Пачаўся суд над заснавальнікам крамы Symbal.by Паўлам Белавусам. Ён пройдзе ў закрытым рэжыме


У Менскім гарадскім судзе 20 лютага пачаўся разгляд справы заснавальніка крамы Symbal.by і культурніцкага менеджара Паўла Белавуса. Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў заняволення.

Павел Белавус.
Фота: Белсат

Працэс будзе весці суддзя Жана Брысіна. Працэс пачаўся ў адкрытым рэжыме, аднак дзяржаўныя медыі паведамляюць, што дзяржабвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме і яго задаволілі.

Паўла Белавуса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»);
  • арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»);
  • арт. 356 («Здрада дзяржаве»).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у абвінавачванні гаворыцца, што Павел «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», вёў «антыдзяржаўную дзейнасць» і «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні Радзімы». Таксама Паўла абвінавачваюць у кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем – Беларускай радай культуры, якая была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», калі ён ужо сем месяцаў утрымліваўся пад вартаю.

Паўла Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 года. Ён прызнаны палітвязнем.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў