«Для нас гэта ўжо перамога». Рэжысёрка фільму пра Кацярыну Андрэеву – пра ўдзел у кінафестывалі ў ЗША


Надоечы сталася вядомым, што фільм «Пад шэрым небам» пра палітзняволеную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву трапіў у конкурсную праграму фестывалю «Tribeca». Рэжысёрка Мара Тамковіч кажа, што гэта «цудоўны старт» і «ужо перамога».

Мара Тамковіч падчас здымак серыялу «Працэсы». Варшава, Польшча. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Трапіць на такога кшталту фестываль – можа, нават больш важна, чым на ім штосьці атрымаць, таму што гэта шанец паказаць працу індустрыі, гледачам, знайсці новыя кантакты на далейшы распаўсюд фільму. Трапіць на гэты фестываль для нас – гэта ўжо перамога», – сказала «Белсату» рэжысёрка Мара Тамковіч.

Фільм «Пад шэрым небам» – гэта яе першая поўнаметражная праца. Стужка заснаваная на гісторыі журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), асуджанай у Беларусі на 8 гадоў 3 месяцы зняволення. Раней Тамковіч зняла кароткаметражны фільм «У жывым эфіры» («Na żywo») пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову – іх затрымалі падчас стрыму з так званай плошчы Пераменаў у 2020 годзе.

«Поўнаметражная стужка факусуецца ўжо больш на тым, што адбылося менавіта пасля, на наступствах і на гэтым перыядзе, калі нашая беларуская рэчаіснасць развалілася з хоць нейкай хісткай аўтарытарнай стабільнасці ў таталітарную, задушаную рэпрэсіямі рэчаіснасць», – апавяла рэжысёрка.

Рэжысёрка Мара Тамковіч. Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Яна не чакала, што фільм «Пад шэрым небам» спадабаецца за акіянам і трапіць у конкурс прэстыжнага кінафестывалю «Tribeca», заснаванага Робэртам Дэ Ніра і Джэйн Роўзэнтал.

«У конкурсе міжнароднага гульнявога кіно ўсяго 10 стужак з усяго свету, у лік якіх мы трапілі. Для нас гэта цудоўны старт. Шчыра кажучы, я думала, аналізуючы і будуючы нашую стратэгію прасоўвання фільму, што ён будзе мець большы водгук у Еўропе, што Штаты – гэта такая недасягальная мара, таму мы што мы далёка, таму што, можа, не зразумелы кантэкст, фільм сам па сабе больш еўрапейскага стылю. Але я памылялася», – прызнаецца Тамковіч.

Фестываль пройдзе ў Нью-Ёрку 5–16 чэрвеня.

Рэпартаж
«Але гэта страшная рэч, праўда?» Пабывалі на здымках фільму Мары Тамковіч пра турму і каханне
2023.05.26 14:00

Марына Яновіч, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў