«Хопіць усім». «Белдзяржхарчпрам» адрэагаваў на рост попыту на цукар


У нядзелю 17 ліпеня ў крамах Берасця і Пінску беларусы рэзка пачалі скупляць цукар пасля чутак, што ён можа падаражэць амаль удвая, да 4 рублёў з паловай. У «Белдзяржхарчпраме» на такі ажыятаж адказалі, што «хопіць усім», а запас цукру ў Беларусі дазваляе захоўваць на яго ранейшыя цэны.

«Цукровыя заводы поўнасцю гатовыя да сезону масавых нарыхтовак садавінагароднінай сыравіны», – запэўнілі ў канцэрне.

Як заявіў начальнік упраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і замежнагандлёвай дзейнасці канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груца, сёння на складах заводаў ёсць больш за 100 тыс. тон цукру. «Гэты аб’ём з лішкам пакрывае патрэбу ўнутранага рынку да пачатку новага сезону вытворчасці цукру, што пачнецца ўжо ў верасні», – паведаміў ён.

«Сфармаваны запас прадукцыі дае падставы для захавання цяперашніх цэнаў на цукар. А спрыяльныя ўмовы надвор’я дазваляюць экспертам рабіць аптымістычныя прагнозы на новы ўраджай цукровых буракоў. Ужо ў верасні пачнецца сезон перапрацоўвання салодкіх караняплодаў. А значыць, будзе і цукар у краіне», – паабяцаў Груца.

Паводле інфармацыі афіцыйных прафсаюзаў, што займаюцца маніторынгам цэнаў, з пачатку года цукар падаражэў на 48,2 %. Між тым беларускі цукар заўважылі ў супермаркетах акупаванага расейскімі войскамі Мэлітопалю.

Hавiны
Інфляцыя ў Беларусі – амаль 18%. Найбольш падаражэлі нехарчовыя тавары
2022.07.11 22:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў