Бабарыка: Кіраўніцтва краіны ратавала сваю ўладу ад людзей, якія хацелі змяніць жыццё да лепшага


Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка здолеў перадаць з СІЗА адказы на пытанні для РБК, у якіх распавёў пра сваё бачанне на існы палітычны крызіс у Беларусі.

Віктар Бабарыка распавёў, што сцверджанні ўладаў Беларусі пра нібыта вонкавую пагрозу для краіны і ратаванне незалежнасці з’яўляюцца няпраўдай. Былы банкір і палітык кажа, што кіраўніцтва краіны ратавала «ўласную ўладу ад людзей, якія хацелі б змяніць жыццё да лепшага, і дзеля гэтага гатовае было выкарыстоўваць нават прыцягненне вонкавых узброеных сілаў».

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пры гэтым Віктар Бабарыка выказвае меркаванне, што захаваць сапраўдную незалежнасць краіны не ўдалося.

«Як і ў любога чалавека, у дзяржавы незалежнасць абапіраецца на эканоміку. Калі не можаш забяспечыць сам сябе, а бярэш сродкі на сваё ўтрыманне ў бацькоў, сваякоў ці сяброў, то казаць пра незалежнасць складана», – выказвае меркаванне Віктар Бабарыка.

Hавiны
Суд над Віктарам Бабарыкам працягнецца 22 сакавіка
2021.03.17 22:33

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

На судовай лаве і сем былых падначаленых Бабарыкі. Іх усіх вінавацяць паводле ўжо згаданага арт. 430. Гэта Кірыл Бадзей, які летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Бабарыкі, былыя намеснікі старшыні кіраўніцтва Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, а таксама былы першы намеснік кіраўніцтва Аляксей Задойка.

Яшчэ адзін падвіноўны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Віктар Бабарыка «катэгарычна нязгодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці». Усе іншыя фігуранты сваю віну прызнаюць.

Артыкулы
За чатыры паседжанні не зразумелі сутнасці абвінавачання. Што кажуць пра справу Бабарыкі прысутныя на судзе
2021.02.22 20:53

СК belsat.eu

Стужка навінаў