Дагнаць і перагнаць. Як пачыналася гонка ўзбраенняў


Мара Аляксандра Лукашэнкі пра ядравую зброю, якую ён калісьці называў «зброяй вар’ятаў», можа вось-вось збыцца. Ён мяркуе, што наяўнасць ядравай зброі дазволіць рабіць усё, што яму захочацца. Гісторыя ж сведчыць, што «ядравае стрымліванне не працуе», а толькі пагаршае канфлікты. Як і не ратуе яно рэжымы, яскравым прыкладам чаму ёсць СССР.

Запасы ядравай зброі ў свеце на 2023 год. Крыніца: fas.org

Пошук «цуда-зброі» супраць вайны

З’яўленню ядравай зброі папярэднічала навуковая рэвалюцыя ў вывучэнні радыеактыўных элементаў у першай траціне ХХ стагоддзя. Так атрымалася, што гуманістычная мэта – дапамагчы чалавецтву ў пошуку новых крыніцаў энергіі – завяршылася стварэннем новай зброі. Умоваю для гэтага стала другая сусветная вайна – яе ўдзельнікі былі гатовыя выдаткоўваць агромністыя рэсурсы на распрацоўванне «цуда-зброі», якая магла б прывесці да хуткай перамогі і прадухіліць войны ў будучыні. Пра магчымасць стварэння такой зброі выказаўся нобелеўскі лаўрэат у галіне хіміі Фрэдэрык Жальё-Кюры (Jean Frédéric Joliot-Curie), які заўважыў, што ў выніку толькі што вынайдзенага расчаплення атаму ўрану вызваляецца неймаверная колькасць энергіі.

Агляд
«Зброя вар’ятаў», «ненавіджу». Што Лукашэнка казаў пра ядравую зброю, якую хоча пусціць у Беларусь
2023.03.28 14:10

Пасля акупацыі нацыстамі Францыі ў 1940 годзе Жальё-Кюры перадаў свае даследаванні і матэрыялы ў Вялікую Брытанію, дзе праз пагрозу акупацыі яе астравоў Нямеччынай распачалі працу стварэння ядравай зброі. Пасля вайны Жальё-Кюры ініцыяваў стварэнне Камісарыяту атамнай энергіі Францыі, які за тры гады стварыў першы ядравы рэактар у краіне, што на сёння мае разгалінаваную сетку АЭС. Першая ядравая зброя з’явілася у Францыі толькі праз 15 гадоў пасля гэтага.

Фрэдэрык Жальё-Кюры. Крыніца: photo.rmn.fr

Пры гэтым Жальё-Кюры належаў да Камуністычнай партыі Францыі і быў абаронцам СССР, а ў 1950 годзе ініцыяваў так званы Стакгольмскі заклік. Подпісы пад ім паставілі 273,5 млн асобаў, у тым ліку 14 млн французаў, 17 млн італьянцаў, 3 млн японцаў, 2 млн амерыканцаў, 1 млн англічан, але найперш – амаль усё дарослае насельніцтва СССР, 115,5 млн асобаў. Дакумент патрабаваў забароны ядравай зброі як «зброі запалохвання і масавага знішчэння людзей», міжнароднага кантролю за яго выкарыстаннем  і каб першая краіна, што яе выкарыстае, разглядалася як вайсковая злачынца.

Якуб Колас і Васіль Купрэпіч падпісваюць Стакгольмскі заклік. 1950 год. Крыніца: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музей літаратуры і мастацтва / wikipedia.org

Нацыстам для ядравай зброі не хапіла фізікаў, якія ўцяклі ад Галакосту

Нацысты ўзяліся за распрацоўванне ядравай зброі амаль ад пачатку Другой сусветнай вайны ў Еўропе – 26 верасня 1939 года, калі была распачатая праграма пад назвай «Уранавы праект» (Uranprojekt Kernwaffenprojekt). Ужо цягам году навукоўцы абяцалі стварэнне ядравай зброі. Але свету пашанцавала – каб уратавацца ад фізічнага знішчэння, краіну пакінулі многія таленавітыя фізікі габрэйскага паходжання. Таму нацысты цягам года праводзілі памылковыя эксперыменты, што дало такі неабходны час Англіі і ЗША, куды і ўладкаваліся на працу былыя нямецкія навукоўцы. Калі ж нацысты пабачылі хібы сваёй працы і ўзяліся за яе з самага пачатку, ім перашкаджалі дыверсіі саюзнікаў. У выніку нацысцкая Нямеччына, што напярэдадні вайны мела найлепшую базу для вынаходжання ядравай зброі, так яе і не атрымала.

Агляд
Самыя паспяховыя дыверсіі ў гісторыі
2023.03.03 16:21

Першымі мусілі стаць брытанцы

Ва ўмовах вайны з нацысцкай Нямеччынай за распрацоўванне ядравай зброі ўзялася Вялікая Брытанія. Ініцыявалі гэтую працу нямецкія навукоўцы габрэйскага паходжання, якія змаглі ўцячы ў Англію. Напрыклад, Рудольф Паерлс (Rudolf Ernst Peierls). Ужо ў красавіку 1940 года ён запачаткаваў так званы «MAUD Committee» – камітэт брытанскіх і нямецкіх навукоўцаў, якія працавалі над першай ядравай бомбай у свеце.

17 верасня 1941 года камітэт падрыхтаваў справаздачу пра сваю дзейнасць і перспектывы працы. Ужо праз пару гадзінаў пасля гэтага адзін з савецкіх агентаў перадаў дакумент у Маскву, тым самым фактычна даў старт працы СССР над уласнай ядравай зброяй. Адначасова брытанскія даследаванні дапамаглі і амерыканцам, якія 13 жніўня 1942 года распачалі супольны з Брытаніяй Мангэтанскі праект (Manhattan Project). Праект завяршыўся поспехам, але пасля атрымання бомбы амерыканцы 1 жніўня 1946 года прынялі «Закон аб адравай энергіі». Паводле яго, навуковыя звесткі пра ядравую зброю абвяшчаліся закрытымі дадзенымі, у выніку доступ да іх Вялікай Брытаніі быў скасаваны. Таму брытанцы мусілі ў студзені 1947 года аднавіць сваю ядравую праграму, але толькі ў 1952 годзе яны дасягнулі мэты – правялі першае выпрабаванне ядравай зброі. Пасля гэтага амерыканцы зноў аднавілі з імі супрацу і ў 1958 годзе падпісалі пагадненне пра ўзаемную абарону.

Першай стала «Штучка» ў 21 кілатонну

2 жніўня 1939 года з’явіўся так званы «Ліст Айнштайна Рузвэлту», ініцыяваны шэрагам навукоўцаў-фізікаў, якія ведалі пра даследаванні Нямеччыны ў ядравай галіне, тым больш што пасля анексіі Чэхаславаччыны нацысты атрымалі ўранавыя руднікі. Урад ЗША на чале з прэзідэнтам Фрэнклінам Рузвэлтам заклікалі распачаць працу для стварэння ядравай зброі. Але толькі фактычны ўваход ЗША ў вайну прымусіў іх перайсці да канкрэтных дзеянняў.

Урэшце ў ліпені 1945 года пад кіраўніцтвам Робэрта Опэнгаймэра (J. Robert Oppenheimer) ядравая бомба была распрацаваная і 16 ліпеня 1945 года выпрабаваная. Яна мела назву «Штучка» («Gadget», 21 кілатонна ў трацілавым эквіваленце) у штаце Нью-Мексіка ЗША. У выніку выбуху поўнасцю выпарыліся нават металічныя і бетонныя канструкцыі, што трапілі ў эпіцэнтр выбуху, святло ад якога назіралі амаль за 300 км.

Ужо 24 ліпеня 1945 года ў Потсдаме прэзідэнт ЗША Трумэн паведаміў Сталіну, што «цяпер ёсць зброя незвычайнай разбуральнай моцы». Сталін на гэта толькі ўсміхнуўся, бо быў выдатна праінфармаваны ад сваіх шпіёнаў пра выпрабаванні.

Выбух першай ядравай бомбы. 16 ліпеня 1945 года. Крыніца: United States Department of Energy / wikipedia.org

У чэрвені 1945 года з’явілася петыцыя амерыканцкіх фізікаў на чале з нобэлеўскім лаўрэатам Джэймсам Франкам (James Franck), якія заклікалі не выкарыстоўваць ядравай бомбы супраць Японіі, а правесці толькі дэманстрацыйны выбух на незаселенай выспе. Але 6 і 9 жніўня амерыканцы ўсё роўна скінулі бомбы на Хірасіму (бомба з уранавым зарадам «Малы», «Little Boy») і Нагасакі (бомба з плутоніевым зарадам «Талстун», «Fat Man»). У выніку былі забітыя каля 80 тысяч асобаў, яшчэ ад 150 да 240 тысяч загінулі ад прамянёвай хваробы і анкалагічных захворванняў.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ЗША працягвалі рэгулярныя выпрабаванні ядравай зброі, што праводзіліся серыямі ў некалькі выбухаў, а 1 лістапада 1952 года амерыканцы правялі першыя выпрабаванні тэрмаядравай зброі – выбух ацэньваўся на 10–12 мегатоннаў.

Выбух першай савецкай ядравай бомбы на палігоне ў Сяміпалацінску, зроблены праз 2 секунды пасля паспяховага выпрабавання. Крыніца: phys.msu.ru

«Дагнаць і перагнаць»

Услед за запускам амерыканцамі Мангэтанскага праекту ў СССР 28 верасня 1942 года была прынятая пастанова «Аб арганізацыі працаў з уранам». Да таго ж, Савецкі Саюз атрымліваў падрабязныя звесткі наконт працы англічанаў і амерыканцаў у стварэнні ядравай бомбы. Напрыклад, ужо праз 12 дзён пасля заканчэння збірання першай ядравай бомбы «Штучка» яе апісанне было ў Маскве.

Над уласнай бомбай у СССР працавалі ўжо з лютага 1943 года і завяршылі паспяховую працу выпрабаваннямі на Сяміпалацінскім палігоне Казахстану 29 жніўня 1949 года. Праз год СССР афіцыйна абвясціў пра наяўнасць гэтай зброі. Пры гэтым амерыканцы лічылі, што Савецкі Саюз вырабіць такую бомбу не раней за сярэдзіну 1950-х гадоў.

Савецкая тэрмаядравая бомба АН602. Крыніца: army.ric.mil.ru

Савецкі Саюз намагаўся «дагнаць і перагнаць» Амерыку, але як гэта зрабіць, калі, для параўнання, у 1952 годзе ў ЗША было больш за 1000 ядравых бомбаў, а ў СССР – толькі 50, а ў 1962 было 26 тысяч бомбаў супраць 4. У выніку быў абраны іншы шлях і 30 кастрычніка 1961 года адбылося выпрабаванне «Цар-бомбы» (АН602) або, як яе яшчэ называлі, «Кузькина-мать», якая мела 58,6 мегатоннаў – наймагутнейшая выбуховая прылада ў гісторыі.

Усведамленне таго, што ў ядравай вайне пераможцаў не будзе, ўрэшце рэшт прывяло да прыняцця ў 1968 годзе «Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі», якая ўвайшла ў моц у 1970 годзе.

Але фактычна да часу перабудовы СССР працягваў нарошчваць колькасць ядравых зарадаў, якая дасягнула піку ў 1987 годзе – каля 38 тысяч штук, у той час як ЗША пачалі паступовае іх скарачэнне да 23,5 тысяч. Падтрыманне такой колькасці зброі патрабавала вялізных эканамічных выдаткаў, што ў рэшце сталася адной з падставаў для развалу СССР. Ці памятае пра гэта Аляксандр Лукашэнка, які мае дыпломы і «гісторыка», і «эканаміста»?

Выбух ядравай бомбы ў Французскай Палінэзіі. 1970 год. Крыніца: flickr.com

Найвялікшы запас ядравай зброі ў Заходняй Еўропе – у Францыі

З’яўленне ядравай зброі ў Брытаніі прывяло да зрухаў і ў Францыі, якая ў 1954 годзе пацярпела паразу ў вайне супраць сваіх калоніяў у Індакітаі і пастанавіла ўзнавіць распрацоўванне ядравай зброі. Выпрабаванні прайшлі 13 лютага 1960 года ў Алжыры, а пасля атрымання гэтай краінай незалежнасці яны праводзіліся ў Французскай Палінэзіі. Францыя не далучалася да мараторыю аб правядзенні ядравых выпрабаванняў ажно да 1992 года (былі ратыфікаваныя ў 1998-м) і правяла іх больш за 200. На сёння Францыя валодае найбольшай колькасцю ядравых зарадаў у Еўропе – 290 (у Вялікай Брытаніі – 225). Пры гэтым супольныя выдаткі Францыі і Вялікай Брытаніі на падтрыманне сваіх ядравых арсеналаў большыя, чым у Расеі – 12,4 млрд долараў супраць 9,6 млрд (паводле дадзеных на 2022 год).

Азіяцкая ядравая бочка

Кітай за распрацоўванне ўласнай ядравай зброі ўзяўся з дапамогаю СССР у 1956 годзе і завяршыў яе ў 1964 годзе выпрабаваннямі. У 1967 годзе ён услед за СССР, ЗША і Вялікай Брытаніяй выпрабаваў і тэрмаядравую зброю. На сёння Кітай мае больш за 400 ядравых зарадаў, а да 2035 года плануе давесці іх колькасць да 1,5 тысяч.

Праз пагрозу вайны з Кітаем вакол спрэчных тэрыторыіяў за распрацоўванне ядравай зброі ў 1972 годзе ўзялася Індыя. Яшчэ ў 1955 годзе яна атрымала ад Вялікай Брытаніі і далей ад Канады дапамогу пры стварэнні ядравага рэактару. На яго базе распачалося здабыццё неабходнага плутонію. А 18 траўня 1974 года адбыўся першы іспыт – аперацыя «Усмешлівы Буда» – падрыў на глыбіні 107 м ядравай бомбы. 11 траўня 1998 года індыйцы здзейснілі і тэрмаядравыя выпрабаванні, а на сёння валодаюць больш чым 160 ядравымі зарадамі.

Амаль адначасова з індыйскай стартавала і ядравая праграма Пакістану, які ў 1972 годзе пацярпеў паразу ад Індыі. У распрацоўванні дапамагалі французскія спецыялісты. Праца працягвалася з перапынкамі ажно да 1995 года, калі ў краіне быў запушчаны першы рэактар. На яго базе распачалося атрыманне плутонію і, нарэшце, 28 траўня 1998 года Пакістан здзейсніў серыю з пяці падземных выбухаў. На сёння ён валодае каля 170 ядравымі зарадамі.

10 лютага 2005 года пра наяўнасць ядравай зброі заявіла Паўночная Карэя, якая правяла выпрабаванні 9 кастрычніка 2006 года. Пасля гэтага ў краіне былі ўнесеныя папраўкі ў Канстытуцыю пра ядравы статус краіны. Заснавальнік жа краіны Кім Ір Сэн выступаў за ўсеагульнае ядравае абяззбройванне, але ўсё мяняецца, як і Канстытуцыя Беларусі.

Да ядравых дзяржаў таксама прылічваюць Ізраіль, дзе распрацоўванні вяліся яшчэ з канца 1960-х гадоў і, меркавана, завершыліся супольнымі з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай выпрабаваннямі 22 верасня 1979 года – так званы «інцыдэнт Вэла» («Vela incident») каля астравоў прынца Эдўарда. На сёння ў Ізраілі каля 100 ядравых зарадаў. ПАР жа адмовілася ад ядравай зброі ў 1989 годзе пасля падзення рэжыму апартэіду і далучылася ў 1991 годзе да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі.

27 ліпеня 1990 года ў артыкуле 10-й дэкларацыі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь» замацоўвалася мэта зрабіць тэрыторыю нашай краіны «бяз’ядравай зонай, а рэспубліку – нейтральнай дзяржавай». З гэтае нагоды Беларусь далучылася да Дамовы аб скарачэнні стартэгічных наступальных узбраенняў і атрымала гарантыі бяспекі з боку Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатаў Амерыкі і Расейскай Федэрацыі. Яны былі замацаваныя Будапэшцкім мемарандумам ад 5 снежня 1994 года, подпіс пад якім паставіў асабіста «першы прэзідэнт» (і, магчыма, апошні) Аляксандр Лукашэнка. Цяпер жа ён скасоўвае гэтую дамову размяшчэннем расейскай ядравай зброі, кіраваць якой будзе Крэмль. Як тое і было да з’яўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь – у часы БССР.

Абноўлена
У Варшаве адбылася акцыя супраць размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі
2023.06.18 17:01

Барыс Булат belsat.eu 

Стужка навінаў