«Гэта была бесчалавечная жорсткасць». Працягваецца суд над валанцёрамі штабу Бабарыкі


Суд Маскоўскага раёну 20 красавіка працягнуў разгляд справы ў дачыненні валанцёраў штабу Віктара Бабарыкі. Пад вартай – Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька. Яны прызнаныя палітычнымі вязнямі. Сваю віну ўсе адмаўляюць.

Дзмітрый Канапелька, валанцёр штабу Віктара Бабарыкі. Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Судзяць мужчынаў паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК («Рыхтаванне масавых закалотаў») і ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Медыі назвалі справу «За лазерныя ўказкі».

Абноўлена
Працягваецца разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі. Іх судзяць за лазерныя ўказкі
2021.04.15 15:44

Ранкам 20 красавіка бок абароны прыступіў да допыту Дзмітрыя Канапелькі. Дзмітрый распавёў, што ніякіх прадметаў сам не купляў, у тым ліку і ўказак, не абмяркоўваў іх ні з кім і нікому не раздаваў.

«Я меў зносіны з людзьмі ў першыя дні пасля выбараў, таму што мне быў цікавы настрой і меркаванне грамадзянаў, бо да гэтага я быў незалежным назіральнікам на выбарах», – пракаментаваў абвінавачаны.

Калі завяршыўся допыт Канапелькі, пачаўся допыт сведак.

Першай выступіла Святлана Ярмолава, маці абвінавачанага Ігара Ярмолава.

Ігар Ярмолаў, валанцёр штабу Віктара Бабарыкі. Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Я ўпэўненая, што мой сын па яго выхаванні ніяк не мог здзейсніць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, такога патэнцыйна быць не можа. Падзеі 9–11 жніўня падзялілі маё жыццё на «перад» і «пасля». 12 жніўня 2020 года была мая апошняя размова з сынам, пасля гэтага ён знік.

Мы абмяркоўвалі страйк, ён павінен быў абараніць народ, бо гэта адна з мірных формаў пратэсту. У мяне было занадта шмат эмоцый з-за стану пасля выбараў, з-за ўсяго беззаконня ў краіне. Гэта была проста эмацыйная размова, не заклік. Казаць пра страйк – гэта не значыць праводзіць яго», – распавяла жанчына.

Паводле яе, нідзе ніякіх заўваг да яе сына не было, ніякіх спагнанняў: ці то школа, каледж ці ўніверсітэт. Ігар скончыў БДУ па спецыяльнасці «прыкладная матэматыка і інфарматыка», прайшоў курсы «Microsoft» для працы.

«Я заўсёды ганарылася ім і ганаруся да гэтага часу», – сказала Святлана Ярмолава.

Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Маці Ігара Ярмолава распавяла, што падчас затрымання міліцыянты зламалі дзверы кватэры, хаця сын не аказваў ніякага супраціву.

«Яны надзелі Ігару шорты на галаву, білі яго ў кватэры, у машыне, гэта была бесчалавечная жорсткасць і гвалт. Ніякія нашыя заявы ў міліцыю не былі прынятыя. Яму рабілі аперацыю ў больніцы, не далі аднавіцца і адразу павезлі ў СІЗА КДБ», – апавяла Святлана Ярмолава.

Хадайніцтва дзяржабвінаваўцы на абвяшчэнне паказанняў, дадзеных сведкай падчас следства, суд задаволіў. Паводле іх, машыну, якая належыць Святлане Ярмолавай, аддалі Ігару на пастаяннае карыстанне, аднак Святлана час ад часу брала аўтамабіль для сваіх патрэбаў. Сёння Святлана патлумачыла: у КДБ яна баялася, што яе пасадзяць у турму, а ейная маці памрэ. Таму сказала на допыце тое, чаго хацеў следчы: што машына была ў пастаянным карыстанні ў сына.

Другі сведка – Гарбачоў Зміцер, сябар Ігара Ярмолава.

Паводле ягоных паказанняў, 11 жніўня ён з абвінавачанымі быў у Серабранцы і ва Уруччы, а пасля вярнуўся дадому. Сведка дадаў, што ён і абвінавачаныя проста хацелі паглядзець на падзеі, якія адбываюцца, хацелі пагаварыць з людзьмі. Ніякіх дзеянняў, якія парушаюць парадак, не рабілі. Ігар Ярмолаў перадаў Дзмітрыю пакет указак, які быў у ягонай машыне, бо баяўся, што машыну могуць абшукаць.

Hавiны
Суд працягнуў разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі, якіх судзяць за лазерныя ўказкі
2021.04.19 21:06

Дзяржабвінаваўца заявіў хадайніцтва аб абвяшчэнні паказанняў, дадзеных падчас следства, бо словы разыходзяцца. Суддзя ўдакладніла, чаму сведка не сказаў, што абвінавачаныя – актыўныя пратэстоўцы, як зафіксавана ў пратаколах допыту. Дзмітрый Гарбачоў адказаў, што забыўся пра гэта.

Трэцім сведкам мелася выступіць бабуля Мікалая Сасева, аднак яна не змагла з’явіцца ў залу суда з прычыны сталага ўзросту і 2-й групы інваліднасці. У судзе зачыталі ейныя паказанні, дадзеныя падчас следства.

Абвешчаны перапынак да 14:15.

ЯС, belsat.eu

Стужка навінаў