Караеў і Каранік узяліся разабрацца з пяцікратным падаражаннем шаўрмы ў «Брузгах»


Чаму цэннікі для мігрантаў так моцна падскочылі, вырашылі разабрацца два экс-міністры, а цяпер гарадзенскія чыноўнікі.

Цэны на ежу каля лагістычнага цэнтру «Брузгі». 20 лістапада 2021 года.
Фота: БелТА

Паведамленні аб накрутках цэнаў для мігрантаў у «Брузгах» дайшлі да ўладаў: пытаннем зацікавіліся старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік і памочнік Лукашэнкі ў вобласці Юрый Караеў.

Каранік расказаў БелТА, што рост цэнаў на шаўрму з 3 да 15 рублёў «вельмі падобны да правакацыі», бо «рукі, якія мяняюць цэннік на відэа, не супрацоўнікаў фудтрака». Ён таксама заявіў, што некаторыя мігранты дамаўляліся з таксістамі, каб тыя прывозілі цыгарэты на перапродаж, і нібыта перапрадавалі цыгарэты па 10-50 еўра за пачку.

Відэа са зменай цэнніка з 7,5 рубля на 15 публікавалі расейскія «Известия» – і на тым відэа бачна, што шапік ахоўваюць аўтаматчыкі. БелТА сёння публікуе фота, на якіх цэннік стары: 7,5 рубля за шаўрму (што звычайная цана для суседняй Горадні). Акрамя платнай ежы, мігрантам раздаюць і бясплатнае харчаванне.

Караеў заявіў БелТА, што «асабіста папярэджваў» перад пачаткам гандлю, каб на мігрантах «не нажываліся». Пры тым заявіў, што «ў нас не ўсходні базар, а цывілізаваны гандаль».

У лагістычным цэнтры «Брузгі» размясцілі ад тысячы да дзвюх тысяч мігрантаў, якія раней спрабавалі штурмаваць польскую мяжу пад даглядам беларускіх сілавікоў. Паводле беларускіх уладаў, агулам у Беларусі знаходзяцца каля 7 тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, якія хацелі б нелегальна трапіць у Еўразвяз.

Hавiны
Што за лагістычны цэнтр, куды пасялілі мігрантаў каля польскай мяжы
2021.11.20 07:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў