«Перамовы павінны адбыцца ў траўні». Вячорка распавёў пра план каманды Ціханоўскай


Франак Вячорка. Крыніца: Tomasz Sulima / Facebook

Дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка распавёў TUT.by, як іхная каманда збіраецца арганізаваць перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Франака Вячоркі, у перамоваў ёсць канкрэтны тэрмін:

«Так, мы лічым, што перамовы павінны адбыцца ў траўні. Ужо цяпер мы будуем такі таймлайн: мы глядзім на галасаванне – гэта «тэмпература», мы працуем з АБСЕ, у прыватнасці з Парламенцкай асамблеяй, з офісам Усходняй Еўропы, з Пастаянным саветам. Мы маем падтрыманне паловы Пастаяннага савету ў АБСЕ, кансэнсусу там не будзе ў любым разе».

Вячорка анансаваў дарожную мапу для арганізацыі гэтых перамоваў. Да траўня мусіць адбыцца серыя круглых сталоў, экспертных кансультацыяў, куды плануюць прыцягнуць прадстаўнікоў Расеі. Абмяркоўваць будуць любую тэму, якая дапаможа АБСЕ пасадзіць разам розныя бакі: Канстытуцыю, рэформы, бачанне будучыні. Да траўня плануюць стварыць спіс тэмаў для перамоваў, патэнцыйных фарматаў і ўдзельнікаў.

«З аднаго боку, павінна быць пляцоўка – АБСЕ, і, па нашай інфармацыі, Расея не супраць АБСЕ як пасярэдніка, а з другога – нам патрэбны ўдзел краінаў, каб гарантаваць выкананне дамоваў. Бо Лукашэнку ці рэжыму нічога не замінае дамовіцца, а потым перакруціць усё па-свойму. Таму тут патрэбныя дзяржавы, кааліцыя дзяржаваў, якія гарантуюць выкананне дамоваў.

Сярод іх, мы лічым, павінны быць Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, Расея, бо яна адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманні Лукашэнкі цяпер. Можа быць, ЗША, але гэта можа стварыць антаганізм з Расеяй. І можна разглядаць нейтральныя краіны: Італія, Швейцарыя, Фінляндыя, Швецыя, Аўстрыя, Казахстан, якія не выклікаюць антаганізму ні ў адных удзельнікаў перамоваў», – мяркуе Вячорка.

18 сакавіка Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў галасаваць за перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Прагаласаваць на платформе «Голас» ужо паспелі паўмільёна беларусаў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў