У Светлагорскім раёне мужчына замяніў дзяржаўны сцяг на ўкраінскі. На яго завялі крымінальную справу


У пасёлку Сасновы Бор Светлагорскага раёну мужчына замяніў беларускі дзяржаўны сцяг на сцяг Украіны. Цяпер супраць 41-гадовага мясцовага жыхара распачалі крымінальную справу, паведамляе выданне «Светлагорскія навіны».

Сцягі Украіны і Беларусі.
Фота: finland.mfa.gov.ua

У Следчым камітэце выданню расказалі, што інцыдэнт адбыўся ўначы з 13 на 14 кастрычніка. Хтосьці перарэзаў дрот з флагштока і зняў сцяг Рэспублікі Беларусь, які выкінуў у кантэйнер непадалёк будынку. Замест яго падняў украінскі сцяг.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце глумлення з дзяржаўнага сцяга паводле арт. 370 КК.

Затрымалі 41-гадовага грамадзяніна Беларусі. Паведамляецца, што раней ён не быў пад судом і ў момант здзяйснення ўчынку быў нецвярозы. У месцы яго жыхарства падчас ператрусу нібыта знайшлі «сімволіку экстрэмісцкай накіраванасці», паведамілі ў сілавым ведамстве.

Вырак у падобнай справе вынеслі ў жніўні гэтага года. У судзе Віцебску 23-гадоваму мясцоваму жыхару прысудзілі 2 гады абмежавання волі за глумленне з дзяржаўнага сцяга. Ён сарваў сцяг, які быў усталяваны на будынку крамы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў