Пасля закрыцця пункту пропуску «Сілэнэ» аўтобусы мяняюць маршрут


У транспартнай кампаніі «Менсктранс» расказалі аб зменах у рэйсе «Менск – Рыга» ў сувязі з закрыццём пункту пропуску «Сілэнэ» на мяжы Беларусі і Латвіі. Цяпер аўтобусы будуць ездзіць праз Вільню, гаворыцца на сайце прадпрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

«У сувязі з закрыццём аўтамабільнага пункту пропуску «Сілэнэ» (Латвія) рэйсы міжнароднага маршруту Менск – Рыга праз Даўгаўпілс адпраўленнем з Менску ў 08:40, з Рыгі ў 08:00 з 21 верасня будуць выконвацца праз Вільню (Літва)», – гаворыцца ў паведамленні «Менсктрансу».

Ці будуць змяняць маршрут аўтобусы іншых кампаніяў – пакуль невядома.

Раней праз КПП «Сілэнэ» ў сярэднім у дзень у Латвію заязджалі 625 чалавек і выязджалі 605 чалавек, а таксама заязджала і выязджала ў сярэднім 87 і 85 грузавых аўтамабіляў.

Нагадаем, што ўрад Латвіі 19 верасня пастанавіў закрыць пункт пропуску «Сілэнэ» (з беларускага боку гэта КПП «Урбаны»). На памежным пункце былі ўсталяваныя бетонныя ўмацаванні ды расцягнуты калючы дрот. Такое рашэнне тлумачыцца захадамі бяспекі і звязанае з міграцыйным крызісам.

Так, паводле ацэнак латышскіх уладаў, за апошні тыдзень памежнікамі былі спыненыя 894 парушальнікі, агулам у верасні – 1773, а ў жніўні было 1615 спробаў незаконнага мінання мяжы.

Такім чынам, на гэты час у Латвіі з Беларуссю застаецца толькі адзін памежны пункт: «Патэрніекі – Грыгараўшчына».

Hавiны
Латвія пастанавіла закрыць адзін з двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю
2023.09.19 15:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў