Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 19 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 19 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 33 600 чалавек.

Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Рубежнае, Тошкіўка, Арыхава, Гірскае, Залатое, Первамайск, Ніркова, Мікалаіўка і Севераданецк. У апошнім працягваюцца вулічныя баі з мэтаю ўсталявання поўнага кантролю над горадам. На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе войскі РФ не вялі наступальных дзеянняў, але актыўна ўжывалі артылерыю і сістэмы залпавага агню.

За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы ў асноўным умацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю сярод асабовага складу. Адзначаецца, што на Харкаўскім і Паўднёвабужскім напрамках расейцы трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў.

Тым часам дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань заявіў, што партызанскі рух у акупаванай Херсоншчыне працягвае ўзмацняцца. Паводле дэпутата, пасля задушэння мітынгаў людзі перайшлі ў падполле і гэтак працягваюць расклейваць улёткі, развешваць украінскія сцягі і ўзрываць акупантаў. Нагадаем, раней былі ўзарваныя ў машыне чатыры расейскія жаўнеры, а цяпер – былы начальнік калоніі Собалеў.

У так званай «ЛНР» заявілі, што байцы і камандаванне ўкраінскага батальёну «Айдар» здалося ў палон. Сцвярджаецца, што гэта адбылося ў населеным пункце Мяцёлкіна каля Севераданецку. Украінскі бок пра лёс батальёну «Айдар» пакуль нічога не паведамляў.

Між тым некалькі чалавек з ліку камандавання ўкраінскага палку «Азоў», якія трапілі ў палон у Марыупалі, дастаўлены ў СІЗА «Лефортава» у Маскве. Пра гэта паведамляе ТАСС. Аднак імёны камандзіраў не называюцца.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што вайна Расеі супраць Украіны можа заняць гады, таму альянс не павінен спыняць падтрыманне Украіны.

З аналагічнай заявай выступіў і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Паводле яго, адной Украінай Пуцін не задаволіцца. Прэм’ер нагадаў, што «на мінулым тыдні ён параўнаў сябе з Пятром Вялікім і прыпісаў Расеі вечнае права «вяртаць» любую тэрыторыю, калі-небудзь населеную «славянамі» – такая дактрына дазволіць заваяваць шырокую частку Еўропы, у тым ліку саюзнікаў па NATO».

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Расеі Рамзан Кадыраў раскрытыкаваў краіны АДКБ за адсутнасць публічнага падтрымання расейскага ўварвання ва Украіну, заявіўшы, што «для Расеі ад гэтай арганізацыі карысці няма». Паводле яго, Расея выратавала рэжымы ў Беларусі і Казахстане, а тыя не ідуць на дапамогу, «калі Расеі патрэбна».

Пры гэтым былы кіраўнік Службы вонкавай выведкі Украіны, генерал арміі Мікалай Маламуж заявіў, што Аляксандр Лукашэнка наўрад ці вырашыцца найбліжэйшым часам на наступальную аперацыю супраць Украіны, паколькі Расея цяпер не мае поспехаў у наступальных дзеяннях. Генерал мяркуе, што Лукашэнка мог бы пайсці на ўварванне, толькі калі б Расея займалася акупацыяй Украіны, і тады б рэжым далучыўся на фоне нейкай перамогі.

Выданне Politico са спасылкай на ананімныя крыніцы ў Міністэрстве абароны ЗША паведаміла, што Пентагон разглядае магчымасць перадачы Украіне ў наступным пакеце ваеннай дапамогі яшчэ чатырох ракетных сістэмаў залпавага агню «HIMARS» у дадатак да чатырох ужо паабяцаных.

Гаворыцца, што яшчэ па тры аналагічныя сістэмы «M270 MLRS» абяцаюць перадаць Вялікая Брытанія і Нямеччына. Гэтыя сістэмы здольныя знішчаць цэлі на адлегласці да 80 кіламетраў, што пераўзыходзіць радыус дзеяння расейскіх сістэмаў залпавага агню.

Hавiны
«Гэта сігнал усім здраднікам». Херсонскі дэпутат пракаментаваў падрыў машыны калабаранта
2022.06.19 09:57

ВК belsat.eu

Стужка навінаў