«Прадмова» ў Варшаве: пісьменнікі дыскутавалі пра імперскасць і вайну культураў – без Алексіевіч


18 чэрвеня ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Варшаве адбылася дыскусія «Культурны імперыялізм і вайна культураў: ці магчымае супраціўленне?» Простага адказу на пытанне аб супраціўленні не прагучала. Але цікавасць, якую выклікала тэма, і тое, што размову слухала каля 70 беларусаў (траціна з іх – стоячы), гаворыць само за сябе.

«Прадмова» у Варшаве
Наведнік фестывалю «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Удзельнікамі дыскусіі выступілі беларускія пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч і Таццяна Заміроўская (дыстанцыйна з ЗША). На жаль, беларуская набэліятка Святлана Алексіевіч, заяўленая ў праграме, узяць удзелу ў імпрэзе не змагла праз хваробу. Мадэраваў размову літаратурны і тэатральны крытык, кіраўнік Польскага ПЭН-цэнтру Марэк Радзівон.

Ці існуе насамрэч штосьці такое, што мы называем нацыянальнай культурай? Ці не вядуць размовы пра яе да нацыяналізму? Якія маем прыклады культурнага імперыялізму, як яму супрацьстаяць? Гэта толькі частка пытанняў, якія абмяркоўвалі.

«Каб адасобіцца і не звар’яцець»

«Я пэўны час ужо ў Польшчы, і ў мяне не выклікае сумневу, што я ў полі моцнай і развітай польскай культуры, а не ў полі глабалізаванай культуры. Для мяне існаванне нацыянальных культураў, прынамсі ў тым часе і эпосе, у якой жывем, бясспрэчнае…

Я перакананы, што мова і гістарычная памяць могуць абараніць межы дзяржавы лепш, у пэўных умовах, за любую армію», – выказаў меркаванне пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Пра тое, што нацыянальная культура існуе, і яна вельмі сёння патрэбная, казала і пісьменніца Таццяна Заміроўская. На ейную думку, нацыянальная культура патрэбная «нам самім», бо яна насамрэч нічога не можа змяніць. Яна патрэбная – каб «адасобіцца і не зварʼяцець ад таго, што адбываецца».

«Напрыклад, спыніць вайну культура не можа… Мне здаецца, тое, што цяпер адбываецца, – гэта такі запознены эфект распаду СССР, калі ўся кроў, якая не пралілася ў адпаведны час, – ліецца цяпер», – сказала Таццяна Заміроўская.

«Калі культурны акіян перасыхае»

Кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру пісьменніца Таццяна Нядбай, адказваючы на пытанне, ці не вядзе прамаванне нацыянальнай культуры да нацыяналізму, казала пра акіян беларускай культуры, які перасыхае.

«Прадмова» у Варшаве
Наведніца фестывалю «Прадмова» з набытымі кніжкамі. Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Калі ёсць поўны акіян нацыянальнай культуры – тады можам адплываць да якіх заўгодна берагоў. Але калі наш культурны акіян перасыхае, трэба больш інвеставаць у тое, каб насыціць і напоўніць яго. І тады, канечне, можна казаць, у станоўчым сэнсе, пра нацыяналізм», – заўважыла Таццяна Нядбай.

Як мяркуе паэт Андрэй Хадановіч, нейкія нацыянальныя рэчы не павінны адыгрываць даміноўную ролю, калі ўсё ў парадку: калі грамадству і краіне, да якіх належыш, і мове, якой карыстаешся, нічога не пагражае.

«Калі твае лёгкія дыхаюць чыстым, незабруджаным паветрам, ты не думаеш пра сам факт дыхання. А калі зацыклішся на тым, як ты дыхаеш, то можаш задыхнуцца. Тут як са свабодай, так і з нацыянальнай культурай – у нармальнай сітуацыі чалавек пра гэта не думае – ён свабодны. У сітуацыі балючай гэта ўсё шматкроць нарастае», – сказаў Андрэй Хадановіч.

Пушкін, Дастаеўскі, Бродскі…

Кажучы пра культурны імперыялізм, удзельнікі дыскусіі пастаянна вярталіся да мінулага і цяперашняга расейскай культуры. Уладзімір Арлоў працытаваў нядаўняе выказванне сусветна вядомага літоўскага паэта Томаса Вэнцлавы: «Казаць пра тое, што імперыялізм і агрэсія ў генах расейцаў або ў культурным кодзе расейцаў – гэта расізм».

«Ну, мы не кажам жа, што гэта ў генах ці ў культурным кодзе. Мы, я спадзяюся, ніякія не расісты. Але мы павінны ўсведамляць – і Томас Вэнцлава пра гэта ведае, – што расейская культура зноў і зноў транслюе ўсё гэта, пра што ён кажа, з вуснаў і кніг сваіх найлепшых прадстаўнікоў», – заўважыў Уладзімір Арлоў.

У якасці прыкладаў імперскасці цытаваліся дзекабрыст Павел Пестэль, «певец свободы» Аляксандр Пушкін, паэт Мікалай Някрасаў, класікі Леў Талстой і Фёдар Дастаеўскі. А таксама – набэліянт Іосіф Бродскі, які ў 1991 годзе напісаў верш «На независимость Украины»: «С Богом, орлы, казаки, гетманы, вертухаи! / Только когда придет и вам помирать, бугаи, / будете вы хрипеть, царапая край матраса, / строчки из Александра, а не брехню Тараса» (цытуем апошнюю страфу вершу).

Пытанне Быкава ва Украіне. Імперскасць з боку беларусаў?..

На погляд Таццяны Нядбай, па-свойму «культурны імперыялізм» могуць праяўляць і беларусы. Гаворка пра прэтэнзіі беларусаў у дачыненні ўкраінцаў, якія вырашылі выключыць творы Васіля Быкава са школьнай праграмы «з увагі на мадэрнізацыю».

«Атрымліваецца, што беларусы пачынаюць украінцам указваць, што павінна быць у іхных школьных праграмах. Ці не праява гэта імперскасці з нашага боку?.. Ну дык вось усякая культура, напэўна, схільная да экспансіі, да таго, каб пашырацца, каб самасцвярджацца. Проста некаторыя культуры, прыкладам беларуская, больш занятыя самавыжываннем і не маюць сілы», – выказала меркаванне Таццяна Нядбай.

«Прадмова» у Варшаве
Выстава «Вязьмо» Кацярыны Пікірэні на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

У сваю чаргу, Таццяна Заміроўская, кажучы пра рэакцыю беларусаў на выняцце твораў Быкава з украінскай школьнай праграмы, зрабіла акцэнт на пытанні балансу ўлады, без якога немагчыма разважаць пра культуру меншасцяў («Бо мы, безумоўна, меншасць, а меншасць не можа быць імперыяй»).

«Казаць пра тое, што мы праявілі ў гэтым выпадку імперскасць, не выпадае… Нам, магчыма, хочацца, каб нас пачулі. І нам балюча, што нас не хочуць чуць, не хочуць з намі лічыцца і пра нас чытаць. Гэта як «нас не існуе». А для нас, беларусаў, гэта самае жудаснае. Нам хочацца братэрскасці і інтэрнацыянальчыку – не таму, што нам хочацца стаць імперыяй, нам проста страшна знікнуць. Нам хочацца існаваць. Людзьмі звацца. Быць…» – заўважыла пісьменніца Таццяна Заміроўская.

«Не быць забітымі да канца»

Шмат гаварылася падчас дыскусіі пра тое, што беларуская нацыянальная культура цяпер у «стане выжывання». Пад канец сустрэчы беларуская паэтка іспанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс запыталася спікераў, ці пойдзе на карысць нашай культуры, калі яна вырвецца-такі са стану выжывання і з-пад прыгнёту.

«Прадмова» у Варшаве
На фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«То бок ці патрэбная здаровая доза прыгнёту, каб культура ашчэрвала зубы і давала максімум? Адзін аўтар сфармуляваў: «Усё, што нас не забівае, – робіць нас мацнейшымі». Дык важна не быць забітымі да канца. Як пісаў класік, мёртвы паэт пісаць не можа, таму будзем заставацца жывымі…» – адказаў Андрэй Хадановіч.

«Важна толькі, каб беларуская культура ў добрыя часы добра запомніла сябе ў прыгнечанай сітуацыі. Можа, гэта сапраўды лек ад таго, каб не прыгнятаць тады, калі ты апынешся ў моцнай пазіцыі. Дай нам Бог дажыць да такой пазіцыі!» – дадаў паэт напрыканцы імпрэзы.

Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» праходзіць у Варшаве 18–19 чэрвеня. Праграма складаецца з 30 імпрэзаў, якія адбываюцца на дзвюх пляцоўках Беларускага моладзевага хабу (plac Konstytucji, 6 у Варшаве). «Прадмова» ў Варшаве завершыцца вялікім канцэртам з удзелам «Nizkiz», «Dzeciuki», Юрыя Стыльскага («Дай дарогу!»), Аляксандра Памідорава ды іншых музыкаў (пачатак а 19:00).

Hавiны
«Вярнуцца дамоў…» Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адкрыўся ў Варшаве
2022.06.18 16:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў