Грузаперавознікі адштурхнуліся ад дна. Белстат адсправаздачыўся аб росце ВУП вышэй за прагноз


У студзені – лютым валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся на 4 % год да года. Эканоміку падштурхнуў найперш гандаль, а ўніз цягнуў IT-сектар. Упершыню за доўгі час выраслі грузавыя зносіны, сведчаць звесткі Белстату.

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: БМЗ_life / Telegram

Улады прагназуюць, што сёлета ВУП у Беларусі павялічыцца на 3,8 %, і за два першыя месяцы года паказнік вырас з апярэджаннем графіку. Паводле Белстату, рост у студзені – лютым склаў 4 % год га года.

У перадавіках – гандаль. Раздробны таваразварот павялічыўся на 12,6 %, агулавы – на 8,1 %. Грамадскае харчаванне паказала рост на 9,2 %.

Таксама вырасла сума, якую пакупнікі штодзень пакідаюць у крамах: 22,4 рубля, калі падзяліць на ўсіх беларусаў. Год таму было 19,3 рубля.

ВУП штурхала і забеспячэнне электраэнергіяй, газам і гарачаю вадою – плюс 10,7 % год да года. Горназдабыўчая прамысловасць вырасла на 6,9 %, апрацоўчая – на 6,8 %. Сельская гаспадарка дадала 5,9 %.

Пасажыразварот павялічыўся на 8,3 %, а лік асобаў, якія скарысталіся паслугамі транспарту, вырас на 6,4 %.

Грузаабарот павялічыўся на 1,6 %, і гэта вялікі поспех. Апошні раз у студзені – лютым паказнік вырас у 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м. Летась грузаабарот упаў год да года на 17,7 %, а ў 2022-м – на 25,4 %.

Пры гэтым ВУП цягнула ўніз будаўніцтва (-0,6 % год да года) і галіна «Інфармацыя і сувязь» (-5,4 %). IT-сектар стагнуе з 2020 года: спачатку адбілася мірная рэвалюцыя, а потым – вайна ва Украіне.

Hавiны
У BEROC мяркуюць, што ўлады Беларусі не здолеюць выканаць прагноз росту ВУП
2024.02.08 20:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў