Прафесар Універсітэту Гётэ – пра ўплыў вакцынацыі на статыстыку смяротнасці і будучыню пандэміі каронавіруса


Прафесар Універсітэту Гётэ Рольф Маршалек пагутарыў з карэспандэнткаю «Белсату» Арынаю Маліноўскаю пра ўплыў вакцынацыі на статыстыку смяротнасці і будучыню пандэміі каронавіруса.

Прафесар Універсітэту Гётэ Рольф Маршалек.
Фота: Белсат

– Як вакцынацыя ўплывае на статыстыку захворвання і смяротнасці?

– Вакцынацыя сапраўды моцна адбіваецца на ўзроўні смяротнасці, а таксама на выжывальнасці пацыентаў. Калі мы зірнем на звесткі, можна пабачыць, што некаторыя вакцынаваныя людзі ўсё ж могуць захварэць, але хвароба праходзіць не ў такой цяжкай форме, як без вакцынацыі. Я ўзяў звесткі мінулага года, калі людзі яшчэ не былі вакцынаваныя. Відаць, што са 100 000 хворых каля 20 000 былі шпіталізаваныя, а каля 3000 памерлі ў бальніцах.

Цяпер, калі мы паглядзім на 100 000 вакцынаваных людзей, то мы бачым, што 16 з іх аказваюцца ў блльніцы, і толькі сямёра памерлі. Гэта звесткі з Нямеччыны, не ўсяго свету, вядома, але відавочна, што вакцынацыя моцна ўплывае на ўзровень смяротнасці, а таксама на шпіталізацыю інфікаваных.

Інтэрв’ю
Эксперты тлумачыць, ці варта вырабляць беларускую вакцыну ад каронавіруса
2021.11.17 10:00

– Якія з вакцынаў вы можаце вылучыць як найбольш бяспечныя і эфектыўныя?

– Магу дакладна сказаць, што нашыя вакцыны на аснове мРНК – «Moderna» і «Pfizer» – самыя эфектыўныя з наяўных на гэты момант. Пры гэтым вектарныя вакцыны – «AstraZeneca», «Janssen» («Johnson & Johnson») – менш эфектыўныя, калі гаворка пра цяперашні варыянт дэльта. Вакцыны на аснове мРНК маюць эфектыўнасць каля 90 % пры штаме каронавіруса дэльта. Нядаўна я прачытаў апошнюю справаздачу з Нямеччыны пра бяспеку еўрапейскіх вакцынаў. Вядома, пабочныя эфекты могуць назірацца, і гэта цалкам відавочна.

Самыя сур’ёзныя пабочныя эфекты – ліхаманка, галаўны боль, боль у руцэ ў вобласці ін’екцыі, і ў некаторых людзей назіраюцца трамбатычныя з’явы. Мы таксама бачылі некалькі выпадкаў неўракардыі, але гэта былі мяккія эфекты. І яшчэ я магу сказаць людзям: не глядзіце гэтых фэйкавых навінаў, што распаўсюджваюцца ашуканцамі, якія не маюць уяўлення, пра што яны кажуць. Звярніцеся да экспертаў ды паслухайце, што яны скажуць, і паверце: вакцынацыя – адзінае выйсце з пандэміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Калі мы ў выніку падлічым, у колькіх выпадках назіраюцца пабочныя эфекты, то іх атрымліваецца ўсяго некалькі. Я падлічыў, што, напрыклад, для вакцыны «Pfizer» мы маем адзін выпадак на 1 мільён вакцынаваных з сур’ёзнымі пабочнымі эфектамі. Каб вам было зразумела, калі мы вакцынуем 1 мільён чалавек, і яны абароненыя ад віруса, можа стацца, што ў аднаго з гэтых людзей будуць сур’ёзныя пабочныя эфекты. Але мы, з другога боку, маем 999 999 чалавек, рэзістэнтных да хваробы.

– А як вы ставіцеся да расейскай вакцыны «Sputnik V»?

– Дасюль застаюцца пытанні пра апублікаваныя расейцамі даследаванні. А таксама ёсць рэальная праблема ў кантактах з грамадскасцю – звесткі даследаванняў вакцыны не былі адкрытыя. Таму шмат кія навукоўцы ўва ўсім свеце выказалі заклапочанасць, што ў выніку прывяло да таго, што вакцына «Sputnik V» фактычна не была станоўча ўспрынятая ў свеце. Таму «Sputnik V» не запатрабаваны ў Еўропе.

Hавiны
І што, калі я захварэю? 10 самых важных фактаў пра каронавірус
2021.11.01 11:42

– Якія прагнозы адносна каронавіруса?

– Першыя вынікі лячэння каронавіруса з’явяцца прыкладна праз дзесяць гадоў. І калі вы хочаце чакаць дзесяць гадоў, каб атрымаць лекі ад каронавіруса, то вы рызыкуеце памерці, бо гэтыя новыя штамы зловяць вас. Я думаю, калі мы працягнем праграму вакцынацыі, як мы гэта робім цяпер, і калі кожная краіна будзе вакцынаваць сваё насельніцтва, то мы пазбавімся ад гэтага віруса вельмі лёгка. Я думаю, у Еўропы гэта зойме яшчэ год, а ў іншых дзяржаваў свету гэта, магчыма, забярэ трохі больш часу, каб вакцынаваць усіх людзей. Але гэта адзінае выйсце з пандэміі.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў