Інжынера БНТУ, які, уцякаючы ад затрымання, збіў некалькіх сілавікоў, хочуць пасадзіць на 12 гадоў


Ціхан Восіпаў.
Фота: «Наша Ніва»

У Менскім гарадскім судзе 20 красавіка адбываюцца судовыя спрэчкі ў межах крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава.

Мужчыну вінаваць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у замаху на забойства вайскоўцаў (ч. 1 арт. 14 і 362), ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293) і заведама хлуслівым даносе (ч. 1 арт. 400). Паводле абвінавачвання, уначы з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на машыне на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго патапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю пра згон.

Пацярпелымі выступаюць кантрактнікі часткі 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя толькі Васільчанку – яго адвезлі ў шпіталь МУС. Астапенка і Воліс пасля наезду вярнуліся да працы.

Hавiны
У Менску судзяць 25-гадовага інжынера за наезд на пяцярых вайскоўцаў
2021.04.12 16:58

Віну Восіпаў прызнаў толькі наконт заведама хлуслівага даносу, паводле іншых артыкулаў – цалкам не прызнаў. Ён заявіў, што не меў намеру забіць, а спалохаўся, убачыўшы, як сілавікі разбіваюць машыны і дастаюць адтуль кіроўцаў. Таму ён і з’ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Паводле абвінавачанага, пакуль ён ехаў, сілавікі разбілі яму задняе правае шкло і накіравалі зброю на ягоны аўтамабіль, таму ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў руху, хоць і чуў, як па машыне з усіх бакоў бʼюць дубінкамі, паведамляе «Вясна».

Тым не менш, дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў лічыць віну Ціхана цалкам даказанай і просіць суд пакараць яго дванаццацю гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А таксама спагнаць з абвинавачанага судовыя выдаткі на 2670 рублёў. Маральную шкоду вайскоўцам на 1300 рублёў Восіпаў скампенсаваў да суда.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Цыкала.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў