У Беларусі хочуць адкрыць аналаг расейскага цэнтру вайскова-патрыятычнага выхавання «Авангард»


Аналаг расейскага вучэбна-метадычнага цэнтру вайскова-патрыятычнага выхавання «Авангард» плануецца адкрыць у Беларусі, піша ТАСС.

Заняткі ў цэнтры «Авангард».
Фота: avangard.center

«Нашыя калегі з Беларусі хочуць адкрыць у сябе аналаг «Авангарда». Стэнд «Авангарда» наведваў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, – распавяла дырэктарка цэнтру Дар’я Барысава падчас форуму «Армія-2023». – Ён ужо быў у нашым цэнтры некалькі гадоў таму, аглядаў тэрыторыю. Мы дамовіліся аб тым, што ў найбліжэйшы час прапрацуем магчымасць падпісання міжнароднага мемарандума аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне паміж нашымі краінамі і паўдзельнічаем у стварэнні «Авангарда» на тэрыторыі Беларусі».

Беларускі цэнтр вайскова-патрыятычнага выхавання можа адкрыцца пад іншай назвай.

«Але сутнасці гэта не памяняе», – падкрэсліла Барысава.

Вучэбна-метадычны цэнтр вайскова-патрыятычнага выхавання «Авангард» быў пабудаваны ў Расеі ў 2020 годзе. У ім праводзяцца вайсковыя зборы для школьнікаў і студэнтаў. На працягу 5 дзён старшакласнікі і студэнты вывучаюць шэсць ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў пад кіраўніцтвам інструктараў, педагогаў і важатых. Цэнтр разлічаны на адначасовае навучанне і кругласутачнае пражыванне 900 школьнікаў і 1800 студэнтаў выпускных курсаў каледжаў з Масквы і Маскоўскай вобласці. За год цэнтр прымае звыш 80 тысяч курсантаў.

Мэта «Авангарду» у Расеі – адукацыя і выхаванне моладзі ў духу любові да радзімы і папулярызацыя вайсковай і дзяржаўнай службы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў