У Пекіне адбылася сустрэча старшыні КНР Сі Цзінь Піна з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам


Днём 19 чэрвеня ў кітайскай сталіцы Пекіне адбылася сустрэча старшыні КНР Сі Цзінь Піна з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Паведамляецца, што кітайскі лідар прывітаў «прагрэс» у перамовах з ЗША. Сустрэча была накіравана на тое, каб спрэчкі звышдзяржаў не перараслі ў канфлікт, перадае Reuters.

Сустрэча Сі Цзінь Піна і Энтані Блінкена ў Пекіне 19 чэрвеня 2023 года.
Фота: news.cn

Пры сустрэчы яны паціснулі адзін аднаму рукі, а затым дэлегацыі сустрэліся за сталом для перамоваў на чале з Сі Цзінь Пінам і Энтані Блінкенам справа ад яго. Усяго сустрэча доўжылася каля 30 хвілін.

Амаль ніякіх падрабязнасцяў таго, што яны абмяркоўвалі, на публіку вынесена не было.

Кітайскія СМІ толькі цытуюць выказванні Сі Цзінь Піна па выніках гэтай сустрэчы, у якіх той гаворыць пра супольную адказнасць ЗША ды Кітаю за мір і бяспеку на планеце.

«Свету патрэбны ў цэлым стабільныя кітайска-амерыканскія адносіны, і ад таго, ці змогуць Кітай і ЗША правільна дамовіцца, залежыць будучыня і лёс чалавецтва», – сказаў ён.

Паводле словаў кітайскага лідара інтарэсы дзвюх краінаў павінны ўспрымацца ўсур’ёз, а не як пагрозы адна адной. Таксама ён лічыць, што міжнародная супольнасць не жадае канфліктаў паміж Кітаем і ЗША.

«Кітай паважае інтарэсы Злучаных Штатаў і не будзе кідаць выклік Злучаным Штатам ці замяняць іх. Гэтак жа Злучаныя Штаты павінны таксама паважаць Кітай і не наносіць шкоду законным правам і інтарэсам Кітая», – сказаў Сі Цзінь Пін.

Сустрэча Сі Цзінь Піна і Энтані Блінкена ў Пекіне 19 чэрвеня 2023 года.
Фота: news.cn

Гэтая сустрэча можа дапамагчы арганізаваць саміт паміж старшынёй КНР і прэзідэнтам ЗША Джо Байдэн пазней у гэтым годзе.

Байдэн і Сі Цзінь Пін апошні раз сустракаліся ў кулуарах саміту G20 на Балі ў лістападзе мінулага года. Тады яны абяцалі адзін адному мець больш частыя зносіны, але з тых часоў сувязі пагоршыліся праз пытанні, пачынаючы ад Тайваня і сканчаючы шпіёнскімі праблемамі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў