Прызёр Алімпіяды-2008 Краўчанка пра сітуацыю ў Беларусі: Цішыня – гэта малы кнот, які разгарыцца раптоўна


Андрэй Краўчанка – беларускі лёгкаатлет, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў дзесяціборстве, чэмпіён Еўропы, заслужаны майстар спорту. Здавалася б, з такім досведам цябе будуць рваць на часткі ў Беларусі, толькі трэнуй і дапамагай спартоўцам-пачаткоўцам. Аднак гэта гісторыя не пра нашую краіну.

Краўчанка паставіў подпіс пад лістом за сумленныя выбары і супраць гвалту, а ў выніку ў лістападзе 2020 года за ўдзел у пратэстах быў звольнены з дзяржаўных органаў, а таксама са зборнай Беларусі. Пазней яшчэ і затрыманы ды арыштаваны на 10 содняў. У жніўні 2021-га Андрэй з жонкаю, вядомаю лёгкаатлеткай Янаю Максімавай і малою дачкою вымушаны быў з’ехаць з краіны. Сям’я папрасіла палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Мы пагутарылі са спартоўцам, які падзяліўся досведам вымушанага перабывання за мяжою.

Яна Максімава і ейны муж Андрэй Краўчанка.
Фота: Яна Макісмава / VK.com

– Андрэй, віншую з мінулым днём нараджэння. Давай крыху адкруцім час назад і вернемся ў 2021 год. Улетку, у жніўні, ты разам з жонкай, вядомай шматборкай Янаю Максімавай з’ехаў на спаборніцтвы ў Нямеччыну. Там вы пастанавілі не вяртацца ў Беларусь. Гэта была недакладная інфармацыя?

– Гэта журналісты Яну не так зразумелі. Мы не з’язджалі ні на якія спаборніцтвы, а мэтанакіравана выехалі з краіны, бо разумелі, што заставацца ў Беларусі небяспечна. Нас залічылі ў спісы нядобранадзейных, і ніякай будучыні тут у нас не было. Мы трапілі ў спісы тых, хто працаваць у краіне ўжо не зможа. І была вялікая верагоднасць, што мяне маглі пасадзіць у турму. Таму пастанавілі зʼехаць. Нашай сямʼі прапанавала дапамогу беларуская дыяспара, за што я ёй вельмі ўдзячны. Цяпер мы з сямʼёй у Нямеччыне.

– Як далося рашэнне пакінуць краіну? Як пастанаўлялі, што падштурхнула да гэтага?

– Вядома, цяжка было пакідаць сваю краіну. Радзіма ёсць радзіма! Будавалася ўсё вельмі доўга: мы тут нарадзіліся, гадаваліся… Сябры, родныя і блізкія – усё гэта засталося там. Цяпер усё трэба пачынаць з нуля. Разумеем, што цяжка і складана, затое бяспечна.

– Вы ў лёгкай атлетыцы вельмі даўно і ведаеце ўсю кухню з сярэдзіны. Як можаце пракаментаваць выпадак з Крысцінаю Ціманоўскаю на Алімпіядзе? Ці можна было пазбегнуць такога інцыдэнту?

– На маю думку, усё магло быць па-іншаму, можна было пазбегнуць гэтага канфлікту, калі б падышлі да праблемы з іншага боку. І Крысціна ўскіпела, і кіраўнікі маглі б пачакаць, пакуль яна супакоіцца, а не сячы з пляча. А тыя функцыянеры не змаглі знайсці правільнага рашэння, і здарыўся міжнародны скандал. Гэта нават не трэнеры яе рэпрэсавалі, а простыя начальнікі, якія з ёю прыехалі на Алімпіяду. Для спартоўцаў лёгкай атлетыкі гэтыя людзі – ніхто.

Беларускі свет
Прызёра Алімпіяды ставілі на калені ў Жодзіне
2021.11.23 18:53

– Звычайна спартовец і трэнер – адно цэлае. У вашай спартовай карʼеры былі выпадкі, калі вашыя думкі і дзеянні ішлі насуперак настаўнікам і даводзілася цвёрда рэагаваць?

– Ёсць трэнер, які трэнуе асабіста мяне. Да ягоных меркаванняў і парадаў я заўсёды прыслухоўваюся. Але да начальніка ці кіраўніка, які ніякага дачынення да мяне не мае, на мяне ніяк не ўплывае, я б не прыслухоўваўся. Ён проста вылучае сродкі на зборы, рэгулюе маю далейшую карʼеру (пакінуць мяне ў зборнай ці не). На мяне ніяк не паўплываў старэйшы трэнер, каб нешта сказаў. Я слухаў бы толькі свайго асабістага трэнера.

– Вы за свой спартовы век шмат паездзілі па планеце, падоўгу не бывалі ўдома, але ведалі, што ў любы момант можаце вярнуцца на радзіму. Цяпер гэта небяспечна для вас. Як жывецца з такою думкай і з неразуменнем таго, калі вы зможаце зʼявіцца ў Беларусі?

– Разуменне ўжо іншае. Трэба жыць для жонкі, для дзіцяці. Вельмі хочацца, каб у краіне ўсё наладзілася, адбыліся перамены і мы вярнуліся ў вольную Беларусь. Аднак пакуль не вядома, калі тое адбудзецца і што будзе далей. Цяпер трэба жыць так, як атрымліваецца: старацца зрабіць усё для дабрабыту маёй сямʼі, для сваёй будучыні.

– Як прайшла адаптацыя ў Нямеччыне? Як уладкоўвалі побыт: усё на вашыя плечы ці хтосьці дапамагаў? А што з веданнем нямецкай мовы, як праходзяць побытавыя стасункі?

– Інтэграцыя трывае, яшчэ доўга будзе ісці. Канчаткова завершыцца, калі будзем спакойна размаўляць на мове мясцовага насельніцтва. Нямецкая мова складаная, і нам дастаткова доўга давядзецца вучыць яе. Першы год сапраўды будзе складаны. У краме лёгка: аплаціў і пайшоў. На трэнаваннях міксую англійскую і нямецкую мовы. Вельмі крута, калі твае 13-гадовыя навучэнцы вучаць цябе нямецкай мове, гэта радуе. Яны ўжо ў гэтым узросце ведаюць некалькі моваў. Цяпер у мяне ёсць вучаніца, якая дасканала ведае англійскую мову, і я спрабую праз яе данесці свае думкі нямецкім дзецям, маладым спартоўцам. І сам спрабую праз гэта вучыць мову краіны, у якой давядзецца нейкі час жыць.

– Вы кажаце пра сваіх навучэнцаў: гэта азначае ваш старт трэнерскай кар’еры за межамі Беларусі?

– Пакуль не, мне далі дзве групы дзяцей. Адна лёгкаатлетычная, а другая фехтавальнікаў. Іх я агульна рыхтую фізічна. Напэўна, гэта больш можна лічыць як падпрацоўку. Афіцыйная праца будзе, калі мы пераедзем у іншы горад. Там, спадзяюся, удасца здабыць працу ў прафесійным лёгкаатлетычным клубе.

Hавiны
Беларусь пакінулі тры спартоўцы, бо асцерагаюцца за сваё жыццё і бяспеку
2021.08.03 16:56

– Як праходзіць ваш дзень, ці доўга дапасоўваліся да новага ладу жыцця?

– Яна едзе ў іншы горад трэнавацца, за 55 кіламетраў ад дому, у той клуб, дзе я буду працаваць. У гэты час я займаюся ўдома з дачкой. Увечары я сыходжу на трэнаванне, затым на працу, жонка з дзіцем застаецца. Але мая праца – у тым самым горадзе, дзе мы пакуль жывем. І так кожны дзень.

– Ці зможа Яна выступаць на міжнароднай арэне пасля таго, як пакінула Беларусь? Ці былі ў яе якія-небудзь кантакты з нашаю лёгкаатлетычнаю федэрацыяй?

– Ніякага стаўлення да беларускай федэрацыі яна не мае. Самастойна Яна таксама не можа выступаць. Ёй цяпер, калі захоча выступаць на міжнароднай спартовай арэне, трэба атрымаць нейкі статус, кшталту спартовага грамадзянства. Цяпер у нас статус палітычных уцекачоў. Трэба ўсе пытанні развязваць на юрыдычным узроўні.

Андрэй Краўчанка, фота: sos_by_2020 via Instagram

– Чаму пастанавілі спыніцца менавіта ў Нямеччыне, а не як большасць нашых суайчыннікаў, якія зʼехалі ва Украіну, Літву, Польшчу?

– Мы ўвогуле не планавалі нікуды зʼязджаць, хацелі жыць удома ў Беларусі. Але калі пачалася сітуацыя акупацыі ў краіне, нам давялося задумацца над гэтым. Нам паступіла прапанова дапамогі ад добрых людзей беларускай дыяспары Нямеччыны. Вось так і апынуліся тут. Мы нікому нічога не казалі, усё было канфідэнцыйна. Калі прыехалі на месца, тады і распавялі ўсім пра гэта.

– Ведаю, што да вас у госці на навагоднія святы прыязджаў сябар, гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў. Ён таксама зʼехаў з краіны і пакуль што ў Кіеве. Як прайшла доўгачаканая сустрэча?

– Усё выдатна прайшло, вельмі хацелася б з усімі сустрэцца і пагутарыць удома ў Беларусі. Але на гэты момант сітуацыя не радасная.

– У Instagram было відэа, дзе Косця выступае ў ролі цырульніка, а ў выніку вы зрабіліся лысым. Што гэта было?

– Косця пажартаваў і падстрыг мяне нагала. Мы не чакалі такога, жонка была ў шоку ад таго, што адбывалася. Атрымліваецца, мы адзін аднаго не так зразумелі. Ужо ўсё нармальна, валасы адрастаюць.

Hавiны
Затрымалі галоўнага трэнера гандбольнага клубу «Віцязь»
2021.06.16 13:38

– Як справы з пандэміяй каронавіруса ў вашым рэгіёне? Ці трэба абавязковая вакцынацыя?

– Так, тут усё вельмі жорстка. Калі я іду трэнавацца, я мушу быць вакцынаваны, таксама патрэбны адмоўны тэст на каронавірус, а тэрмін яго дзеяння – 24 гадзіны. Ні ў якое памяшканне не ўвойдзеш без тэстаў 2G або 2G+, акрамя харчовых крамаў. Усе тэсты робяцца бясплатна.

– Як вам здарэнні, што скаланулі Казахстан? Вам нічога не нагадалі гэтыя падзеі?

– У мяне сябар жыве на ўсходзе Казахстану, у Карагандзе, ён галоўны трэнер па лёгкай атлетыцы, там усё спакойна, з ягоных словаў. Я не магу нечага каментаваць, бо я не ў той краіне і не бачу на свае вочы, што адбываецца. Калі ў Беларусі я валодаў сітуацыяй і бачыў, што адбывалася, дык тут я не магу сказаць, чые гэта палітычныя гульні. Усё складана.

– Ці сочыце за навінамі з радзімы? Вас паўгода ўжо няма, ці змянілася штосьці там, на ваш погляд?

– Так, мы сочым за ўсімі навінамі з краіны. Я пасівеў, пастарэў ад гэтых навінаў, ад несправядлівасці. Калі я зʼехаў з Беларусі, то гэта не значыць, што я пакінуў усё. Я як змагаўся, так і буду змагацца з гэтым рэжымам, буду рабіць усё, што ў маіх сілах на гэты момант і ў гэтай сітуацыі. Шмат нашых сяброў сядзіць у турме. Той жа Саша Івулін сядзіць несправядліва. Нельга складаць рук, трэба настроіцца на барацьбу. Паўтара года мінула, усе стаміліся, усім цяжка, аднак, мяркуючы з таго, як растуць кошты на ўсё ў Беларусі, народу нядоўга засталося трываць гэта ўсё і чакаць пераменаў. На гэты момант кошты ў Нямеччыне на шмат якія харчы меншыя за беларускія. Калі браць чэк з Беларусі на 100 рублёў і перавесці на еўры, дык тыя ж прадукты каштуюць тых жа грошай у Нямеччыне.

– Хутка зімовая Алімпіяда ў Пекіне. Ці будзеце назіраць за выступам беларускіх спартоўцаў? За якімі відамі спорту назіраеце, мо заўзееце за каго?

– Няма часу на прагляд тэлеканалаў. Бывае, «Трибуну» магу паглядзець, пачытаць, «Прессбол» для мяне памёр наагул як крыніца інфармацыі. Сачыць за Алімпіядай буду праз інтэрнэт. Ёсць некалькі сумленных спартоўцаў, за якімі з задавальненнем можна паназіраць, пазаўзець.

– Нядаўна адбыўся непрыемны выпадак з нашымі лыжніцамі Святланай Андрыюк і Дарʼяй Далідовіч. Спартоўкі заявілі, што іх пазбавілі магчымасці браць удзел у спаборніцтвах з палітычных прычынаў. Беларуская федэрацыя лыжных гонак дэзактывавала іхныя індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары ў FIS, неабходныя для ўдзелу. Цяпер у гэтым разбіраюцца. Як вы пракаментуеце?

– Вядома, я сачу за гэтай інфармацыяй. Я вельмі паважаю Далідовіча, ён сам і за свае грошы рыхтуе дзяўчат, а тое, што цяпер адбываецца, – гэта кашмар. Няхай гэта застаецца на сумленні тых, хто гэта робіць. Хоць у іх няма ні сумлення, ні гонару, ім пляваць на ўсіх. Для сваёй карʼеры гатовыя лізаць любыя часткі цела. Гэта нікчэмныя, слабыя людзі, няўпэўненыя ў сабе, якія коштам такой сітуацыі спрабуюць рухацца па карʼернай лесвіцы. Яны цяўкаюць, вякаюць, рэпрэсуюць. Упэўнены ў сабе чалавек гатовы страціць усё, пачне ўсё з нуля – і дакладна ведае, што ўсё атрымаецца.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт разбіраецца з рэпрэсіямі супраць беларускіх лыжніц
2022.01.13 17:13

– Як вы ставіцеся да таго, што ў нашай краіне футбольным клубам забаронена выязджаць на замежныя зборы?

– Калі глядзець на логіку, то міжнародныя зборы патрэбныя. Але калі глядзець з майго гледзішча прафесійнага спартоўца, то яны самі абралі гэтую пазіцыю, падпісваючы праўладныя лісты, выслужваючыся перад незразумела кім. А цяпер яны акунуліся ў рэальнасць, ім паказалі іхнае месца ў грамадстве. І гэта яшчэ раз дае падставу да разваг, роздумаў над сваёй будучыняй. Нават калі вы будзеце на светлым баку, але будзеце маскавацца, то вас усё роўна вылічаць, і вы будзеце сядзець там, дзе сядзіце цяпер, у дупе!

– У новым годзе час загадваць жаданні. Калі ёсць у вас такое, вы можаце ім падзяліцца. Якія вашыя зычэнні ўсім прыхільнікам і ўсім беларусам у новым годзе?

– У мяне адно жаданне, як і ўва ўсяго беларускага народу. Каб Беларусь здабыла свабоду, устала з каленяў, пачала развівацца ў нармальным кірунку, зрабілася цывілізаванаю краінай. Усё, што будзе ад мяне залежаць, я гатовы рабіць. Цішыня – гэта малы кнот, агеньчык, але ён разгарыцца раптоўна, калі будзе ветрык. Ніхто не ведае, што будзе заўтра. Ніхто не ведаў, што мост абваліцца на Нямізе. Добра, што ўначы гэта здарылася, а калі б удзень – на аўтобус ці тралейбус з людзьмі? Нельга падаць духам, трэба рухацца наперад!

М. В. belsat.eu

Стужка навінаў