-га трэнаваў нацыянальную зборную Беларусі і нават вывеў яе ў дывізіён С Лігі нацыяў. Пазней трэнер працаваў у Інданезіі, а апошні год не меў ніякай працы, таму пагадзіўся на сціплыя, але стабільныя ўмовы берасцейскага «Дынама».

Спорт пад поўным кантролем аблвыканкаму

Паводле нашай інфармацыі, Шулейка таксама абяцаў Кавальчуку, што спорт у Берасцейскай вобласці будзе пад поўным кантролем аблвыканкаму. Кіраўніком Берасцейскай федэрацыі футболу «абралі» намесніка Шулейкі – Валянціна Зайчука. Ён змяніў іншага намесніка кіраўніка аблвыканкаму Генадзя Барысюка, якога два гады таму абралі кіраўніком федэрацыі футболу на чатыры гады. Але Барысюк – са старой каманды, працаваў пад кіраўніцтвам яшчэ былога кіраўніка аблвыканкаму Анатоля Ліса, і прызначаны ў 2021-м Шулейка ставіць сваіх людзей, таму месца Барысюка і ў аблвыканкаме таксама пад пагрозаю.

Самае цікавае – ні Барысюк, ні Зайчук не маюць ніякага дачынення да футболу: першы – былы настаўнік, другі – адмысловец АПК. Звернем увагу, што за іншыя асноўныя віды спорту ў Берасцейскай вобласці адказваюць надзейныя людзі. За хакей – яшчэ адзін намеснік кіраўніка аблвыканкаму Дзмітрый Гарадзецкі, а гандболам кіруе ажно генерал-маёр юстыцыі, начальнік упраўлення Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Канаплянік.

АЛ  belsat.eu

Стужка навінаў