Які суп прыгатаваць увосень?


Самая восень, а значыць, час з халаднікоў пераходзіць на гарачыя сезонныя супчыкі, пагатоў ураджайнасць гэтага года дазваляе шыкаваць разнастайнасцю.

Мы сабралі для вас топ-5 восеньскіх супоў, якія можна знайсці ў рэстаранах, але не так складана прыгатаваць і ўдома.

Гарбузовы суп.
Фота: gastronom.ru

1. На першым месцы – розныя варыяцыі з гарбузоў. У традыцыйны суп, які прапаноўваем мы, таксама можна дадаць моркву, бульбу ці нават яблыкі.

Нам спатрэбяцца: гарбуз – 400 г, цыбуля – 1 шт., масла – 40 г, вяршкі 18 % – 200 мл, соль, прыправы (перац, папрыка салодкая ці вэнджаная, імбір ды інш.) – на смак, белы хлеб для грэнак, зеляніна і гарбузовыя семкі для ўпрыгожання.

На масле абсмажыць цыбулю, дадаць парэзаны на дробныя кавалкі гарбуз і крыху вады. Пратушыць 20 хвілінаў, дадаць соль і прыправы. Пасля ўсё перамалоць у блэндары з дадаткам гарачых вяршкоў і пераліць ізноў у рондаль, але не даводзіць да кіпення. Белы хлеб падсмажыць на масле. І можна разліваць па талерках, упрыгожыўшы зелянінай і семкамі!

Грыбны суп з баклажанамі.
Фота: menunedeli.ru

2. Грыбны суп з баклажанамі.

Нам спатрэбяцца: баклажан – 2 шт., цыбуля – 1 шт., морква – 0,5 шт., бульба – 2 шт., сезонныя грыбы – 200 г, малако – 500 мл, вада – 800 мл, соль – на смак, перац чорны – на смак, алей аліўкавы – 3 лыжкі.

Парэзаць баклажаны і засыпаць іх соллю (0,5 лыжачкі), перамяшаць. Нарэзаць грыбы, цыбулю і нацерці моркву. Прамыць, прасушыць і падсмажыць на алеі баклажаны. У рондалі падсмажыць на алеі цыбулю з морквай і дадаць грыбы, парэзаную кубікамі бульбу. Пратушыць. Заліць малако і гатаваць 10 хвілінаў на малым агні. У канцы дадаць баклажаны і патрымаць на агні яшчэ 5–7 хвілінаў. Суп гатовы! Можна ўпрыгожыць кропам.

Суп з бульбы з яйкам і смятанаю.
Фота: menunedeli.ru

3. Суп з бульбы з яйкам і смятанаю.

Нам спатрэбяцца: бульба – 600 г, смятана 20 % – 250 г, мука – 2 лыжкі, зеляніна, яйка варанае – 2 шт., соль, чорны перац, лаўровы ліст – на смак, вада ці мясны булён – 1 л.

Бульбу парэзаць кубікамі, заліць вадой і варыць з прыправамі 7–10 хвілінаў. Асобна змяшаць смятану, муку і дадаць паўшклянкі вады, перамяшаць, каб не засталося камякоў. Дадаць закрасу ў рондаль і давесці да кіпення, праварыць 2–3 хвіліны, засыпаць зеляніну і даць настаяцца 5–10 хвілінаў. Можна падаваць! Толькі не забудзьцеся пакласці ў талерку палову яйка.

Гарохавы суп з грудзінкаю.
Фота: menunedeli.ru

4. Гарохавы суп з грудзінкаю.

Нам спатрэбяцца: гарох сухі – 200 г, цыбуля – 1 шт., морква – 100 г, аліўкавы алей – 2 лыжкі, грудзінка вэнджаная – 200 г, вада – 2 л, лаўровы ліст – 2 шт., папрыка – чвэрць лыжачкі, часнык – 1 зубок, пятрушка – на смак, соль і чорны перац – на смак.

Перад тым як гатаваць, гарох трэба заліць вадою, даць настаяцца 3–4 гадзіны, пасля прамыць. Заліць вадою, паставіць на агонь і варыць з гадзіну. Нарэзаную цыбулю падсмажыць з нацёртаю моркваю на алеі. Асобна падсмажыць нарэзаную грудзінку да залацістага колеру і дадаць да яе цыбулю з моркваю, патрымаўшы на малым агні яшчэ 2–3 хвіліны. Пасля ўсё перакласці ў рондаль да гароху і дадаць прыправы з праціснутым часныком. Гатаваць яшчэ 5 хвілінаў. Падаваць з зелянінаю.

Мінэстронэ.
Фота: menunedeli.ru

5. Мінэстронэ.

Нам спатрэбяцца: гарбуз – 20 г, цыбуля – 1 шт., салера – 1 шт., часнык – 2 зубкі, фасоля сухая – 150 г, заліць вадою на ноч, перац салодкі – 1 шт., баклажан – 0,5 шт., памідор – 1 шт., таматы кансерваваныя – 400 г, спагеці – 30 г, аліўкавы алей – 2 лыжкі, прыправы – на смак, 1 лыжачка, соль, чорны перац – на смак, зеляніна і сыр цвёрды – пры падаванні.

Фасолю заліць вадой і варыць 40 хвілінаў. Гародніну нарэзаць дробнымі кубікамі, а таматы прапусціць праз блэндар, памідор разрэзаць на дзве паловы і нацерці без шкурак. У рондаль наліць алей, дадаць дробна нарэзаную цыбулю, салеру і часнык ды пратушыць хвілінаў 10 на малым агні, дадаючы крыху кіпеню. Дадаць гарбуз, а яшчэ праз 10 хвілінаў – астатнюю гародніну і прыправы. Тушыць яшчэ 10 хвілінаў. У канцы дадаць фасолю, ваду і спагеці ды варыць да іх гатовасці. Гушчыню супу кантраляваць, дадаючы на смак ваду. Даць настаяцца паўгадзіны і падаваць з зелянінай і сырам.

Смачна есці і цёплых вам восеньскіх дзён!

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў