Людзі плацяць за адно і тое ж некалькі разоў. Што адбываецца са штрафамі за перашкоду руху транспарту


У Беларусі ёсць выпадкі, калі ўдзельнікі мінулых пратэстаў некалькі разоў выплачваюць адныя і тыя ж штрафы і дзяржаўныя пошліны паводле адміністратыўных справаў. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з асуджаных у справе пратэстаў 2020 года.

Вайскоўцы паказваюць знакі перамогі жанчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Знак перамогі – адзін з сімвалаў апазіцыйных кандыдатаў. Пасля жорсткага супрацьстаяння сілавікоў і дэманстрантаў 9–12 жніўня гэтыя ланцугі людзей з кветкамі з’явіліся практычна ў кожным горадзе. Людзі пратэстуюць супраць гвалту і жорсткасці міліцыі. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч

Суразмоўца «Белсату» адбыла тэрмін пакарання, унесеная ў спіс «экстрэмістаў», цяпер займаецца пагашэннем шкоды, штрафаў і дзяржаўных пошлінаў у адміністратыўных справах, звязаных з пратэстамі ў Менску і заведзеных на аснове заяваў «Менсктрансу».

«Плачу за сябе і, як кажуць, за таго хлопца», – паскардзілася суразмоўца на сітуацыю. Паводле яе, штраф з абавязкам кампенсаваць шкоду «Менсктрансу», быццам бы нанесеную дзеяннямі пратэстоўцаў і звязаную з перашкодамі руху транспарту, налічваецца не на адну асобу, а на групу асобаў. Гэтак сама налічваецца і пошліна, якая павінна кампенсаваць дзяржаве судовыя выдаткі.

«Як мне патлумачылі адказныя асобы, штраф і кампенсацыя «Менсктрансу» павінны выплачвацца салідарна, гэта значыць, сума дзеліцца на кожнага з прызнаных вінаватымі ўдзельнікаў адміністратыўнага працэсу, а пошліну дастаткова каб заплаціў нехта адзін са спісу. Звычайна яе вешаюць на таго, хто першы ў спісе. На справе ж атрымалася, што невядома, хто колькі дакладна павінен заплаціць з сумы штрафу і кампенсацыі, а позву на аплату пошліны высылаюць не аднаму, а ўсім фігурантам справы. І патрабуюць аплаты, нават калі пошліна ўжо некім аплачаная», – расказала суразмоўца.

Паводле жанчыны, існаванне такой праблемы яна высветліла выпадкова, вырашыўшы заплаціць дзяржпошліну ў справе, у якой праходзіла. «Я заплаціла, скінула копію квітанцыі некалькім фігурантам справы, з якіх таксама патрабавалі аплату пошліны. Яго падаткавая інспекцыя паперы прыняла. А некалькім іншым у падатковай іншага раёну адмовілі, сказаўшы, што ў паперы павінна стаяць іх прозвішча, а там стаяла маё. Хаця сума адна, і дастаткова, каб адзін удзельнік справы яе аплаціў».

Суразмоўца кажа, што пры гэтым падатковыя інспекцыі раёнаў не бачаць, што пошліна ўжо некім аплачаная ў іншым раёне. Апроч таго, за неаплату пошліны спачатку прыходзяць папярэджванні ад падатковай, а потым справай пачынае займацца інспекцыя прымусовага выканання.

«У іх размова кароткая, прыходзяць, апісваюць маёмасць, праз нейкі час прадаюць яе з аўкцыёну, і бывае, што маёмасць нехта купляе на першых жа хвілінах аўкцыёну, за капейкі. Аб месцах і часе правядзення такіх аўкцыёнаў уласнікам маёмасці даведацца цяжка, яшчэ цяжэй даведацца сябрам і знаёмым, якія гатовыя гэтую маёмасць выкупіць і вярнуць гаспадару. Затое пра такія аўкцыёны вельмі інфармаваныя супрацоўнікі органаў і іхныя родзічы», – канстатуе суразмоўца.

Падобная сітуацыя паўтараецца і са штрафамі для кампенсацыі шкоды «Менсктрансу». «Мала таго, што яны налічваюць гэтую кампенсацыю ў сторазовым памеры ад рэальнага кошту абсалютна гіпатэтычнай шкоды. Дык потым немагчыма высветліць, а колькі ж табе з гэтага трэба заплаціць. У спісе могуць быць некалькі дзясяткаў чалавек, першапачатковую суму раскідваюць на ўсіх, кожны павінен нейкую частку заплаціць. Але нават калі ты заплаціў сваю частку, сума не лічыцца пагашанай, пакуль не выплачаны ўвесь штраф. А плацяць далёка не ўсе. Калі час выплаты заканчваецца, да цябе прыходзіць інспекцыя прымусовага выканання і апісвае маёмасць. То бок нават калі ты паспрабаваў быць законапаслухмяным, цябе ўсё роўна абдзіраюць».

зона.бел
«У шклоўскай калоніі ўсе ведаюць, хто забіў Вітольда Ашурка». Былы палітвязень – пра ПК № 17
2023.01.18 07:09

Суразмоўца кажа, што сітуацыю магла б выправіць камунікацыя і салідарнасць паміж удзельнікамі адміністратыўнага працэсу, але «людзі сёння напужаныя і пазбягаюць любога нефармальнага абʼяднання для адстойвання ўласных інтарэсаў, баючыся новага пакарання».

Паводле нашай крыніцы, цяпер і падатковая, і інспекцыя прымусовага выканання спрабуюць спагнаць грошы за штрафы, кампенсацыі і пошліны паводле некалькіх дзясяткаў падобных адміністратыўных справаў. Колькі іх дакладна – невядома. Адная і тая ж асоба можа праходзіць паводле некалькіх такіх справаў. «Адвакаты такімі справамі не займаюцца, бо гэта ж адміністратыўка, а праваабаронцы ў Беларусі афіцыйна не дзеюць», – расказала суразмоўца аб спробах атрымаць юрыдычную дапамогу.

Мы звярнуліся да праваабаронцаў «Вясны» і высветлілі, што пра падобныя сітуацыі яны ведаюць, але адзінае, што змаглі зрабіць, – акумуляваць і зафіксаваць звароты асуджаных у спадзеве, што некалі прававое поле будзе адноўленае.

На просьбу «Белсату» сітуацыю пракаментаваў і кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

«Наконт штрафаў за блакаванне транспарту мая пазіцыя вельмі простая. Не плаціць і з’язджаць з краіны. Пачынаць новае жыццё на новым месцы. Калі чалавек ужо невыязны, мы дапаможам з гэтай праблемай. Калі ў вас ёсць пытанні пра выезд, у тым ліку калі вы невыязны, звяртайцеся па кансультацыю на гарачую лінію «BYSOL» @help_bysol», – сказаў Андрэй Стрыжак.

Ад рэдакцыі: мы не маем іншага інструменту дапамагчы ў гэтай сітуацыі, апроч як расказаць пра іншыя падобныя выпадкі. Звяртаемся да чытачоў: калі вы ці вашыя блізкія ці знаёмыя сутыкнуліся з падобнымі дзеяннямі з боку ўладаў, прышліце інфармацыю нам, скарыстаўшы абаронены рэдакцыйны бот у Telegram. Важна таксама, каб вы падзяліліся інфармацыяй, за якія дакладна маршы ўжо аплачаныя штрафы, шкода і пошліны, а мы пра гэта раскажам іншым, каб людзі ведалі, што доўг выплачаны, і не баяліся інспекцыі прымусовага выканання.

Паводле нашых звестак, поўнасцю пагашаныя ўсе плацяжы для маршаў 31 жніўня і 1 лістапада 2020 года (марш на Дзяды). Цягам двух месяцаў збіраюцца пагасіць марш 20 верасня 2020 года.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў