Фінальная частка міратворчай аперацыі АДКБ у Казахстане цалкам скончылася. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ОДКБ-CSTO» са спасылкай на расейскі тэлеканал НТВ.
У Казахстане адмененыя рэжым надзвычайнага становішча і каменданцкая гадзіна. Аднак у Алматы яшчэ дзейнічаюць блокпасты.
Міратворцы АДКБ былі накіраваныя ў Казахстан 6 студзеня 2022 года. У склад групоўкі ўвайшлі падраздзяленні вайсковых сілаў Расеі, Беларусі, Арменіі, Таджыкістану і Кыргызстану. Беларускія вайскоўцы вярнуліся з Казахстану 14 студзеня.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля з’явіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.
6 студзеня Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану пачаў дасудовае расследаванне дзяржаўнай здрады паводле арт. 175 ч. 1 Крымінальнага кодэксу Казахстану. У гэты ж дзень у краіну пачаўся ўвод войскаў АДКБ.
ГГ, belsat.eu