«Усе яго ненавідзяць». Як чыноўнікі ставяцца да Лукашэнкі і ці трэба іх люстраваць?


Днямі Аляксандр Лукашэнка паклапаціўся пра стан чыноўнікаў і заклікаў не крыўдзіць іх. Ён сказаў, што не трэба «размахваць шашкай налева і направа – секчы галовы», бо «не будзе ніякай працы» і дзяржслужбоўцы будуць стала ў стрэсе. Карэспандэнт «Белсату» пагутарыў з Арцёмам Праскаловічам і Аляксандрам Класкоўскім пра паводзіны дзяржслужбоўцаў ў крытычны для незалежнасці Беларусі момант.

Дом ураду. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Падчас мірнай рэвалюцыі 2020 года некалькі асобаў з сістэмы гучна бразнулі дзвярыма і падтрымалі пратэст. Сярод іх быў, напрыклад, Павел Латушка, колішні міністр культуры, супрацоўнік МЗС і дырэктар Купалаўскага тэатру, ці Арцём Праскаловіч, які ў розныя часы працаваў у міністэрстве юстыцыі і адміністрацыі прэзідэнта. Можна меркаваць, што некаторыя чыноўнікі звальняліся на знак пратэсту, не прыцягваючы ўвагі. Аднак ці багата іх было? Ці азначае гэта, што ў дзяржаўным апараце засталіся скрозь прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі?

«Нянавісць да ката і тырана»

Адказны за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч у размове з «Белсатам» адзначыў, што ў сістэме цяпер розныя людзі, і «свае», і «чужыя», але ўсе аднолькава ненавідзяць Лукашэнку.

«Абсалютная большасць не з’яўляецца ягонымі прыхільнікамі. Але мне падаецца, што ўвогуле няма ніводнага фаната. Усе яго ненавідзяць. Асноўная частка проста баіцца і працуе. Розныя погляды могуць быць на далейшы шлях краіны, на моўнае пытанне ці нешта яшчэ. Але нянавісць да ката і тырана – у кожнага свая, але адна на ўсіх».

Адказны за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне НАУ Арцём Праскаловіч.
Фота: радыё «Свабода» / svaboda.org

Праскаловіч заўважыў, што чыноўніцтва, як і армія, – зрэз грамадства, і нельга намаляваць партрэт тыповага дзяржаўнага службоўцы.

«Усё яшчэ ёсць «свае» для Лукашэнкі і «чужыя». Першыя – адданыя, безыніцыятыўныя, лаяльныя, гатовыя бяздумна выконваць любыя загады. Тут адмоўная селекцыя з 2020 года набыла максімальны ўзровень. Другія – пакутуюць, але з розных прычынаў застаюцца ў сістэме, пакуль на іх не выйдуць спецслужбы ды ідэолагі і не звольняць».

Прадстаўнік НАУ мяркуе, што цяпер усе чыноўнікі «працуюць у акупацыйнай адміністрацыі», бо Беларусь акупаваная Расеяй. Пры спробе анексіі яны проста пяройдуць у рэжым чакання.

«Калі мы кажам пра ўзброены канфлікт або спробу анексіі праз «рэферэндум», то ўсё будзе залежыць ад загаду. Бо сваёй пазіцыі і ініцыятывы няма ж. Хтосьці сыдзе ў партызаны, але ў масе будуць чакаць, што там павырашаюць за іх і без іх».

«Карміць іх цукеркамі і па галоўцы гладзіць?»

Арцём Праскаловіч упэўнены ў неабходнасці люстрацый. І гэта, паводле ягоных словаў, «не пра масавыя звальненні, а пра недапушчэнне контррэвалюцыі і пра стварэнне ўмоваў для хуткага аднаўлення і развіцця краіны».

«Пэўны пералік пасадаў – па дэфолце звольніць з магчымасцю падаць заяву аб аднаўленні на пасадзе праз разгляд справы ў адмысловым судзе. Наступная група чыноўнікаў праходзіць працэдуру люстрацыі паводле жадання, калі хочуць пайсці на павышэнне ці перайсці ў іншы орган. Трэцяя – тыя, у дачыненні да якіх паступіла заява аб датычнасці да рэпрэсіяў. Тады чыноўнік (калі ў яго дзеяннях няма складу злачынства) можа або прайсці працэдуру люстрацыі, або звольніцца».

Праскаловіч мяркуе, што чыноўнікі гатовыя працаваць на любога працадаўцу, але яны забыліся, што іхны працадаўца – беларускі народ. Юрыст не пагадзіўся з заўвагай, што пагроза люстрацый прымусіць функцыянераў трымацца за рэжым з усяе моцы.

«А што з імі рабіць? Па галоўцы гладзіць ды цукеркамі карміць? Яны трымаюцца не за рэжым, а за «па пяццот». Набіраючы на працу людзей безыдэйных, рэжым трапляе ў пастку таго, што і «трымацца за Лукашэнку» не будзе для такіх людзей ідэалогіяй».

Беларускія чыноўнікі падрыхтаваныя для Еўразвязу

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што сярод чыноўнікаў ёсць асобы з галовамі на плячах, якія разумеюць перспектывы. Але публічна выказацца пра гэта – страшна.

«Атмасфера ў краіне такая, што, па-першае, рызыкоўна свае погляды выказваць, а, па-другое, – куды падзецца гэтаму чыноўніку? Ён можа крытычна асэнсоўваць рэчаіснасць, але калі ён толькі зробіць нейкую крытычную рэмарку, то зразумела, што ён не толькі без працы застанецца, але і, з вялікай імавернасцю, за кратамі».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Класкоўскі падкрэсліў, што беларускія чыноўнікі – амаль еўрабюракраты, за якіх не будзе сорамна ў выпадку інтэграцыі краіны ў ЕЗ.

«Калі ўявіць сабе, што Беларусь узяла курс на Еўразвяз, думаю, мы былі б не горшай краінай менавіта паводле працы чыноўніцкага апарата. Дысцыпліна, выканальнасць – на неблагім узроўні ў Беларусі. Яны былі б у еўрапейскай сістэме каардынатаў не самымі кепскімі бюракратамі. Не выпадае думаць, што гэта нейкія суцэльныя монстры, ці дзікія людзі, ці неадукаваныя».

Суразмоўца «Белсату» адначасова прызнаў, што ў дзяржаўны апарат цяпер бяруць найперш паводле лаяльнасці, і сярод службоўцаў хапае «абсалютных няздар». Такія сапраўды баяцца люстрацыі.

«Частка чыноўнікаў запэцкалася падчас гэтых рэпрэсіяў, бо чысткі былі ў розных установах, даводзілася нелаяльных звальняць. Гэтае паляванне на вядзьмарак, у якім значная частка чыноўнікаў хоцькі-няхоцькі ўдзельнічала, іх запэцкала, і некаторыя проста баяцца змены ўлады і сапраўды, напэўна, калі некалі будзе люстрацыя, то многіх павычышчаюць, і яны страцяць сваю працу. А куды ісці, калі няма іншай кваліфікацыі?»

Мара пра «русский мир»

Аляксандр Класкоўскі канстатаваў, што сярод апаратчыкаў, асабліва ў пагонах, ёсць аматары Расеі, якія мараць пра больш высокія заробкі і Уладзіміра Пуціна на чале беларускай дзяржавы. Аднак прыхільнікаў суверэннай Беларусі больш.

«Яны ведаюць ці адчуваюць, што такое імперыя, разумеюць, што, калі яна сюды прыйдзе, то правядзе чысткі, паставіць сваіх людзей, расейцы адціснуць набліжаныя да чынавенства бізнесы, павыкідаюць адтуль сваякоў, жонак і дзяцей – таму нават з гэтых меркаванняў многія не хочуць, каб знікла беларуская дзяржаўнасць і каб тут была Расея».

Іншая справа, як адзначыў Класкоўскі, што чыноўнікі будуць рабіць у выпадку расейскай анексіі. Ён мяркуе, што кагосьці перакупяць, кагосьці – запалохаюць.

«Вялікія сумневы, што яны неяк дружна і моцна выступяць на абарону беларускай незалежнасці, бо смеласць – не вызначальная і не асноўная іхная рыса. Яны проста пабаяцца неяк каардынавацца і ладзіць супольны супраціў расейскай экспансіі. Расея, калі што, будзе дзейнічаць у сваім стылі, спалучаючы подкуп і нахрап. Адныя будуць купленыя, а іншыя, пабачыўшы нахрап, пабаяцца рыпнуцца, таму што падумаюць, што супраць лому няма прыёму».

Пакуль жа чыноўнікі ціха сядзяць на сваіх месцах і асабліва не высоўваюцца. Сістэма не заахвочвае ініцыятывы, бо баіцца разняволеных людзей, кажа суразмоўца «Белсату».

«Выяўляць нейкую ініцыятыву, хай сабе і канструктыўную, – гэта заўжды рызыка. Калі гэта, напрыклад, эканамічны праект, раптам, не атрымаецца, тады абвінавацяць у растраце казённых грошай, пасадзяць у турму. Таму чыноўнікі разумеюць, што лепей не рыпацца, не свяціцца лішні раз, а выконваць толькі тое, што даведзенае зверху. Тады можна заўжды адкруціцца і сказаць: як мне загадвалі, так я і рабіў».

Ну а лукашэнкаўскія «дбанні» пра чыноўнікаў, якім не трэба «секчы галовы направа і налева», могуць быць праявай ягонай занепакоенасці «кароткай лаўкай запасных»: яму проста няма з каго выбіраць у выпадку звальненняў, падсумаваў Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыка
Хто будзе кіраваць Беларуссю, калі не стане Лукашэнкі? І ці звольняць усіх чыноўнікаў
2022.12.23 10:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў