Невыносны цяжар эміграцыі. Фотамастакі – пра свае працы на выставе «За мяжой»


Памяць, сум, настальгія, боль. А яшчэ – каменны цяжар. І на сэрцы, і на плячах. Чатыры фотамастакі – Глеб Бурнашаў, Поля Німаева, Кацярына Ігнашэвіч і Павел Савіцкі – паспрабавалі высветліць, што значыць быць эмігрантам. На сустрэчы з гледачамі 19 кастрычніка аўтары расказалі пра свае працы з выставы «За мяжой» («Poza Krajem») у варшаўскім бістро «Słuszna Strawa».

Фатограф Глеб Бурнашаў расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Перад намі паўстае вялікае пытанне – трэба адаптавацца. Гэта неабходны шлях для прасторы спакою. Але каб адаптавацца, трэба ахвяраваць часткаю сябе, адмовіцца ад нейкіх культурніцкіх нюансаў на карысць новай культуры і новай ідэнтычнасці. І я хацеў апавесці пра гэта», – тлумачыў падчас сустрэчы беларускі фотамастак Глеб Бурнашаў, прэзентуючы сваю працу «HomoSisyphus».

На руінах мінулага

На здымку мужчына атлетычнага выгляду нясе на плячах велізарны камень. Далягляд крыху завалены, таму няясна, падае ён пад гэтым цяжарам ці імкнецца наперад. Невядома таксама, ці можа герой у кожны момант скінуць гэты камень і ці хоча гэтага. Эмігрант…

Фатограф Глеб Бурнашаў расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Хацеў, каб кожны з гледачоў задумаўся і адказаў на пытанне, на якім этапе ён цяпер», – кажа Глеб.

Фатограф перакананы, што новая ідэнтычнасць можа быць збудаваная толькі на руінах папярэдняй. У гэтым сэнсе камень, які нясе чалавек на здымку, можа быць часткай і абломкам колішняй ідэнтычнасці:

«Чаму такі вялікі камень? Знарок так зрабіў, што ён большы за самога чалавека.

Бо цяжар, які нясе чалавек у эміграцыі, – гэты цяжар мінулага, цяжар тоеснасці. Ён нашмат большы за чалавечае цела. Гэта нешта ўсёабдымнае ўсярэдзіне чалавека».

Камень, дарэчы, быў зроблены з пенапласту і ўжо знішчаны.

Глеб Бурнашаў мае працяг да свайго «HomoSisyphus» – яшчэ адзін здымак: «Але, напэўна, не буду паказваць яго, ён вельмі змрочны».

«Аўтапартрэт болю»

Пра святло і змрок – гісторыя расейскай фотамастачкі Паліны Німаевай, якая паказвае ў межах праекту «Аўтапартрэт болю» адну з працаў з аднайменнага цыклу. Як патлумачыла аўтарка, серыя з’явілася ўвесну 2022 года як спроба візуальнага выказвання пачуццяў пасля поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. Рэфлексія чалавека, які паходзіць з краіны-агрэсара.

Фатографка Паліна Німаева расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Аўтапартрэт болю» – адлюстраванне той ступені цемры, якую я адчувала вакол сябе. І не проста цемры – цемрадзі, змроку. Неразумення, як жыць далей пасля 24 лютага…» – зазначае Паліна Німаева.

На адным з аўтапартрэтаў серыі бачым на фоне часткі дзявочага твару выяву вокладкі расейскага пашпарта і запальнічку. Фотамастачка прызналася, што сапраўды хацела спаліць пашпарт РФ – «як адну з частак сябе». Не зрабіла гэтага. Бо пражыць на эміграцыі без пашпарта, якая б дзяржава яго ні выдала, зусім немагчыма.

Фотапрацы з выставы «Poza Krajem», прысвечанай тэме эміграцыі, відаць у вокнах бістро «Słuszna strawa». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Паліна спрабуе вярнуцца да глыбіннай і калісьці страчанай ідэнтычнасці: пачала вучыць бурацкую мову – ейны дзядуля паходзіць з Бураціі.

«Няма разумення, калі скончыцца гэтая вайна. Але хачу закончыць нотаю надзеі і нагадаць усім нам ды сабе, што самае важнае – заўжды заставацца чалавекам, сабою.

І ні пры якіх умовах не апускацца да гвалту, жорсткасці і нянавісці», – адзначае Паліна Німаева.

«Праступае праз скуру»

Аўтарка з Беларусі Кацярына Ігнашэвіч, каб зразумець, хто яна тут, у эміграцыі, і што робіць у Варшаве, звярнулася да сямейнай традыцыі – да вышывання, якому навучыла мама. Але арнамент з бабулінага дывана фотамастачка вышыла не на тканіне – на фатаграфіі. Ейная праца называецца «Упрыгожанне».

Фатографка Кацярына Ігнашэвіч расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«У гэтай працы мне важна было паказаць, што я з Беларусі… Такім чынам я наладжваю сувязь са сваёй жаночаю лініяй, якая застаецца ў Беларусі. І каб гэтая вышыўка адбылася, трэба было праходзіць іголкаю праз фотаздымак. Для мяне гэта пра тое, што сямейныя сувязі – вельмі важная каштоўнасць. Але мне не хацелася ідэалізаваць іх. Яны таксама часам вельмі складаныя», – тлумачыла Кацярына Ігнашэвіч.

Чырвоны арнамент вышыты на спіне аголенай дзяўчыны, якая сядзіць на падлозе. У якасці мадэлі – уласна фотамастачка. Паводле яе, вышыўка, якая «праступае праз скуру», закранае адразу дзве праблемы – канфлікту паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама паміж грамадзянамі ды іхнаю радзімаю.

Вышыўку на здымку Кацярына стварала некалькі дзён. У размове з журналістам «Белсату» прызналася, што не першая, хто спрабуе гэтак рабіць. Але звычайна людзі пераводзяць фотавыяву на палатно, і вышываць тады значна прасцей.

Вышыўка на фатаграфіі, якую зрабіла фатографка Кацярына Ігнашэвіч для выставы «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Ну і лагічней вышываць на тканіне. Але мне хацелася менавіта на паперы, каб перадаць крохкасць, уразлівасць гэтага матэрыялу, як і нашага стану тут. Матэрыял вытрываў. І вышыўка была гатовая», – патлумачыла фотамастачка.

Прызналася, што праколваць сабе спіну на здымку было не балюча: «Наадварот, вышыўка – даволі тэрапеўтычная гісторыя».

«Backup»

Яшчэ адзін удзельнік выставы «За мяжой» – фатограф са Стоўбцаў Павел Савіцкі. У межах праекту прэзентуе дакументальны праект «Backup» – пра сяброў і сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Пачаў іх здымаць увосень 2021 года, калі зразумеў, што ягоны выезд з краіны няўхільны.

Фатограф Павел Савіцкі расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«У гэтай серыі ёсць здымак, зроблены з маёй кватэры. І той краявід на фота я, напэўна, ужо не пабачу. Бо, калі вярнуся, кватэра мая будзе ўжо прададзеная, хутчэй за ўсё», – апавядаў Павел Савіцкі.

Ягоны «Backup» прасякнуты тонкім болем і ўсведамленнем незваротнасці часу. Але застаюцца фотаздымкі і памяць. Прынамсі яе рэзервовая копія.

На апошнім здымку серыі – бацькі аўтара з ягоным братам каля вакзалу. На парозе расстання. Магчыма – адна з самых пранізлівых фатаграфіяў усяго праекту. Бо кожны з беларусаў-эмігрантаў мае прыкладна такую ж. Зробленую памяццю. Не – сэрцам…

Фатограф Павел Савіцкі расказвае пра сваю працу на выставе «Poza Krajem». Варшава, Польшча. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Праект «Poza Krajem» («За мяжой») зладзіла ў Варшаве беларуская фатаграфічная платформа «ФШ1» у партнёрстве з бістро «Słuszna Strawa». Выставу адкрылі яшчэ ў канцы верасня, яна будзе працаваць да 31 кастрычніка (Aleja Armii Ludowej 12 у Варшаве). Паводле Цэнтру беларускай салідарнасці, у Польшчы на сёння жывуць прынамсі 300 тысяч беларусаў. Колькасць эмігрантаў з Беларусі з кожным месяцам расце.

Інтэрв’ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
2023.10.19 11:15

Зміцер Міраш  belsat.eu

Стужка навінаў