Прайшоў ператрус у доме Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах


Дзверы ў доме канцлера Вольнага Беларускага Ўніверсітэту Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах апламбаваныя пасля ператрусу. Аб прычынах здарэння ці пра тое, што на яго завялі крымінальную справу, Мілінкевіч не ведае.

Пломбы на дзвярах дому Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах.
Фота: Аляксандр Мілінкевіч

«History repeats itself. Тым больш сённяшняя неаімперская. Акурат 160 гадоў таму губернатар Мураўёў-вешальнік высяляў за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага майго прапрадзеда Юрыя і прадзеда Казіміра Мілінкевічаў разам з усімі жыхарамі засценку Зубрава, што служылі стральцамі і асочнікамі пад Берштамі. Маёмасць аднавяскоўцаў канфіскоўвалі, дамы і зямлю карнікі аддавалі расейскім перасяленцам або палілі.

Старэйшая сястра майго дзядулі, бабуля Крысціна, якая нарадзілася ў 1864 годзе і пражыла амаль 100 гадоў, калі яе пыталі, а што ж за паўстанне тады было, за што змагаліся беларусы, з годнасцю гаварыла: “Яны хацелі справядлівасці і каб жыць па-прóўдзе”», – паведамляе Аляксандр Мілінкевіч.

Суразмоўца нагадвае, што падобных выпадкаў ужо сотні.

«Напэўна гэта робіцца для таго, каб мы баяліся, каб не выступалі, каб стрымлівалі сябе. Дамагчыся гэтага немагчыма. Бо гэта не тыя людзі. Яны прысвяцілі сябе змаганню за незалежнасць і дэмакратыю ў Беларусі і будуць гэта працягваць», – падкрэслівае суразмоўца.

Ніякіх прэтэнзіяў да яго не можа быць, падкрэслівае канцлер ВБУ:

«Я не крымінальнік, жыву па законе. Проста хачу новай Беларусі».

Аляксандр Мілінкевіч цяпер за мяжою. З верасня 2023 года ён пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.

28 лістапада маштабная хваля ператрусаў прайшла ў сябраў Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі.

Каментар
Латушка пра хвалю пагромаў: сілавікі ўзброеныя, арыштоўваюць маёмасць сваякоў актывістаў
2023.11.28 15:13

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў