Эстонія пабудуе на ўсходняй мяжы лінію абароны з 600 бункераў


Эстонія збіраецца пабудаваць на сваёй усходняй мяжы лінію абароны, якая будзе складацца з прыкладна 600 бетонных бункераў, каб адбіць магчымую расейскую агрэсію, паведамляе Postimees.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: press.lv

Пераважная большасць бункераў будзе пабудаваная ў Іда-Вірумаа – рэгіёне, які мяжуе з Расеяй, а таксама на паўднёвым усходзе Эстоніі, але некаторыя будуць размешчаныя ў тым ліку ля Чудскага возера.

Міністры абароны краінаў Балтыі на сустрэчы ў Рызе ў пятніцу 19 студзеня дамовіліся, што аналагічную абарончую зону на ўсходняй мяжы створаць таксама Латвія і Літва. Для НАТО Эстонія, Латвія і Літва – гэта адна аператыўная зона.

Па словах дарадцы віцэ-канцлера Міністэрства абароны Эстоніі Кайда Ційтуса, аб’екты фізічнай абароны на мяжы патрэбныя, каб у выпадку неабходнасці абараніць тэрыторыю Эстоніі з першага метру.

«Расея ёсць і будзе самай вялікай пагрозай бяспецы Эстоніі. Вайна ва Украіне знізіла наступальную моц Расеі, але, паводле розных ацэнак, яна гатова аднавіць яе на працягу двух-трох гадоў. Мы павінны быць гатовыя і зрабіць цану нападу на Эстонію для Расеі як мага вышэйшай», – сказаў Ційтус.

Ён дадаў, што абʼекты абароны неабходныя на выпадак магчымага нападу, каб затрымаць суперніка на мяжы і даць саюзнікам час прыйсці на дапамогу.

Бункеры абароняць вайскоўцаў ад агню суперніка і аскепкаў снарадаў. Умовай трываласці бункеру будзе магчымасць вытрымаць прамое траплянне снараду калібру 152 мм.

Hавiны
«Gazeta Wyborcza»: Бар’ер на польска-беларускай мяжы эфектыўны толькі на 60 %
2024.01.02 19:05

Кожны бункер будзе разлічаны на дзесяць чалавек. Памер абароннага ўмацавання складзе 30-35 квадратных метраў. Бункеры спраектаваныя такім чынам, каб падраздзяленне магло супрацьстаяць суперніку на працягу больш працяглага перыяду часу. Апроч іншага, у кожным будзе спальнае месца.

У выпадку нападу адных толькі бункераў для адбіцця суперніка недастаткова. Напрыклад, для адбіцця атак бранятэхнікі суперніка патрэбныя танкавыя загароды, альбо так званыя «зубы дракона», міны і загароды з калючага дроту. Гэта ўсё не будуць усталёўваць разам з бункерамі, бо такім чынам будзе створаная перашкода для перамяшчэнняў у мірны час. Аднак гэтыя канструкцыі захоўваюцца недалёка ад усходняй мяжы і могуць быць усталяваныя ў выпадку неабходнасці.

На якой адлегласці ад мяжы будуць пабудаваны бетонныя бункеры, пакуль удакладняецца. Начальнік аператыўнага аддзялення Генеральнага штабу Сілаў абароны Эстоніі палкоўнік Тармо Кундла адзначыў, што бункеры, якія будуюцца, верагодна, утвораць некалькі зонаў абароны паблізу мяжы.

Будаўніцтва бункераў патрабуе пагадненняў з землеўладальнікамі і супрацы з мясцовымі супольнасцямі. Чакаецца, што Мінабароны пачне размаўляць з мясцовымі жыхарамі наконт стварэння пунктаў у бліжэйшыя тыдні. Міністэрства абароны і Сілы абароны падчас перамоваў разлічваюць на разуменне землеўладальнікаў. Пры неабходнасці Сілы абароны таксама могуць заключыць з землеўладальнікам дагавор, згодна з якім ён можа выкарыстоўваць бункер Сілаў абароны ў якасці падвалу і захоўваць там, напрыклад, сваю бульбу.

Hавiны
Ва Украіне паведамілі пра безупыннае ўмацаванне мяжы з Беларуссю
2023.10.28 11:24

Месцы размяшчэння бункераў будуць вызначаныя да канца 2024 года, усталяванне распачнецца ў першай палове 2025 года. Таксама ў другой палове бягучага года Міністэрства абароны Эстоніі спадзяецца стварыць прыкладныя кропкі ўварвання ў Паўднёва-Усходнюю Эстонію і Іда-Вірумаа.

Кундла адзначыў, што бункеры, якія будуць пабудаваныя, не павінны быць пвізуальна прыкметныя ў ландшафце.

«Бункеры пакінуць ледзь заўважны след у прыродзе», – сказаў ён.

Дакладная колькасць бункераў будзе вызначаная падчас працаў, пакуль жа Міністэрства абароны і Сілы абароны ацэньваюць яе прыкладна ў 600 збудаванняў. Чакаецца, што будаўніцтва бункераў будзе каштаваць прыкладна 60 мільёнаў еўраў.

Фота
Польшча пачала «прэвентыўна» ўмацоўваць межы з Беларуссю і Расеяй
2023.02.23 18:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў