Уладзімір Макей пра амбасадарку ЗША ў Беларусі: Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы пра нелегітымнасць рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта


Міністр замежных справаў Уладзімер Макей падчас візіту ў Швейцарыю пракаментаваў тэлеканалу ОНТ інфармацыю пра тое, што прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр не атрымала беларускай візы і не можа прыехаць у Беларусь.

У прыватнасці, Уладзімер Макей заявіў: «У нас выклікае пэўнае здзіўленне, што спадарыня прызначаны амбасадар, некалькі разоў наведваючы Вільню, Варшаву і яшчэ нейкія краіны, робіць пэўныя заявы, у той жа час нашыя партнёры не даюць да канца выразнага адказу адносна таго, у якім статусе спадарыня пасол мае намер прыбыць у Беларусь. Кажуць толькі аб жаданні ўсталяваць прамыя кантакты на афіцыйным узроўні».

«Зразумела, каб прыехаць у Беларусь, любому грамадзяніну патрабуецца віза. Таму мы хацелі б мець поўную яснасць, у якім статусе спадарыня прызначаная амбасадарка мае намер працаваць у Беларусі. Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы пра нелегітымнасць рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта», – адзначыў кіраўнік беларускага МЗС.

Сустрэча ў Вільні з амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр, 19 красавіка 2021.
Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Напярэдадні спадарыня Джулі Фішэр у Вільні заявіла, што ўлады Беларусі па-ранейшаму не даюць ёй візы і магчымасці прыехаць у Менск. Таксама 19 красавіка ў часе сустрэчы са Святланаю Ціханоўскаю амбасадарка ЗША заявіла, што Вашынгтон аднаўляе эканамічныя санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з тым, што афіцыйны Менск не выконвае галоўнага патрабавання ЗША – вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў