«Жанчыны мусяць знікнуць з публічнага жыцця». Што будзе з правамі жанчын у Афганістане


Тэрыторыя Афганістану амаль цалкам перайшла пад кантроль «Талібану». Замежныя грамадзяне, а таксама тысячы мясцовых жыхароў спешна пакідаюць краіну. На гэтым фоне незаўважанымі застаюцца мясцовыя жанчыны, жыццё якіх цяпер значна пагоршылася. Мы паразмаўлялі з эксперткамі пра тое, як прыход да ўлады радыкалаў адаб’ецца на звычайных грамадзянках Афганістану.

Жанчына ў паранджы цягне прадукты харчавання і іншыя прадметы, якія яна атрымала на месцы размеркавання дапамогі, каб загрузіць у таксі і адвезці назад у часовы лагер бежанцаў. 10 жніўня 2021 года. Кандагар, Афганістан.
Фота: Adam Rountree / Zuma Press / Forum

Новыя ўлады Афганістану паабяцалі дзеяць згодна з законамі шарыяту, і першыя змены ў гэтым напрамку ўжо заўважныя: тэлеканал «Al Arabiya» паведамляе, што ў краіне прынялі пастанову пра асобнае навучанне ў школах хлопцаў і дзяўчат. Эксперты сцвярджаюць, што гэта толькі пачатак кардынальных зменаў у гендарнай палітыцы дзяржавы.

«ГЭТА КАНЕЦ СВЕТУ ДЛЯ ПАЛОВЫ НАСЕЛЬНІЦТВА»

Лектарка еўрапейскага каледжу «Liberal Arts» і гендарная экспертка Алена Агарэлышава мяркуе, што змена ўлады наймацнейшым чынам адабʼецца на становішчы жанчын. І гаворка не столькі пра нормы выгляду, а менавіта пра абсалютную бяспраўнасць паловы насельніцтва краіны:

«Мы бачылі, як Кабул рыхтуюць да прыходу Талібану. Там зафарбоўваюць рэкламу з выявамі жанчын, бо выявы жанчын забароненыя. І я бачу гэта вельмі сімптаматычным, бо, паводле законаў талібаў, жанчыны мусяць у прынцыпе знікнуць з публічнага жыцця. Для іх застанецца толькі біялагічная функцыя – нараджэнне дзяцей, і, магчыма, яшчэ хатняя гаспадарка».

Паводле эксперткі, цяперашні павялічаны попыт на буркі (адзенне, якое цалкам закрывае аблічча) у Афганістане – гэта яскравы паказальнік таго, што жанчыны не маюць магчымасці ратавацца, яны вымушаныя выжываць у новых абставінах.

«Без буркі жанчына не можа нават выйсці з дому, іначай ёй пагражае пакаранне. Бо аблічча жанчыны нібыта правакуе мужчынаў. Жанчына мусіць рухацца і размаўляць ціха, каб не прыцягваць да сябе ўвагі. Акрамя таго, гэта поўная эканамічная залежнасць ад мужчыны».

У «Талібане» практыкуюць збіццё камянямі, адразанне носа, вушэй ды іншыя пашкоджанні цела жанчыны за праступкі, а таксама прымусовыя шлюбы і смяротныя пакаранні. Алена Агарэлышава звяртае ўвагу, што нават на кадрах, дзе людзі ратуюцца ад талібаў у аэрапорце, – збольшага мужчыны:

«Калі задацца пытаннем, а дзе ў гэты час жанчыны, то мы зразумеем, што яны ўдома з дзецьмі, яны не маюць магчымасці ўсё кінуць і ўцякаць. Мужчыны ў гэтым плане больш вольныя. А жанчыны проста застаюцца і чакаюць наступстваў. І гэты попыт на буркі – паказальнік, што ў жанчын няма сродкаў на ратаванне, ім застаецца толькі намагацца выжыць».

Афганская жанчына ў традыцыйнай паранджы праходзіць міма мужчыны і дзіцяці на вуліцы Кабулу за некалькі дзён да таго, як талібы захапілі горад. Кандагар, Афганістан. 8 жніўня 2021 года.
Фота: Adam Rountree / Zuma Press / Forum

Адмыслоўца падкрэслівае, што нават медычная дапамога для жанчын у краіне можа знікнуць праз забарону працаваць:

«Жанчынам не дазваляецца атрымліваць адукацыю. І медычную дапамогу жанчынам мусяць даваць толькі доктаркі. Але як можа такое быць, калі жанчынам забаронена працаваць і вучыцца? У мяне проста няма словаў, каб даць вызначэнне гэтай сітуацыі. Гэта поўная адсутнасць выйсця і амаль канец свету для паловы насельніцтва краіны».

Паводле эксперткі, цяпер мы на свае вочы бачым тое, што апісана ў антыўтопіі «Расповед прыслужніцы», дзе расказваецца, як у краіне ўладу захапіла патрыярхальная рэлігійная супольнасць:

«На жаль, калі недзе чалавек паляцеў у космас, гэта не значыць, што паўсюль на Зямлі людзям стала лепей жыць. На жаль, гэта нашая рэчаіснасць. Афганістан – гэта вельмі балючая гісторыя. Мы бачым, як лёгка за лічаныя дні руйнуюцца ўсе дасягненні, скасоўваюцца ўсе праграмы для абароны правоў жанчын, што і так адбудоўваліся вельмі марудна і з вельмі вялікімі складанасцямі. За гэта асабліва прыкра, што ўсе сацыяльныя змены хутчэй за ўсё будуць скасаваныя».

«УСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ ЎЖО АТРЫМАЛІ ПРЫШЧЭПКУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ»

Феміністка гендарнай групы Каардынацыйнай рады і гендарная экспертка Юлія Міцкевіч таксама лічыць заявы талібаў пра тое, што яны дазволяць жанчынам працаваць і атрымліваць адукацыю, не вартымі даверу:

«Варта згадаць становішча жанчын, калі талібы з 1996 да 2001 года былі ва ўладзе ў Афганістане. Жанчынам тады нельга было вучыцца, выходзіць з дому без суправаджэння родзіча-мужчыны, прычым гэты мужчына мог быць і дзіцём. Нельга было займацца палітыкаю ці публічна выступаць. Таму ўсе заявы варта разглядаць у рэчышчы кейсаў, якія насамрэч будуць адбывацца».

Дзяўчына гуляе са сваім шалікам на вуліцах Кандагару. Многія асцерагаюцца, што гады прагрэсу, дасягнутага ў галіне правоў жанчын, будуць цалкам адмененыя талібамі, уключаючы адукацыю, і доступ да аховы здароўя. Кандагар, Афганістан. 10 жніўня 2021 года.
Фота: Adam Rountree / Zuma Press / Forum

Экспертка падкрэслівае: у краіне ўжо былі выпадкі, калі жанчын выганялі з працы, бо, паводле законаў «Талібану», жанчына мае права працаваць толькі ў жаночым калектыве. Было і такое, што жанчын збівалі камянямі за тое, што яны насілі сандалі.

«Наконт самасуду – гэта складанае пытанне, бо ў грамадстве ўжо адбыўся прагрэс, і яго нельга проста ўзяць і адняць. Але ўсё залежыць ад мясцовых жыхароў, ад тых людзей, якія ўжо атрымалі прышчэпку дэмакратычных каштоўнасцяў, і таго, які рэжым усталюецца. Істотна і тое, наколькі шмат людзей з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і актыўнаю пазіцыяй застануцца ў краіне», – падкрэслівае Юлія Міцкевіч.

Гендарная экспертка мяркуе, што пазбаўленне жанчын правоў будзе адбывацца паступова, не за адзін дзень, але гэта адбудзецца дакладна. Міцкевіч звярнула ўвагу на заяву жанчын Афганістану пра тое, што яны гатовыя змагацца з талібамі са зброяй у руках. Гэта вельмі падобна да працэсаў, што адбыліся летась і працягваюцца ў Беларусі.

«Талібы перакананыя, што жанчыны бездапаможныя і ніколі не возьмуцца за зброю ды будуць пераможаныя. Але адна з дзяўчат заявіла, што калі выпадзе, яны будуць змагацца, пагатоў смерць ад рукі жанчыны баевікі лічаць заганай, яны гэтага баяцца. На фоне леташніх беларускіх пратэстаў я адчула адзінства з афганскімі жанчынамі, якія цяпер заяўляюць, што будуць змагацца і стаяць да канца», – падзялілася сваім бачаннем сітуацыі экспертка.

Жанчыны ў традыцыйных бурках сядзяць з дзецьмі ў часовым лагеры бежанцаў за межамі Кандагару, Афганістан. 10 жніўня 2021 года.
Фота: Adam Rountree / Zuma Press / Forum
  • Рух «Талібан» быў заснаваны ў 1994 годзе. У 1996-м яго войскі ўпершыню захапілі сталіцу краіны Кабул і абвясцілі ўтварэнне Ісламскага эмірату Афганістан.
  • На падкантрольнай талібамі тэрыторыі ўсталяваўся рэжым, заснаваны на строгім выкананні нормаў шарыяту. Пад забаронаю былі тэлебачанне, музыка і музычныя інструменты, выяўленчае мастацтва, алкаголь, кампʼютары ды інтэрнэт. Жанчынам забаранялі працаваць, лячыцца ў дактароў-мужчынаў, зʼяўляцца ў грамадскіх месцах без мужа ці блізкага сваяка-мужчыны, наведваць школы.
  • У кастрычніку 2001 года ЗША разам з хаўруснікамі пачалі антытэрарыстычную аперацыю, у выніку якой рэжым талібаў упаў.
  • У 2014 годзе аперацыя ў Афганістане скончылася, і заходнія саюзнікі пачалі выводзіць свае войскі. Гэтым скарысталіся талібы і аднавілі баявыя дзеянні супраць урадавых войскаў.
  • 15 жніўня 2021 года Кабул другі раз упаў пад ударамі «Талібану».

ВК/МГМ Belsat.eu

Стужка навінаў