news
Аналітыка
Вы палітэмігрант і на вашую маёмасць наклалі арышт? Можаце ўжо не плаціць за камуналку
Улады Беларусі працягваюць пагражаць сваім апанентам канфіскацыяй маёмасці.
20.03.202418:25

Улады Беларусі працягваюць пагражаць канфіскацыяй маёмасці, што належаць апанентам лукашэнкаўскага рэжыму. Цяпер чарга дайшла да прадстаўнікоў замежных аб’яднанняў беларусаў. Пры гэтым перад канфіскацыяй на маёмасць накладаецца арышт, падчас якога ёю яшчэ можна працягваць карыстацца. Але тут паўстае пытанне, ці варта за яе плаціць тыя ж камунальныя паслугі, калі неўзабаве маёмасць могуць канфіскаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

20 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой – «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Іх вінавацяць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім». Сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак паведамляе, што ў гэтай справе ўжо адбываюцца ператрусы.

«Цяпер Следчы камітэт мае поўную інфармацыю больш як пра сто прадстаўнікоў радыкальных дыяспараў. Ужо ўстаноўлена больш за 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны. Следчымі будуць прынятыя ўсе, без выключэння, меры, накіраваныя на прыцягненне вінаватых да адказнасці і кампенсацыі імі шкоды, у тым ліку ў межах працэдуры спецыяльнай вытворчасці», – заявілі ў прэс-службе СК.

Гэта не першае спецыяльнае вядзенне, у выніку якога прымаліся пастановы пра канфіскацыю маёмасці. Напрыклад, у 2023 годзе з трэцяй спробы прадалі кватэру абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. А ў лютым 2024 года спрабавалі прадаць нерухомасць Валерыя і Веранікі Цапкалаў – пакуль няўдала.

Што кажа закон

Перад тым, як канфіскаваць маёмасць, улады накладаюць на яе арышт, што перашкаджае ўласніку ёю распараджацца. У Беларусі накладанне арышту на маёмасць (як рухомай, так і нерухомай) рэгулюецца артыкулам 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Паводле яго, арышт на маёмасць падазраваных ці абвінавачаных накладаецца «ў мэтах забеспячэння кампенсацыі стратаў (шкоды), прычыненай злачынствам, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, грамадзянскага пазову, іншых маёмасных спагнанняў, спецыяльнай канфіскацыі».

Арыштаваць могуць і маёмасць, што належыць іншым асобам, калі мяркуецца, што «гэтая маёмасць была адчужаная падазраваным, абвінавачаным у мэтах утойвання прыналежнасці або крыніц паходжання такой маёмасці або для фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, тэрарызму, экстрэмісцкай дзейнасці (экстрэмізму), арганізаванай групы, незаконнага ўзброенага фармавання, злачыннай арганізацыі, распаўсюджвання або фінансавання распаўсюджвання зброі».

Арышт маёмасці прадугледжвае забарону ўласніку «на распараджэнне, а ў неабходных выпадках і карыстанне гэтай маёмасцю або ў адабранні маёмасці і перадачы яе на захоўванне». Пры гэтым пастанова пра арышт «неадкладна» накіроўваецца ў кадастравыя агенцтвы, банкі і гэтак далей. Фармальна ў беларусаў ёсць права абскардзіць пастанову пра накладанне арышту на маёмасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Маёмасць, на якую накладзены арышт, можа быць канфіскаваная і перададзеная на захоўванне прадстаўніку мясцовага выканаўчага і распарадчага органу, арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, уласніку (уладальніку) гэтай маёмасці або іншай асобе», – гаворыцца ў КПК.

Накладанне арышту на маёмасць адмяняецца пастановай (вызначэннем) органу, які вядзе крымінальны працэс, «калі ў гэтым адпадае неабходнасць». Таксама арышт могуць зняць на падставе хадайніцтва падазраванага або абвінавачанага для ўнясення або перадачы такой маёмасці ў якасці закладу, кампенсацыі з яе дапамогай шкоды. Праўда, гэта не датычыць «маёмасці, якая падлягае спецыяльнай канфіскацыі», – «прымусовай бязвыплатнай канфіскацыі ва ўласнасць дзяржавы».

Паспець прадаць, пакуль яшчэ можна

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» ўжо выказваў раней думку, што беларускіх эмігрантаў у будучыні чакае «адцісканне ў людзей маёмасці». На ягоную думку, менавіта дзеля гэтага і ўводзіўся ўказ, якім былі фактычна ануляваныя даверанасці, выдадзеныя не ў Беларусі.

«Напрыклад, прымусіць усіх перарэгістраваць уласнасць на ўсе кватэры і машыны цягам двух гадоў. А хто гэтага не зробіць, той кватэру страціць. Адпаведна зрабіць гэта можна будзе толькі ў Беларусі, бо даверанасці не працуюць», – заяўляў Мажэйка.

Што датычыць не проста эмігрантаў, а тых, хто з’ехаў з палітычных прычынаў, то тут канфіскацыя можа быць нават хутчэйшай. Як заявіў «Белсату» юрыст Міхаіл Кірылюк, у пытаннях, што датычаць пераследу праціўнікаў лукашэнкаўскага рэжыму, варта разважаць не з гледзішча права, а «ў тэрмінах ваеннага часу».

Праваўнік параіў тым беларусам, якія жывуць за мяжой і могуць сутыкнуцца з пераследам, усімі магчымымі сродкамі паспрабаваць прадаць маёмасць, якая ў іх застаецца ў Беларусі. Праўда, напрыклад, пры жаданні вярнуцца ў Беларусь, каб аформіць беларускую даверанасць, варта ўлічваць рызыкі крымінальнага пераследу па прыездзе.

У выпадку ж, калі маёмасць ужо арыштаваная, але магчымасць карыстання ёю яшчэ не абмежаваная, можна паспрабаваць здаваць яе ў арэнду, нават неафіцыйна.

Карыстацца немагчыма, а грошы плаціць?

Пры гэтым ёсць выпадкі, калі здаваць кватэру з той ці іншай прычыны не атрымліваецца, а мажлівасці прадаць яе ці карыстацца ёю з прычыны арышту ўжо няма. Пры гэтым уласнікі ўсё адно вымушаныя плаціць за яе падаткі і камунальныя паслугі. Апошнія, дарэчы, трэба плаціць паводле «дармаедскіх» тарыфаў, якія істотна большыя за звычайныя. А з 1 сакавіка 2024 года яны распаўсюджваюцца ў тым ліку нават на шматдзетных маці ці маці дзяцей да трох гадоў, якія застаюцца за межамі краіны больш за 30 дзён на працягу аднаго кварталу. То бок, фактычна ўсе эмігранты абвешчаныя ўладамі Беларусі «дармаедамі».

Паводле Кірылюк, у такім разе ўзнікае пытанне, навошта несці страты за ўтрыманне такой маёмасці.

«Базавае правіла эканомікі – калі ты маеш маёмасць, ты нясеш кошты на яе ўтрыманне. Права ўласнасці ўключае права валодаць, распараджацца і карыстацца. Калі ты ўсіх трох пунктаў дэ-факта пазбаўлены, то навошта табе несці страты на ўтрыманне гэтай маёмасцю? Які для цябе ў гэтым сэнс?» – адзначыў Кірылюк, дадаўшы, што для сябе яго ў гэтым не бачыць.

Паводле юрыста, уласнікі арыштаваных кватэраў фактычна сутыкаюцца з шантажом і вымагальніцтвам з боку ўладаў. І згаджацца з гэтым не варта.

На думку Кірылюка, у выпадку новай улады ў Беларусі, нават калі гэта будуць «умоўныя Качанава ці Галоўчанка», «яна будзе пераглядаць рашэнні, прынятыя Лукашэнкам», каб не адказваць за праблемы, звязаныя з мінулым кіраўніком. Дэмакратычныя сілы нават распрацавалі адмысловую канцэпцыю на гэты выпадак. Паводле яе, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе, то ўгоду могуць прызнаць неправадзейнай і патрабаваць вярнуць атрыманае паводле ўгоды ці пакрыць цану маёмасці грашыма. Добрасумленнаму пакупніку, які не мог ведаць пра адсутнасць законных правоў у прадаўца, выдаткі мае кампенсаваць дзяржава.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

А вось нейкіх паслабленняў для апанентаў пры дзейным рэжыме юрыст наадварот не чакае. Пры гэтым, паводле яго, менавіта на гэта спадзяюцца тыя, хто згодныя працягваць плаціць камунальныя паслугі нават за арыштаваную маёмасць. Маўляў, у «дробных экстрэмістаў» маёмасць могуць і не канфіскаваць, як гэта адбываецца ў дачыненні «буйных экстрэмістаў».

«Такая нявыказаная надзея гучыць, што калі я буду плаціць, у мяне нічога не забяруць», – сказаў Кірылюк.

«Грошы сёння даражэйшыя за грошы заўтра»

Агулам юрыст падкрэсліў, што дакладна меркаваць пра далейшыя планы рэжыму немагчыма з прычыны закрытасці ўсёй сістэмы. Адпаведна і праўныя парады даваць вельмі цяжка. Аднак ён параіў карыстацца правілам: «грошы сёння даражэйшыя за грошы заўтра». І з яго дапамогай шукаць найлепшае выйсце паміж сваімі страхамі і жаданнямі.

«Я, напрыклад, плачу сто долараў камуналкі за кватэру, якая мне не належыць, у надзеі на тое, што кіраўнік можа мяне пашкадаваць. І я буду гэта рабіць ці год, ці два, ці тры, ці дзесяць. А можа, не пашкадуе? А можа, улада зменіцца іншым чынам, і кватэры вернуцца ўсім, а мне гэтых грошай ніхто не верне?» – заявіў Кірылюк.

Суразмоўца падкрэсліў, што ў гэтым ураўненні зашмат невядомых, таму вырашыць яго з навуковага гледзішча немагчыма. Але калі лішнія сто долараў на месяц не такія карысныя, ёсць вера ў тое, што табе вернуць маёмасць за тое, што ты плаціў камунальныя паслугі, а тым, хто не плаціў – не, то можна сродкі выдаткоўваць і далей:

«Гэта твае грошы. Ты можаш іх траціць як заўгодна».

Але нават юрыдычна, згодна з дзейнымі законамі, аплата камунальных паслугаў і падаткаў не набліжае, як і не аддаляе, ад канфіскацыі маёмасці. А вось накладанне на яе арышту паводле «экстрэмісцкага» артыкулу сведчыць пра тое, што ўласніку налічылі нейкія страты, якія ён павінен кампенсаваць.

«Калі ў вас маёмасць арыштаваная, страты налічаныя, то вашае майно прададуць, а грошы накіруюць у бюджэт. І сэнсу дадаваць туды свае сто баксаў кожны месяц я для сябе не бачу», – заключыў Кірылюк.

Ён адзначыў, што палітыку Паўлу Латушку шкоду ад ягоных дзеянняў налічылі ў памеры, які якраз быў трохі большы за кошт ягонай жа маёмасці.

Разбор
Як кампенсаваць беларусам рэпрэсіі і дзе на тое ўзяць грошы. Глядзім праект Офісу Ціханоўскай
2023.09.25 19:21

Якуб Хруст belsat.eu