«У 2014 годзе на Данбасе я дала абяцанне: калі вайна пачнецца ва ўсёй Украіне, вазьму ў рукі зброю і пайду на фронт»


Украінская рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка вайну ўбачыла яшчэ ў 2014 годзе, калі паехала на Данбас здымаць кіно. Там трапіла ў палон да сепаратыстаў. Тады ж паабяцала сабе, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны адкладзе камеру ды пойдзе змагацца за радзіму са зброяй у руках. Цяпер Аліса выконвае гэтае абяцанне ў складзе Украінскай добраахвотніцкай арміі. Удома дзеўчыну чакае 5-гадовы сын. Мы паразмаўлялі з Алісай пра палон, дакументалістыку на лініі фронту, рашэнне ісці ваяваць, страх падчас баёў.

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

«На Майдане насіла алей для кактэйляў Молатава і адначасова здымала»

Аліса ваюе ў складзе 5-га батальёну Украінскай добраахвотніцкай арміі, у другой штурмавой роце. Дзейнасць батальёну каардынуецца Цэнтрам сілавых аперацыяў і ўзгадняецца са Збройнымі сіламі Украіны. Мы датэлефанаваліся да Алісы, калі ейны батальён выконваў баявыя задачаў на ўсходзе Украіны, за 15 кіламетраў ад мяжы з Расеяй. Падчас размовы Аліса падкрэслівае, што сувязь у тых мясцінах забяспечваецца сістэмай «Старлінк».

– Тут няма ні мабільнай сувязі, ні інтэрнэту, так што толькі дзякуючы Ілану Маску мы з вамі цяпер размаўляем, – кажа дзеўчына.

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Аліса – рэжысёрка-дакументалістка. Вучылася ў Інстытуце журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту ім. Тараса Шаўчэнкі, потым у Кіеўскім нацыянальным універсітэце тэатру, кіно і тэлебачання ім. Карпенка-Карага на факультэце кіно. Калі Аліса была на 4-м курсе, пачаўся Майдан.

– Я тады і здымала, і адначасова дапамагала, калі трэба было. Там усе так рабілі – немагчыма заставацца ў баку, трымаць дыстанцыю, калі такое адбываецца з тваёй краінай, – кажа Аліса. – Таму – тут здымаеш, а тут варыш боршч, тут здымаеш, а тут падаеш брук. Я і алей насіла для кактэйляў Молатава, і там жа здымала.

Потым Аліса разам з сяброўкай пайшла вучыцца ў Школу кінарэжысуры Анджэя Вайды. Падчас навучання паўстаў фільм «Аліса ў краіне вайны», які распавядаў пра рэвалюцыю, Майдан, пачатак вайны на Данбасе. Галоўная гераіня стужкі – нашая суразмоўца. Кіно было пакзанае на больш чым 50 міжнародных фестывалях і атрымала тры ўзнагароды як найлепшы фільм.

У палоне пагражалі расстрэлам

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Аліса здымала на Данбасе амаль з самага пачатку баявых дзеянняў. У 2014 годзе трапіла ў палон да сепаратыстаў.

– Гэта быў час рэферэндуму ў Данецку, калі абвесцілі ДНР. Пасля рэферэндуму я паехала ў Славянск да дэсантнікаў, а адтуль зноў вярталася ў Данецк, – прыгадвае Аліса. – На шляху было пяць блокпастоў сепаратыстаў. І на першым жа мяне здаў мой таксовец, сказаў – яна з украінскімі вайскоўцамі. Мяне выцягнулі з машыны, маўляў, у яе красоўкі, як у снайпера, яна снайперка. Білі па нагах і казалі, што калі я не плачу, то дакладна снайперка. Мяне дапытваў расейскі афіцэр, які назваўся кіраўніком контрвыведкі, пагражаў, што мяне расстраляюць, бо я ў іх іду пад расстрэльным артыкулам.

Муж Алісы, французскі журналіст Стэфан Сіаан (Stéphane Siohan), каб вызваліць яе, паехаў да Вячаслава Панамарова – так званага народнага мэра гораду Славянску ў самаабвешчанай ДНР.

– Думаю, што гэта і ўратавала мяне. Хоць Стэфан імкнуўся не падымаць шуміху, але сепаратысты ведалі, што ён – замежны журналіст, і што іншыя мае калегі – таксама замежныя журналісты – ведаюць, дзе я, – кажа Аліса. – А тады сепаратысты яшчэ баяліся негатыўнай інфармацыі ў заходніх медыях, таму мяне не білі. Аднак быў сексуальны гвалт.

У палоне Алісу пратрымалі 5 дзён і потым проста адпусцілі.

«А 5-й гадзіне раніцы патэлефанавала мама і сказала, што ў Кіеў ляцяць ракеты»

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Праз некалькі месяцаў пасля палону рэжысёрка зноў паехала на Данбас – у Пескі, Данецкі аэрапорт – рабіць фільм пра добраахвотнікаў на вайне.

– Я здымала, але паралельна прыглядалася, вучылася трымаць у руках зброю, карыстацца ёй, так атрымлівала досвед, – кажа Аліса. – Пасля палону мяне ўжо мала што палохала, і я дала сабе абяцанне, што калі вайна распаўзецца далей, і трэба будзе абараняць сваю зямлю, я вазьму ў рукі зброю і пайду ваяваць.

Рэжысёрка тлумачыць, што ёй было цяжка ад адчування, што як дакументалістка яна як бы назірае з боку.

– Калі ты здымаеш, то глядзіш на жыццё праз камеру, трымаеш пэўную дыстанцыю. А ў мяне было адчуванне, што я хачу быць у цэнтры гэтага жыцця, а не назіраць за ім, – кажа дзеўчына. – Я разумела, вядома, што важна і рабіць кіно, захоўваць усё, што адбываецца, для памяці, але я дала сабе абяцанне, і цяпер яго выконваю.

Сёлетнюю вайну Аліса таксама сустрэла на Данбасе – зноў здымала там кіно, дакументальную стужку «Экспедыцыя 49» пра жыццё пяцёх падлеткаў на лініі фронту.

– Большасць матэрыялу ўжо была адзнятая, але нам яшчэ патрэбныя былі атмасфера, шумы, можа, яшчэ якія дэталі падзняць. Пачала пагаршацца сітуацыя на Данбасе, там, адкуль трое маіх герояў. І мы з камандай пастанавілі, што трэба ехаць. Я была ў цягніку, калі ўсё пачалося. Са мной у адным купэ ехаў памежнік з Чарнігава. І тут а 5-й гадзіне раніцы і яму, і мне сталі няспынна тэлефанаваць, – прыгадвае Аліса. – Мне мама сказала, што ў Кіеў ляцяць ракеты.

«Па радыё абвяшчалі эвакуацыю, а мы ехалі на лінію фронту»

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Поўнамаштабная вайна стала для рэжысёркі нечаканасцю.

– Я не думала, што будзе такая вайна. Мой муж больш сур’ёзна ўспрымаў. А я думала, што будзе абвастрэнне на Данбасе, што яны будуць браць Запарожжа, Херсон, Прыазоўе, – кажа Аліса. – Але не чакала, што будуць бамбіць Кіеў. У мяне быў шок. Мы з тым памежнікам у купэ не маглі ўцяміць, ці гэта насамрэч з намі цяпер адбываецца.

Гісторыі
«Яшчэ на Майдане зразумела: самае важнае – умець уратаваць жыццё». Размова з валанцёркаю медычнага батальёну
2022.05.12 13:16

На Данбасе Алісу сустрэлі героі ейнага фільму – бацька з сынам.

– Мы паехалі ў іхнае сяло – Залатое ў Луганскай вобласці, – распавядае рэжысёрка. – І вось мы едзем, а па радыё пастаянна паведамляюць: эвакуацыя з Луганскай вобласці. А мы ехалі якраз на лінію фронту. Усё як апакаліпсіс нейкі выглядала.

Нейкі час Аліса прабыла з сям’ёй свайго героя. Сітуацыя пагаршалася.

– Там недалёка ў той час быў мой сябар-бельгіец, Пітэр, таксама рэжысёр. Ён, як і я, здымаў на Данбасе. Ён прапанаваў забраць мяне. Мы разам вельмі прасілі сям’ю маіх герояў эвакуявацца з намі. Але яны вырашылі застацца, – кажа рэжысёрка. – Мы з сябрам тады шмат паездзілі па Данбасе. Паехалі ў Харкаў – адтуль вывезлі дзяўчынку, яшчэ адну маю гераіню. Яна цяпер у Бельгіі, у яе ўсё добра. Пітэр эвакуяваў свайго героя ў інвалідным вазку. Мы яшчэ раз вярталіся да сям’і ў Залатое, зноў угаворвалі іх з’ехаць. Мае ўражанні пачатку вайны, што мы толькі ехалі і ехалі, была нейкая бясконцая дарога.

У ваенкаматах адмовілі двойчы

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце разам са сваім батальёнам.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

У нейкі момант Аліса зразумела, што здымаць больш не можа.

– Двое маіх герояў апынуліся ў акупацыі, іншыя выехалі. Усё вельмі хутка змянялася, маё кіно стала на паўзу, я больш не бачыла, што я магу зрабіць як дакументалістка, – кажа рэжысёрка.

На шосты дзень вайны дзеўчына пайшла ў ваенкамат у Дабраполлі ў Данецкай вобласці.

– Я сказала, што хачу на фронт, чаму там вельмі здзівіліся, – распавядае Аліса. – Са мной крыху пагутарылі, распытвалі, што я ўмею, які ў мяне досвед. Урэшце сказалі, што мне патэлефануюць. Але не патэлефанавалі.

Другі раз рэжысёрка паспрабавала трапіць на фронт у Дняпры, але там у ваенкамаце яе нават слухаць не сталі – сказалі, што без вайсковага білета не возьмуць.

З Данбасу Аліса з сябрам-бельгійцам паехалі да заходняй мяжы Украіны, каб там перадаць героя Пітэра ў інвалідным вазку людзям, якія яго вывезлі з краіны. Потым нашая суразмоўца заехала да сваёй калегі-сяброўкі ва Ужгарад, да якой з Кіева прыехала маці Алісы разам з сынам дзеўчыны – пяцігадовым Тэо. З ім Аліса пабыла два дні і паехала ў Кіеў.

– Я даведалася, што пад Кіевам размяшчаецца камандзір, з якім я была знаёмая з 2014 года і моцна яго паважала. Так я далучылася да людзей, якіх ведала і якім давярала. Магчыма, гэта было ў нечым нерацыянальнае рашэнне, але ў згодзе з сэрцам. Інакш я б не змагла цяпер, – распавядае добраахвотніца.

«Не ведаю, што мусіць адбывацца, каб мне было насамрэч страшна»

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Дзеўчына ў батальёне з 17 красавіка. Паміж першым і другім выездамі на фронт шмат трэнавалася, у тым ліку на палігоне, праходзіла майстар-класы.

– Але найлепш усё засвойваецца на фронце, – зазначае Аліса. – Шмат што ўжо давялося пабачыць. Нашая рота ўдзельнічала ў вызваленні такіх паселішчаў, як Шэстакова, Саракоўка ў Харкаўскай вобласці. Непасрэдна ў бліжнім баі, у якім мне б давялося страляць у чалавека, я пакуль што не ўдзельнічала. Уяўляю, што гэта няпроста, у тым ліку псіхалагічна.

Артыкулы
Дзённік беларуса на вайне: пра веганства, Бучу і сабаку на фронце
2022.04.20 14:38

Аліса кажа, што моцнага страху не адчувае.

– Я ўжо столькі ўсяго прайшла – і абстрэлы, і палон. Таму я цяпер не ведаю, што павінна адбывацца, каб мне было насамрэч страшна, – кажа добраахвотніца. – Але, напрыклад, учора ноччу быў моцны абстрэл, а мы ў маленькай хаце старой. Мы разумелі, што калі гэта ўсё будзе працягвацца, то мы там апынёмся ў брацкай магіле. Напэўна, я тады адчувала нешта накшталт страху.

«Патлумачыла сыну, што іду на вайну дзеля ягонай будучыні»

Аліса Каваленка разам з сынам Тэо.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Сына Аліса не бачыла ўжо два месяцы. Пра тое, што яна едзе на вайну, рэжысёрка адразу распавяла хлопчыку.

– Ён і так шмат ведаў, я яму распавядала пра Данбас, вайну, ён бачыў маё відэа адтуль. Я хацела, каб ён ведаў, чаму я ехала на Данбас і там здымала, – кажа Аліса. – Я яму шмат разоў распавядала, што там страляюць, што Расея напала, тлумачыла простай мовай нейкія геапалітычныя рэчы, максімальна проста, каб ён разумеў.

Аліса казала сыну, што ідзе ваяваць у тым ліку дзеля яго.

– Я тлумачыла, што хачу, каб ён жыў у свабоднай краіне, у якой няма вайны, дзе ён можа развівацца, жыць і радавацца жыццю. І я насамрэч раблю гэта для свайго сына. І гэтая матывацыя мацнейшая за страх, – зазначае добраахвотніца. – Мне шкада, што я не змагу ўзяць удзелу ў выхаванні сына, калі са мной нешта здарыцца, але тут сітуацыя такая, што ты альбо рызыкуеш, альбо нічога не робіш – няма трэцяга шляху. Хтосьці ўсё роўна мусіць змагацца. Калі я баюся менш, чым, магчыма, баяцца іншыя людзі, я магу выкарыстоўваць гэта як моцны бок.

Тэо цяпер у Францыі, разам з бабуляй (маці Алісы) і французскай часткай сям’і. Рашэнне вывезці сына з Украіны Аліса прымала разам з мужам – сужэнцы хацелі, каб дзіця было ў большай бяспецы, разам з роднымі, мела магчымасць хадзіць у школу, бо ва Украіне садкі не працавалі, а таксама каб у бяспецы была мама Алісы.

27 красавіка ў Тэо быў дзень народзінаў. Да яго прыехаў тата.

– Стэфану быў патрэбны адпачынак, бо ён вельмі шмат працаваў як журналіст апошнім часам, пісаў пра Украіну, – зазначае Аліса.

«Запыталася ў мужа – памятаеш абяцанне, якое я дала ў 2014 годзе?»

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Муж Алісы – французскі журналіст Стэфан Сіаан. Пераважна піша для выдання «Libération», але таксама супрацоўнічае з іншымі медыямі, у прыватнасці, з канадскім і бельгійскім радыё.

Аліса і Стэфан пачалі сустракацца яшчэ падчас Майдану. Потым разам былі ў Данецку.

– Муж добра мяне ведае, мае прынцыпы. Але ён вельмі за мяне баяўся, калі я была на Данбасе ў пачатку вайны, што я зноў траплю ў палон і што гэтым разам такіх, як я, будуць забіваць. Таму ён настойваў, каб я тэрмінова выязджала, – кажа рэжысёрка. – Але я яго запытала: ты памятаеш абяцанне, якое я дала ў 2014 годзе? Яму было цяжка, але ён прыняў маё рашэнне.

Аліса плануе заставацца на фронце, пакуль будзе адчуваць, што яна там патрэбная. Аднак дзеўчына не выключае, што ў нейкі момант, напрыклад, калі Украіна пачне паспяховы контрнаступ і справа будзе ісці да перамогі, яна зразумее, што зноў трэба брацца за камеру, і вернецца ў кінадакументалістыку.

– Цяпер вельмі цяжка здымаць дакументальнае кіно, бо там ты мусіш заглыбіцца ў гісторыю героя. А цяпер сітуацыя вельмі хутка змяняецца. Часам я здымаю нейкія ўрыўкі, напрыклад, адзін кадр – акно, нейкія дзеянні, дакументую, каб гэта засталося ў памяці. Але цяпер праца больш для журналістаў. Каб рабіць кіно, патрэбна больш часу, – зазначае рэжысёрка.

Рэжысёрка-дакументалістка Аліса Каваленка на фронце.
Фота: асабісты архіў Алісы Каваленкі

Аліса лічыць, што вайна працягнецца яшчэ як мінімум некалькі месяцаў.

– Калі я толькі пайшла на фронт, то была вельмі аптымістычна настаўленая. Мне падавалася, што яшчэ два месяцы – і мы пераможам, бо Еўропа з намі, увесь свет з намі, – кажа добраахвотніца. – Цяпер бачу, што ўсё зацягваецца. Недзе вайна робіцца пазіцыйнай, недзе мы стараемся рабіць контрнаступ, але ён цяжка ідзе. Мне падаецца, гэта ўсё будзе цягнуцца мінімум некалькі месяцаў. І найбольш складана, я думаю, будзе іх адбіваць на Данбасе. Хоць цяжка рабіць прагнозы, калі ты не разумееш стратэгіі расейскай арміі. Яны робяць нерацыянальныя рэчы, мы не можам зразумець іх логікі. Яны выдыхнуліся, але спрабуюць рабіць наступы, хоць і не вельмі паспяховыя. Вельмі цяжка аналізаваць.

Пасля вайны Аліса Каваленка хоча жыць ва Украіне са сваёй сям’ёй і працягваць здымаць дакументальнае кіно. У першую чаргу – дарабіць фільм, які цягам трох гадоў здымала на Данбасе і працу над якім цяпер спыніла вайна.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў