Улады адказалі на прапановы дыялогу: заблакавалі сайт платформы «Голас»


Сайт ініцыятывы «Голас». Скрын

У карыстальнікаў з Беларусі ўзніклі праблемы з доступам да платформы для інтэрнэт-галасавання «Голас», на якой Святлана Ціханоўская заклікала грамадзянаў выказацца пра дыялог паміж апазіцыяй і ўладамі.

Раніцаю 19 сакавіка карыстальнікі мабільных кампаніяў МТС і life 🙂 сутыкнуліся з тым, што не могуць зайсці на сайт ініцыятывы «Голас». Старонка пакуль адкрываецца ў іншых аператараў.

Не адкрываецца ён і ў карыстальнікаў «Белтэлекаму». А вось на мабільным інтэрнэце ад кампаніі А1 сайт «Голасу» працуе.

Пры спробе зайсці старонка або проста не загружаецца, або з’яўляецца паведамленне, што «доступ да рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

«Чаканы і прадказальны крок з боку ўладаў»

Прадстаўнікі платформы «Голас» паведамілі, што блакаванне ніяк не ўплывае на бяспеку і працу «Голасу»:

«Блакаванне – чаканы і прадказальны крок з боку ўладаў, якія разумеюць, на што здольныя беларусы з дапамогаю «Голасу». Па нашых падліках са жніўня 2020 года гэта шостая публічная спроба спецслужбаў «зламаць» платформу».

Адзначаюць, што галасаванне за перамовы з міжнародным удзелам адбываецца ў бяспечных і недаступных для блакавання ў мэсэнджарах «Telegram» і «Viber», а «сайт – гэта дадатковы, але не адзіны спосаб зарэгістравацца на платформе».

Пры гэтым ніякія звесткі карыстальніка сайт не запытвае, а выступае дапаможным правадніком ад карыстальніка да чат-бота. Прайсці рэгістрацыю ў «Голасе» можна наўпрост у чат-робаце.

Hавiны
Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы
2021.03.18 12:13

Святлана Ціханоўская 18 сакавіка на сваім YouTube-канале заявіла аб правядзенні агульнанацыянальнага галасавання, каб прымусіць Аляксандра Лукашэнку да перамоваў.

Яна заклікала зарэгістравацца ў сістэме галасавання «Голас», якой давяраюць у Еўразвязе, АБСЕ, ЗША ды іншых краінах і міжнародных структурах. Перамовы маюць прайсці пры міжнародным пасярэдніцтве. Місіі ЗША і ЕЗ у АБСЕ ўжо падтрымалі галасаванні.

Hавiны
Місіі ЗША і ЕЗ у АБСЕ падтрымалі галасаванні за мірнае рашэнне крызісу ў Беларусі шляхам перамоў
2021.03.18 21:03

На момант публікацыі артыкулу ўзяць удзел у галасаванні – менш як за содні – ужо здолелі 450 тысяч асобаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў