Улады назвалі «інцыдэнтам» выкананне ў менскім тэатры песні «Пераменаў». Дырэктару пагражае звальненне


16 красавіка ў Музычным тэатры ў Менску прагучала песня «Пераменаў» Віктара Цоя. Яе выканаў варонежскі аркестр, які прыехаў у Беларусь з гастролямі. Цяпер, як піша «Зеркало», дырэктара тэатру хочуць звольніць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віяланчэлістка грае ў Нацыянальным акадэмічным тэатру оперы і балета Украіны. Кіеў, Украіна. 21 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Аўдыязапіс таго, што адбывалася ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры падчас выканання песні «Пераменаў», апублікаваў Telegram-канал «МотолькоПомоги». У допісе сцвярджаецца, што аркестру падпявала амаль уся зала. А выданне «Зеркало» піша, што гледачы «падтрымалі выступ, устаўшы з месцаў і ўключыўшы ліхтарыкі».

У той вечар канцэрт даваў сімфанічны аркестр Варонежскай канцэртнай залы, які прыехаў у Беларусь з праграмаю «Анталогія расейскага року».

Нягледзячы на тое, што песню выканалі гастралёры, дырэктару Музычнага тэатру Сяргею Пукіту цяпер пагражае звальненне.

Ва ўпраўленні культуры Менгарвыканкаму назвалі выкананне песні «Пераменаў» інцыдэнтам.

«Мы ведаем пра гэтую праблему. Кіраўніцтва гораду развязвае сітуацыю. Цяпер нічога не магу сказаць, аднак так, сапраўды, інцыдэнт быў. Як ён развяжацца, не магу сказаць, цяпер ідзе разгляд гэтага пытання», – сказала прадстаўніца ўпраўлення.

У прыёмнай тэатру каментаваць інфармацыю пра імавернае звальненне кіраўніка адмовіліся.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 21 сакавіка будзе апошнім днём працы Пукіты на пасадзе дырэктара. Пры гэтым артысты плануюць пісаць калектыўны ліст у абарону кіраўніка.

Сяргей Пукіта ўзначальвае Музычны тэатр з 2019 года. Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч у сваім Telegram-канале напісаў:

«Людзі, якім я цалкам давяраю, адгукаюцца пра Пукіту станоўча. Кажуць, у калектыве яго ўспрымаюць ледзь не найбольш адэкватным дырэктарам Музычнага за шмат гадоў».

Песня «Пераменаў» стала ледзь не гімнам мірнай рэвалюцыі ў Беларусі ў 2020 годзе. 6 жніўня гукааператары Палаца дзяцей і моладзі неспадзявана ўключылі яе на афіцыйнай імпрэзе ў Кіеўскім скверы, пасля гэтага ў Менску паўстала Плошча Пераменаў, дзе быў забіты Раман Бандарэнка.

Hавiны
Маргарыта Ляўчук запісала кавер на песню «Пераменаў»
2021.10.31 21:15

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў