Украіна і Расея дамовіліся пра абмен палоннымі


Украіна і Расейская Федэрацыя дамовіліся абмяняць 200 палонных. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган у праграме «News Hour» на тэлеканале PBS.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: donpress.com

«Ва Узбекістане я сустрэўся з прэзідэнтам Пуціным, і ў нас адбыліся вельмі разгорнутыя абмеркаванні з ім. І ён насамрэч паказвае мне, што гатовы завяршыць гэта як мага хутчэй. Гэта было маё ўражанне, бо тое, як справы рухаюцца цяпер, гэта даволі праблематычна. 200 закладнікаў будуць абмененыя на падставе дамоўленасці паміж бакамі», – сказаў Эрдаган.

На пытанне, ці павінныя захавацца за Расеяй тэрыторыі, захопленыя сёлета ва Украіне, прэзідэнт Турцыі адказаў, што гэтыя землі мусяць быць вернутыя Украіне, а ўварванне не можа быць апраўданым.

«Калі мір будзе ўсталяваны ва Украіне, вядома, вяртанне зямлі, куды было здзейснена ўварванне, стане насамрэч вельмі важным. Гэта тое, чаго чакаюць. Гэта тое, што пажадана. Пуцін робіць пэўныя крокі. Мы робім пэўныя крокі. Землі, якія пацярпелі ад уварвання, будуць вернутыя Украіне», – падкрэсліў Эрдаган і зазначыў, што тым не менш з 2014 года не было зроблена ніводнага кроку, каб вярнуць Крым Украіне.

Кіеў і Масква ўжо абменьвалі палонных цягам поўнамаштабнай вайны. Гэтак, 2 верасня ў Данецкай вобласці ў выніку абмену былі вызваленыя 14 украінскіх ваяроў, якія трапілі ў расейскі палон у канцы траўня.

Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Украіне раніцаю 24 лютага. Расейскія войскі захоплівалі тэрыторыі, розныя аб’екты, бралі ў палон. У верасні Украіна пачала контрнаступ і пакрысе вызваляе захопленыя тэрыторыі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў