Землятрус магнітудай 6,8 адбыўся ў Эквадоры, не менш як 14 загінулых


Сама меней 14 чалавек загінулі ў выніку моцнага землятрусу, які адбыўся 18 сакавіка ў прыбярэжным раёне Эквадору і на поўначы Перу. Пра гэта паведамляе Reuters.

Землятрус магнітудай 6,8 адбыўся на глыбіні 66,4 км прыкладна за 10 км ад гораду Баляа (Balao) у правінцыі Гуаяс (Guayas). Улады заявілі, што землятрус не можа выклікаць цунамі.

У выніку землятрусу загінулі 14 чалавек і больш як 380 асобаў атрымалі раненні, пераважна жыхары правінцыі Эль-Ора (El Oro). Сама меней 44 дамы былі разбураныя, яшчэ 90 атрымалі пашкоджанні. Таксама пацярпелі каля 50 навучальных установаў і больш як 30 медычных цэнтраў, а некалькі дарог былі заблакаваны апоўзнямі, выкліканымі землятрусам. Аэрапорт Санта-Роса (Santa Rosa) атрымаў нязначныя пашкоджанні, але працягваў працаваць.

Дзяржаўная нафтавая кампанія «Petroecuador» эвакуявала людзей і прыпыніла дзейнасць на некалькіх аб’ектах з меркаванняў бяспекі.

За першым землятрусам у наступную гадзіну адбыліся два слабейшыя падземныя штуршкі.

Улады Перу заявілі, што землятрус адчуваўся ў паўночным рэгіёне краіны, але пра ахвяры не паведамлялася.

Hавiны
Колькасць загінулых у выніку землятрусаў у Турцыі і Сірыі перавысіла 45 тысяч чалавек
2023.02.18 15:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў