Святлана Ціханоўская ў Давосе нагадала пра ўкраінскіх жаўнераў у акопах


«Калі я думаю пра стомленасць, скажыце гэтае слова ўкраінскім салдатам у акопах, – заявіла Святлана Ціханоўская на Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе. – Я мушу абараняць Беларусь». Дэмакратычная лідарка сёлета наведала самую ўплывовую міжнародную канферэнцыю ўжо другі раз. Аляксандра Лукашэнку ніколі не запрашалі да ўдзелу ў гэтым форуме.

Святлана Ціханоўская другі раз бярэ ўдзел у форуме ў Давосе. Таму ўзнікае пытанне: што змянілася за гэты год? Ці атрымалі шараговыя беларусы нейкія карысці ад такога дыпламатычнага падарожжа? Ці не абмяжоўваецца гэта выключна набыццём міжнароднага прэстыжу?

Агляд
У Давосе збіраецца сусветная эліта. На якія глабальныя пытанні будуць шукаць адказы?
2024.01.15 20:30

Каментуе Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах:

«Пакуль Беларуссю кіруе рэжым, вынікі не настолькі відавочныя для Беларусі. Тым не менш, калі б не было гэтых рэчаў, складаней было беларусам легалізавацца ў той жа Польшчы, у Літве, у іншых краінах: ЗША, напрыклад. Беларусы былі б дыскрэдытаваныя, як расейцы. Гэтага не адбываецца. Беларусь не магла б разлічваць на беларускія незалежныя медыі, праваабарончыя арганізацыя не маглі б разлічваць на міжнародную дапамогу. Але тым не менш беларуская дэлегацыя прысутнічае на розных міжнародных платформах, у тым ліку на эканамічным форуме ў Давосе. Гэтыя вынікі ёсць».

Сёлета Святлана Ціханоўская ў межах форуму ўзяла ўдзел у дыскусіі з першымі асобамі Вугоршчыны, Польшчы, Украіны і Харватыі. Што важна, прэзідэнт-элект падчас сустрэчы сканцэнтравалася на пытаннях Украіны.

«Таму мы мусім захоўваць кааліцыю краінаў, якія падтрымліваюць Украіну. І развіваць усёабдымную стратэгію для Беларусі. Мы мусім ціснуць на рэжым, падтрымліваць людзей, прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку за ягоныя злачынствы. І гэтак жа быць мэтанакіраванымі, зацікаўленымі ў будучыні», – заявіла Святлана Ціханоўская

Хоць у Давосе з кароткім візітам быў і Уладзімір Зяленскі, Святлана Ціханоўская не мела магчымасці з ім сустрэцца. Але, вяртаючыся да пытанняў агрэсіі Расеі супраць Украіне, то чарговы раз узнікла пытанне, ці панясе Беларусь пасля змены ўлады адказнасць за злачынствы рэжыму Лукашэнкі не толькі супраць свайго народу, але і супраць украінскага.

Каментар
Пачалася барацьба з Лукашэнкам за Афрыку і Блізкі Усход: дэмсілы на Давоскім форуме
2024.01.18 21:53

Валер Кавалеўскі, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях:

«Калі ўкраінцы пачнуць гэтую размову, то гэта будзе легітымнае пытанне, і мы будзем гатовыя адказваць на пытанні ад украінскага боку. Разам з тым, калі будзе весціся гэтая размова, то трэба будзе ацэньваць розныя фактары, якія прывялі да гэтай вайны. Супраца з рэжымам украінскага боку, тое, што адбывалася паміж выбарамі 2020 года і пачаткам вайны. Нам таксама трэба была пэўная дапамога ад украінскага боку, і мы яе тады не атрымалі. І ацаніць той уклад, які зрабілі беларусы з пачатку вайны».

У першую чаргу гаворка пра ўнёсак ва ўкраінскую перамогу беларускіх рэйкавых партызанаў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.

«Заўсёды Святлана Ціханоўская нагадвае, што трэба падтрымліваць Украіну. Акрамя таго, у нашых нацыянальных інтарэсах – перамога Украіны ў вайне, нашым грамадзянам гэта паказвае, што і мы ў будучыні, беларусы, не застанемся сам-насам са сваймі геапалітычнымі ці ўнутранымі праблемамі», – кажа Алесь Аляхновіч.

Hавiны
Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай «Google», перадала просьбы беларусаў
2024.01.18 13:07

Як толькі Беларусь стане свабоднаю, дэмакратычнаю краінай, усе назапашаныя кантакты змогуць спрацаваць. Але пакуль Беларусь не свабодная. Ці не стаміліся беларусы змагацца? Такое пытанне задалі Ціханоўскай у Давосе.

«Калі вы мяне пытаецеся пра стомленасць… Я глыбока пагружаная ў сітуацыю ў нашым рэгіёне. Я мушу абараняць Беларусь. Я мушу змагацца разам з беларусамі супраць рэжыму Лукашэнкі і расейскай акупацыі. Думаю, мы не маем права адчуваць стомленасці. Калі я думаю пра стомленасць, скажыце гэтае слова ўкраінскім салдатам у акопах. Або беларускім палітычным вязням, якіх катуюць у турмах. Яны працягваюць супраціўляцца. Мы павінны працягваць працаваць разам з імі гэтак жа», – адказала Святлана Ціханоўская.

Перад візітам у Давос Ціханоўская наведала Хельсінкі. Фінляндыя – важная для нас краіна, якая можа падзяліцца досведам, якім чынам вырвацца з лапаў Расеі.

«Мы мяжуем з краінай, якая ёсць пагрозаю для ўсяго рэгіёну, і для нашых абедзвюх краінаў. Вельмі важна таксама, што Фінляндыя доўгі час была нейтральнаю краінаю. На сёння яна далучылася для блоку NATO, фактычна адмовілася ад канцэпцыі нейтралітэту. І тут пытанне пра тое, як спрацаваў нейтралітэт у Беларусі. Насамрэч ён дапамог Беларусі ці ён дапамог Расеі, каб навязваць свае інтарэсы і каб уцягваць нас у свае авантуры», – зазначыў Валер Кавалеўскі.

У цяперашняй сітуацыі нейтралітэт проста немагчымы, хоць адваротнае лукашысцкая прапаганда спрабавала ўбіць у галаву беларусам шмат гадоў. Вынік мы самыя выдатна бачым. На гэтым фоне важна, што ў межах форуму ў Давосе Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «Куды ідзе свабода слова?». Бо ўжо аксіёмай ёсць тое, што свабода без падтрымання медыяў рухацца нікуды не будзе.

Сюжэт з  праграмы «ПраСвет» ад 18.01.24

belsat.eu

Стужка навінаў